Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі магілёўскага «Мажэліту» адстаялі свайго кіраўніка. Рашэньне аб звальненьні адклікана


Магілёўскі жэлятынавы завод
Магілёўскі жэлятынавы завод

У Магілёве калектыў ААТ «Мажэліт» абараніў ад звальненьня шматгадовага кіраўніка Вікенція Ермалёнка. Гарантыі таго, што ён застаецца дырэктарам, даў першы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Васіль Акуліч 15 студзеня на сходзе працаўнікоў прадпрыемства.

«Ён застанецца кіраўніком, пакуль у яго будзе магчымасьць выконваць абавязкі», — пераказаў словы чыноўніка адзін з акцыянэраў «Мажэліта».

Як паведаміў суразмоўца, абяцаньня Акуліча аказалася дастаткова, каб зьняць напружанасьць у калектыве, выкліканую намерамі замяніць кіраўніка.

У афіцыйных паведамленьнях гаворыцца, што рашэньне аб зьмене кіраўніцтва прадпрыемства было скасавана пасьля таго, як сытуацыю вывучыў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц. Кіраўнік вобласьці запэўніў Ермалёнка, што той застаецца дырэктарам.

Што адбылося?

Вікенцію Ермалёнку 66 гадоў. 30 зь іх ён кіруе «Мажэлітам».

Пра намер звольніць Ермалёнка і прызначыць новага кіраўніка работнікі і акцыянэры даведаліся з пастановы дзяржаўнага аб’яднаньня «Мясамалпрам». Зь яе вынікала, што Ёрмалёнак мае пакінуць пасаду з 13 студзеня, а на наступны дзень да выкананьня абавязкаў дырэктара павінен прыступіць Генадзь Чорны. Тым часам зь цяперашнім кіраўніком працоўны кантракт падпісаны да 2021 году.

Вікенці Ермалёнак, 2016 год
Вікенці Ермалёнак, 2016 год

Назіральная рада не падтрымала прызначэньня новага дырэктара. Акрамя таго, у падтрымку Ермалёнка было сабрана больш за 200 подпісаў. Паводле падпісантаў звароту, які даслалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, дырэктара зьбіраліся звольніць з парушэньнем заканадаўства. Работнікі настойвалі, што падставаў мяняць кіраўніка не было. «Мажэліт» дае прыбытак, там своечасова выплочваецца заробак.

Што вырабляе «Мажэліт»

Акцыянэрнае таварыства «Мажэліт» — найбуйнейшы вытворца жэлятыну на постсавецкай прасторы. На прадпрыемстве працуе 374 чалавекі. Больш за палову акцыяў належаць работнікам, 48,8% — дзяржаве.

Паводле статуту пытаньні звальненьня кіраўніка вырашае назіральная рада. Інтарэсы дзяржавы ў ёй прадстаўленыя 4 галасамі абʼяднаньня «Мясамалхарч».

Цяпер на «Мажэліце» мадэрнізуюць вытворчасьць, у гэта ўклалі блізу 2 мільёнаў даляраў. Прадпрыемства — адно зь нямногіх у вобласьці, якое працуе з прыбыткам. Яно выступае спонсарам гарадзкіх імпрэзаў і праектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG