Наколькі запатрабаванымі і пасьпяховымі могуць быць дзіцячыя беларускамоўныя часопісы і кнігі? У чым іх прынцыповае адрозьненьне ад расейскамоўных аналягаў? Чым вызначаюцца дзеткі, якіх гадуюць не на творах Барто, Міхалкова і Носава?
Абмяркоўваюць Надзея Кандрусевіч, стваральніца незалежнага выдавецтва «Коска», якое выдае швэдзкія кнігі для дзяцей і падлеткаў па-беларуску, пісьменьніца, перекладніца, намесьніца галоўнага рэдактара часопіса «Дуду» і адна з рэдактарак часопіса «Асьцярожна, дзеці» Наталка Бабіна і Наталка Дзінкель, рэдактарка дзіцячага беларускамоўнага онлайн-часопіса «Жэўжык», які неўзабаве будзе мець папяровую вэрсію.
Сьцісла
- Бабіна: Ісьці ў нагу з часам вымагае ад нас канкурэнцыя. У тым ліку і паміж расейскамоўнымі і беларускамоўнымі выданьнямі. Небясьпечна, калі мы робім беларускамоўнае выданьне, але прайграем у якасьці. Гэта можа не далучыць, а адштурхнуць.
- Кандрусевіч: Ніколі б у выдавецтве «Коска» не выдавалі штосьці кепскай якасьці, з кепскімі ілюстрацыямі, зь няякасным тэкстам і на няякаснай паперы.
- Дзінкель: Беларускамоўны хлопчык кажа: «Ляцелі шэрыя гусі, накідалі белага пуху». А ягоны расейскамоўны сябра: «Сто одёжек, и все без застёжек». Але гэта ўсё роўна дзеткі з адной краіны, і трэба, каб яны любілі і ведалі яе.
«Для дзяцей важна, каб гэта не было нудна»
— Чым адметныя вашыя выданьні, як вы ацэньваеце іх патэнцыйную аўдыторыю ў Беларусі? Хто вашы канкурэнты?
Наталка Бабіна: Дзіцячы часопіс «Дуду» разьлічаны найперш на дашкольнікаў, а аўдыторыя «Асьцярожна, дзеці» — малодшыя школьнікі. Выйшлі пакуль толькі першыя нумары. Выдае часопісы прыватнае прадпрыемства «Суродзічы», тое самае, якое трымае сайт газэты «Наша ніва» і выдае часопіс «Наша гісторыя». Ідэя лунала ў паветры. Дзеці — нашая будучыня, прабачце за банальнасьць, і каб беларускія дзеці расьлі беларускімі, важна, каб яны мелі мажлівасьць чытаць, слухаць менавіта беларускую мову. З гэтага пасылу зьявіліся на сьвет нашыя часопісы. Якую асноўную мэту і задачу ставіць перад сабой рэдакцыя? Гэтыя часопісы найперш для таго, каб дзеці разьвіваліся. А для дзяцей важна, каб гэта не было нудна. Наша задача, каб выданьні былі вясёлымі, цікавымі, будзілі інтрыгу, каб дзеці чакалі іх, каб гэта не было мэтадычна і занадта правільна, каб ва ўсім гэтым была нейкая драбіна нечаканасьці, часьцінка вясёлага, неспадзяванага, акурат такога, як любяць дзеці.
«Няма канкурэнтаў, усе робім адну справу. Вельмі мала якаснага прадукту для дзетак па-беларуску»
Надзея Кандрусевіч: Выдавецтву «Коска» ўвесну будзе два гады. Мы выдаём якасную перакладную літаратуру для дзетак і падлеткаў, За два гады выдалі 10 кніг агульным накладам каля 10000 асобнікаў. У нас некалькі кірункаў:
- Кнігі для самых маленькіх («Крумкач кажа нельга» Юі Вісьляндэр, «Мулан і бабуля» Лены Андэрсан).
- Ілюстраваныя кнігі («Мама Му» і «Крумкач» Юі Вісьляндэр, «Пэтсан і Фіндус» Свэна Нурдквіста).
- Кнігі для самастойнага чытаньня («Ёрдыс» Юі Вісьляндэр, «Маё шчасьлівае жыцьцё» Роўз Лягеркранц).
- Вершы для дзетак («Зьвяры, якіх ніхто ня бачыў, апроч нас» Ульф Старк).
Нядаўна выйшла кніга Сары Люндбэрг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча», гэта кірунак арт-кнігі, вельмі якасна па-мастацку аздобленай, які падыходзіць і для дарослых, што цікавяцца якаснымі кніжнымі ілюстрацыямі.
Нашая аўдыторыя:
- Дзеткі і бацькі зь беларускамоўных сем’яў. Гэта фанаты, якія сочаць за тым, што мы робім, і набываюць кнігі.
- Сучасныя бацькі, якія сочаць за якасьцю кніг для сваіх дзяцей, каб у кнізе было якасна ўсё — ілюстрацыі, тэкст, тэмы.
- Семʼі, у якіх размаўляюць па-расейску, але хочуць, каб дзеці ведалі беларускую мову, якія выбіраюць сучасныя цікавыя тэсты і аўтараў. Часам на прэзэнтацыі бацькі кажуць, што гэта была першая кніга, якую іх дзеці прачыталі па-беларуску. Гэта найвялікшы камплімэнт.
- Семʼі, якія жывуць за мяжой і ня хочуць губляць сувязь зь беларускай мовай.
- Усе, хто цікавіцца мастацтвам, кніжнай ілюстрацыяй.
Няма канкурэнтаў, мы ўсе робім адну справу. У нас вельмі мала якаснага прадукту для дзетак па-беларуску. Мала кніг, часопісаў, мультфільмаў. Трэба, каб было болей, і таму мы адзін аднаму спрыяем, падтрымліваем, каб беларускамоўных прадуктаў стала болей.
«„Жэўжык“ робяць тры матулі беларускамоўных дзетак»
Наталка Дзінкель: Я прадстаўляю онлайн-часопіс «Жэўжык», які робяць цалкам на грамадзкіх асновах тры матулі беларускамоўных дзетак. На гэтым праекце мы нічога не зарабляем, наадварот, самі ўкладаем у справу свой час і сродкі. Такі альтруізм у ХХІ стагодзьдзі можна патлумачыць хіба што бязьмежнай любоўю да беларушчыны, болем за той стан, у якім знаходзіцца наша родная мова, і жаданьнем даць беларускім дзецям тое, чаго яны ня маюць. Вось з гэтых думак і нарадзіўся наш пазнавальна-забаўляльны часопіс для малодшых школьнікаў.
Каманда «Жэўжыка» — гэта я, Наталка Дзінкель (зь Нямеччыны), Марына Кузьмянкова (з Рагачова) і Волька Жарнасек (зь Любчы). Амаль усе нашы стасункі і праца над часопісам адбываюцца празь сеціва. За 2019 год мы зрабілі 4 нумары, выклалі іх бясплатна ў сеціве на старонцы ў «Фэйсбуку». Увесну выйшаў першы нумар, у якім было 20 старонак. Затым часопіс вырас да 32 старонак. Адметнасьць «Жэўжыка» ў тым, што кожны яго нумар тэматычны і тэма раскрываецца ў беларускім сьвятле. Усе забаўкі выключна аўтарскія.
Наша аўдыторыя — беларускамоўныя і расейскамоўныя дзеткі і бацькі, настаўнікі і выхавальнікі, якія хочуць даць сваім гадаванцам веды на роднай мове і разьвіваць у дзяцей навыкі маўленьня, чытаньня, пісьма, лічэньня па-наску. Наконт канкурэнтаў... Давайце будзем рэалістамі: рынак беларускамоўных выданьняў настолькі вузкі і бедны, што пра канкурэнцыю сёньня наўрад ці можна гаварыць. А яшчэ ні мы, ні «НН» ня роўня расейскамоўнай прэсе, якая выходзіць накладамі ў 20 тысяч асобнікаў. Мы, хутчэй, спрабуем ствараць свой адметны нацыянальна-арыентаваны рынак.
«Калі ёсьць канкурэнцыя, будзем рабіць ня так, як можам, а максымальна якасна, як патрабуе рынак»
— Маці траіх дзетак, грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч, падсумоўваючы вынікі году, за пасьлядоўную працу дзеля прасоўваньня беларушчыны назвала мужчынам 2019 году Андрэя Дынько, дзякуючы ініцыятыве якога пасьля часопіса «Наша гісторыя» зьявіліся два беларускамоўныя часопісы для дзяцей. У якой ступені вашая праца — унутраная патрэба, маральны абавязак, а ў якой — бізнэс? І ці магчымая беларускамоўная дзіцячая літаратура, пэрыёдыка як пасьпяховы камэрцыйны прадукт? Альбо гэта тое, што заўсёды будзе патрабаваць падтрымкі?
Наталка Бабіна: Дзяўчаты казалі пра тое, што няма канкурэнцыі. З аднаго боку, я згодная, а з другога хацела б трошкі засьцерагчы ад такога падыходу. Канкурэнцыі ня можа ня быць, і яна будзе. Вельмі папулярнае расейскамоўнае выданьне «Мамино солнышко» з новага году пачало выходзіць у беларускамоўнай вэрсіі «Маміна сонейка». Ня ведаю, які наклад выданьня, але, паколькі размах прысутнічае, напэўна, будзе немалы наклад. Гэта гаворыць пра тое, што бізнэс бачыць пэрспэктыву ў беларускамоўных выданьнях. Вялікае беларускае прыватнае выдавецтва «Харвест» выдала вялікую сэрыю беларускамоўных казак, энцыкляпэдыяў ды іншых дзіцячых кніжак. Канкурэнцыя — рухавік таго, каб нашы выданьні станавіліся ўсё лепей і выходзілі на больш шырокі рынак.
Калі мы гаворым пра нейкую вонкавую падтрымку, то заўсёды існуе спакуса — ёсьць падтрымка, робім, як можам, і ўсё на тым. А калі ёсьць канкурэнцыя, то будзем рабіць ня так, як можам, а максымальна якасна, як патрабуе рынак, каб чытачы і пакупнікі галасавалі за нашы выданьні рублём. Канкурэнцыя ёсьць і будзе ўзмацняцца.
Калі мы будзем гаварыць, што нашая аўдыторыя — толькі тыя, хто зараз выхоўвае сваіх дзяцей па-беларуску, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Мы маем выходзіць за гэтыя рамкі і спрыяць таму, каб далучаліся людзі, які маюць цікавасьць да беларушчыны, у якіх ёсьць генэтычная памяць пра тыя часы, калі беларуская мова была тут асноўнай і галоўнай, каб да нас далучаліся і тыя, якія такой памяці ня маюць, але ўсьведамляюць, што ў Беларусі дзяржаўная мова павінна быць на першым месцы. Адзіны шлях да гэтага — праз вострую і якасную канкурэнцыю.
«„Калядны гном для Фіндуса“ стаў добрым камэрцыйным прадуктам»
Надзея Кандрусевіч: Маё выдавецтва — гэта і ўнутраная патрэба, і маральны абавязак, і бізнэс. Я займаюся перакладам дзіцячых кніг больш за 10 гадоў. Гэта тое, што я люблю і ўмею рабіць, ад чаго атрымліваю задавальненьне. Працу з выдавецтвам я пачала з унутранай патрэбы, і цяпер яна дае мне сілы і адчуваньне, што раблю штосьці патрэбнае. Гэта прыносіць шмат радасьці. Бізнэсу вучуся паступова, пакуль усё раблю сама. Улічваю досьвед, раблю старанна пляны на год, але шмат у чым выдавецтва гэта яшчэ і сацыяльны бізнэс, якому патрэбны час і падтрымка чытачоў.
Ці могуць нашы кнігі стаць пасьпяховым камэрцыйным прадуктам? Пасьля двух гадоў працы магу сказаць, што могуць. Магу назваць добрым камэрцыйным прадуктам апошнюю выдадзеную кнігу «Калядны гном для Фіндуса» Свэна Нурдквіста. Увесь наклад распрадаўся за месяц. Гэта быў вынік вялікай працы і стараннага і грунтоўнага плянаваньня. Ёсьць прыклады, калі кніга, якая прадавалася вельмі добра, выходзіла проста інтуітыўна. Напрыклад, «Мама Му на арэлях», якая выйшла ўлетку. Я вырашыла гэта зрабіць за некалькі тыдняў, проста таму, што іншыя кнігі прадаліся вельмі добра. У мяне былі сродкі, і я вырашыла хуценька гэтыя грошы скарыстаць. І наклад амаль за месяц разышоўся. Трэба быць гнуткімі і рэагаваць на запатрабаванасьць чытачоў.
«Трэба даць дзецям тое, чаго няма: сучаснае цікавае выданьне на роднай мове»
Наталка Дзінкель: «Жэўжык» вырас з унутранай патрэбы нашых дзетак мець такое выданьне па-беларуску. 6-гадовым дзецям проста не было дзе разьвіваць сваё ўменьне пісаць родныя літары. Напрыклад, Вольчын сын пісаў беларускімі літаратарамі ў расейскамоўных крыжаванках. Да гэтага далучаецца і маральны абавязак беларускамоўных бацькоў. Трэба даць дзецям тое, чаго няма: сучаснае цікавае выданьне на роднай мове. Пра бізнэс я гаварыць зусім не магу. Мы з самага пачатку былі сацыяльным праектам і ім пакуль і застаёмся. На свой першы наклад мы цяпер зьбіраем грошы талакою. Я думаю, што пакуль няма належнай фінансавай падтрымкі і палітыкі папулярызацыі, беларускамоўная дзіцячая літаратура і пэрыёдыка — гэта прадукт, што ў дадзены момант патрабуе падтрымкі.
«Калі мы робім беларускамоўнае выданьне і прайграем у якасьці, гэта можа не далучыць, а адштурхнуць»
— У Беларусі ўжо вырасла пакаленьне дзяцей, чые бацькі гадавалі іх па-беларуску і ў беларускамоўным асяродзьдзі. Шмат зрабіла ў гэтай справе Крысьціна Вітушка, якая заснавала сайт «Нашы дзеткі». Як бы вы вызначылі і з вашага досьведу і досьведу іншых, чым адрозьніваюцца дзеці, выгадаваныя не на творах Барто, Маршака ці Міхалкова, а на беларускай і сусьветнай дзіцячай літаратуры па-беларуску?
Наталка Бабіна: Я б тут не дзяліла дзетак, якія гадаваліся на Агніі Барто, і дзетак, якія гадаваліся на беларускай літаратуры. Дзеці па сваёй сутнасьці ўсе аднолькавыя. Мы можам гаварыць пра іншае. Калі мы хочам захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць, то мы павінны ўдзяляць гэтаму ўвагу. Для свайго часу Агнія Барто была надзвычай таленавітай дзіцячай пісьменьніцай. Я ня ўпэўненая, што зараз яе ведаюць.
Наша задача палягае ў тым, каб у беларускім асяродзьдзі вырасталі аўтары, якія будуць роўныя альбо перавешваць узровень таленту Агніі Барто для сучасных беларускіх рэалій. І тут важна, каб нашыя выданьні былі сугучныя нашаму часу, каб яны трошачкі глядзелі наперад, каб дзеці ў іх сутыкаліся не з рэаліямі, апісанымі клясыкамі беларускай літаратуры або той самай Агніяй Барто, бо гэта было даўно, а каб яны бачылі тое жыцьцё, якое бачаць вакол сябе.
Мы ставім задачу максымальна выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі ў нашых часопісах. У нас будуць QR-коды. Будуць музычныя заняткі, на якіх з дапамогай QR-кодаў бацькі змогуць уключаць песьні для дзяцей. У будучыні мы плянуем ня толькі музычныя, але і відэзаняткі. Ісьці ў нагу з часам вымагае ад нас канкурэнцыя. У тым ліку і паміж расейскамоўнымі і беларускамоўнымі выданьнямі. Вельмі небясьпечна, калі мы робім беларускамоўнае выданьне, але прайграем у якасьці. Гэта можа не далучыць, а адштурхнуць. Мы ставім задачу пазьбягаць гэтага.
«Можа быць шмат розных вокнаў, празь якія можна глядзець на гэты сьвет»
Надзея Кандрусевіч: Я працую зь перакладной літаратурай. Гэта як жыць у доме з адным вакном, і жыць у доме, дзе шмат вокнаў. Кожная перакладная кніжка трошкі пашырае погляд на сьвет. Адрозьненьні бацькоў, якія выбіраюць якасную перакладную літаратуру, у тым, што можа быць шмат розных вокнаў, празь якія дзеткам можна глядзець на гэты сьвет. Я бачу, што бацькі, якія набываюць кнігі перакладных аўтараў, не баяцца абмяркоўваць зь дзеткамі складаныя тэмы. Яны больш адкрытыя, хочуць бачыць у кнігах меней маралізатарства, больш цікавых ілюстрацый, якасны тэкст. Усе аўтары, якіх я перакладала, гэта гуманісты, якія выступаюць за агульначалавечыя каштоўнасьці. Таму і бацькі, якія выбіраюць чытаць перакладныя кнігі, таксама выбіраюць агульначалавечыя каштоўнасьці.
«Людзі, якія зь дзяцінства свабодна валодаюць некалькімі мовамі, маюць больш гнуткае мысьленьне»
Наталка Дзінкель: Дзеткі, выгадаваныя на беларускіх фальклёрных і літаратурных творах, безумоўна, адрозьніваюцца ад дзяцей, якія гадуюцца на расейскіх, як і ўсякія дзеці, якія ўзгадаваныя на дзьвюх розных культурах. Мы не абмяжоўваем сваіх дзяцей ад кантактаў з расейскамоўным сьветам вакол. Аднак у прэрагатыве для сямʼі — толькі беларускамоўная літаратура і пэрыёдыка. І як вынік вось такія цікавыя сытуацыі.
Дзеці загадваюць загадкі адно аднаму. Беларускамоўны хлопчык кажа: «Ляцелі шэрыя гусі, накідалі белага пуху». А ягоны расейскамоўны сябра: «100 одежек, и все без застёжек». Ці ў першаклясьнікаў пытаюцца пра любімую казку. Большасьць называе «Калабка», беларускамоўнае дзіця любіць «Оха і Залатую табакерку».
Але і беларускамоўныя і расейскамоўныя — усё роўна дзеткі з адной краіны. І нам трэба, каб яны любілі і ведалі яе. Кожны народ мае сваю спадчыну. Не адно пакаленьне продкаў фармавала і перадало нам у спадчыну мільёны беларускіх слоў, багаты фальклёр, культуру жыцьця. І наш абавязак — перадаць гэты здабытак сваім нашчадкам.
Яшчэ хочацца нагадаць практычным і рацыянальным беларусам, якія бачаць мала сэнсу ў тым, каб дзеці ведалі беларускую мову, вось што. Людзі, якія зь дзяцінства свабодна валодаюць некалькімі мовамі, маюць больш гнуткае мысьленьне, вышэйшую канцэнтрацыю ўвагі, больш разьвітыя агульныя моўныя здольнасьці. Здаецца, што гэта ня самыя горшыя якасьці для маладой асобы, каб удала стартануць у цяперашнім інфармацыйным сьвеце.
«Беларускамоўныя выданьні часта асацыююцца зь вершыкамі-казкамі-апавяданьнямі»
— Якія творы, дзіцячыя часопісы, на якіх гадаваліся самі, вы б ніколі не прапанавалі сваім дзеткам, ці ніколі б ня сталі выдаваць? А што мае застацца?
Наталка Бабіна: Мы зараз знаходзімся ў такім пэрыядзе часу, гісторыі, калі стаіць пытаньне пра тое, ці захаваецца літаратура. Прычым гэтае пытаньне вырашыцца вельмі хутка. Паўстане пытаньне не пра тое, што мы выкапаем зь бібліятэкі з мінулых залежаў, а што мы можам прапанаваць сучаснага і больш цікавага. Мяне больш хвалюе пытаньне, як разьвівацца далей, які сынтэз будзе, літаратуры з чым, ці захаваюцца друкаваныя выданьні, ці яны зьнікнуць увогуле...
Надзея Кандрусевіч: З аднаго боку я раблю ўсё, каб прапаноўваць дзецям якасную, цікавую літаратуру, але надыходзіць момант, калі мой 11-гадовы сын ідзе у бібліятэку і прыносіць стос кніг, сярод якіх ёсьць нейкія дэтэктывы нізкай якасьці. Я лічу нармальным, што дзіцёнак параўноўвае. Гэта дасьць яму магчымасьць самаму зарыентавацца і выбраць кнігі, якія яму бліжэй. Не кажу пра зусім маленькіх дзетак, калі бацькі мусяць выбіраць і сачыць за якасьцю кнігаў.
Ніколі б у «Косцы» не выдавалі кнігаў кепскай якасьці, зь кепскімі ілюстрацыямі, з няякасным тэкстам і на няякаснай паперы. У мяне вельмі вузкая ніша, але я рада, калі бачу, што выдавецтва Янушкевіча выдае кнігі беларускіх народных казак з ілюстрацыямі Славука, якія ўклаў Антон Францішак Брыль.
Наталка Дзінкель: Калі задумалі рабіць свой часопіс, то адштурхоўваліся ад такой думкі: у «Жэўжыку» зусім ня будзе ніякай літаратуры. Бо беларускамоўныя выданьні часта асацыююцца зь вершыкамі-казкамі-апавяданьнямі. Кніжак дзіцячых, дзякуй Богу, цяпер выходзіць нямала. Шмат чаго можна ўзяць у бібліятэцы. Вось чаго сапраўды не хапае, дык гэта пэрыядычных выданьняў па-беларуску з разнастайнымі заданьнямі, экспэрымэнтамі. Што і стараемся папоўніць за кошт «Жэўжыка».
Што плянуецца ў 2020-м у «Косцы», «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду», «Жэўжыку»?
Наталка Бабіна: «Дуду» і «Асьцярожна, дзеці» будуць таўсьцець. Пачалі выходзіць на 16 старонках, у найбліжэйшых плянах — 24 старонкі. У «Дуду» абавязкова будуць сучасныя вершы і казкі, дзе вага слова будзе вельмі высокая. Будзем намагацца, каб там не было нічога прахаднога, лішняга. Там будуць разьвіваючыя заданьні, QR-коды. «Асьцярожна, дзеці» задумвалася, як выданьне-дэтэктыўнае агенцтва, дзе хлопчык і дзяўчынка, іх кот Тормаз, сабака Газ і занадта разумны смартфон дасьледуюць і разьвязваюць розныя задачы і розныя дэтэктыўныя гісторыі. У абодвух выданьнях будуць коміксы і заданьні для разьвіцьця. Яшчэ адна фішка — хімічныя заданьні, якія будуць выходзіць штонумар у «Асьцярожна, дзеці». Пляны, каб трымаць плянку і заваёўваць чытача.
Надзея Кандрусевіч: будзем разьвіваць тое, што пачалі. Чытачоў чакаюць новыя кнігі з сэрыі пра Маму Му і Пэтсана і Фіндуса, працяг «Ёрдыс», пра Дзюнэ, Мулан, новыя кнігі Сары Люндбэрг, новыя аўтары, новыя праекты зь іншымі перакладнікамі. Хачу працягнуць сэрыю з вершамі, новых аўтараў. Нонфікшн для дзяцей (кніга рэцэптаў выйдзе праз месяц). Будзе больш прэзэнтацый, выставаў і сустрэч з чытачамі, бо гэта тое, на што не заўсёды хапае сіл, але што дае найбольш энэргіі і штурхае працягваць працу.
Наталка Дзінкель: Для нас 2020-ы важны ў першую чаргу тым, што мы ўпершыню зьбіраемся пусьціць «Жэўжыка» у друк. Бо ў гэтым ёсьць патрэба нашых чытачоў. І каб часопіс стаў больш даступным дзецям, бо малодшым школьнікам важна мець менавіта друкаванае выданьне. Вельмі прыемна, што нас чытаюць, у нас вераць і ўжо падтрымала нямала людзей. Спадзяемся на іхную далейшую падтрымку, а таксама і на тых, хто адкрые для сябе наш часопіс.