Расея не пастаўляе нафту на беларускія НПЗ з 1 студзеня 2020 году. Свабода разабралася, наколькі ўсё сур’ёзна і што страціць Беларусь.
Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы цяпер працуюць на рэшце сыравіны, бо з 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты. На НПЗ кажуць, што астачы хопіць толькі да сярэдзіны студзеня.
Наколькі ўсё кепска?
Нафтаперапрацоўчая галіна — адна з асноўных крыніц сродкаў для беларускай эканомікі. Беларусь набывае нафту ў Расеі і перапрацоўвае на сваіх НПЗ, пасьля прадае ў краіны ЭЗ і Ўкраіну ў выглядзе нафтапрадуктаў — бэнзін, дыстыляты ды іншае паліва. Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь купіла ў Расеі нафты на 6,8 мільярда даляраў, а прадала нафтапрадуктаў на 12,8 мільярда. Агулам жа ВУП у 2018 годзе склаў каля 60 мільярдаў даляраў.
Калі запасы на беларускіх НПЗ скончацца раней за аднаўленьне паставак, то гэтыя прадпрыемствы чакае прастой і вялікія страты.
Беларускі бок у гэтым канфлікце жорстка таргуецца за цэны на нафту і мае свае аргумэнты. Пра гэта Свабодзе апавядае экспэрт у галіне энэргетыкі Тацяна Манёнак.
«Пастаўкі спыненыя, бо бакі не ўзгаднілі ўмовы паставак. Расейскі бок сьцьвярджае, што ў кожны момант можа ўзнавіць пастаўкі. Беларускі бок даўно таргуецца, каб зьнізіць цэны: пагоршылася якасьць нафты і ў цане закладзена прэмія для расейскіх нафтавых кампаніяў. Гэта каля 10 даляраў ад кожнай пастаўленай тоны. Беларускі бок цанаваўся, каб гэта зьнізіць. Бо гэтая прэмія вызначалася даўно, пры меншай цане».
Колькі страчвае Беларусь?
Пра канкрэтныя страты казаць зарана, бо пастаўкі могуць аднавіцца ў кожны момант. Пакуль для беларускіх НПЗ могуць знайсьці сыравіну на альтэрнатыўных рынках, каб не дапусьціць спыненьня прадпрыемстваў.
«Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты — дадатковы аргумэнт у спрэчцы з Расеяй. Беларусь і Расея дамовіліся аб пастаўках на беларускія НПЗ ў першым квартале 2020 году 5,7 мільёна тон расейскай нафты. Гэта поўная загрузка магутнасьцяў заводаў. Патрэбы спыняць цяпер заводы няма. Пра страты казаць рана, бо нават калі Беларусь цяпер недаатрымае нафты, то гэта можна нагнаць пасьля», — тлумачыць Тацяна Манёнак.
Дзе браць нафту, калі не ў Расеі
У апошнія дні мінулага году Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі нафтахімічнай галіны: не было кантрактаў на пастаўку расейскае нафты. Тады ён даручыў падключыць «альтэрнатыўныя крыніцы». Перш за ўсё ішлося пра пастаўкі сыравіны чыгуначным транспартам з партоў на Балтыйскім моры, а таксама аб залучэньні нафтаправоду «Дружба».
За 10 апошніх гадоў Беларусь набывала нафту ня толькі ў Расеі.
- Напрыклад, у 2017 годзе Беларусь купіла 63 тысячы тон нафтавай сыравіны ў Казахстану. Але ў Расеі тады ж набыла 18 мільёнаў тон.
- У 2016 годзе Беларусь набыла ў Казахстану 44 тысячы тон, але ў Расеі 18 мільёнаў тон.
- У 2012 годзе Беларусь купіла 330 тысяч тон нафты ў Вэнэсуэлы, але ў Расеі 21 мільён тон.
- У 2011 Беларусь паставіла з Вэнэсуэлы 1,3 мільёна тон нафты, з Расеі — 18 мільёнаў. Тады ж паставілі 974 тысячы тон з Азэрбайджану.
- У 2010 у Вэнэсуэле закупілі 1,7 мільёна тон нафты, у Расеі — 12 мільёнаў тон.
«Пастаўкі нафтавай сыравіны з Казахстану — чыгункай, гэта невялікія аб’ёмы. Беларусь заўсёды імпартавала крыху нафтавай сыравіны з Казахстану. Можна пастаўляць нафту з Азэрбайджану, з Вэнэсуэлы. Тэхнічныя магчымасьці ёсьць. Ёсьць магчымасьць паставак з Польшчы і таксама праз балтыйскія парты. Але ж галоўнае — цана гэтых паставак. Пакуль расейская нафта самая танная для Беларусі», — кажа Тацяна Манёнак.
Цяпер на беларускіх НПЗ ідзе мадэрнізацыя, якая дазволіць перапрацоўваць нафту з розных краін. Раней былі спробы пастаўляць нафту з Ірану. Але пакуль не завяршыўся падатковы манэўр у РФ, Беларусь атрымлівае нафту цаною прыкладна 80% ад усясьветнай. Так што цалкам адмовіцца ад расейскай нафты для Беларусі — вельмі складана, упэўненая Тацяна Манёнак.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі