Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне справы аб арганізацыі дамоўленых матчаў. У перадачы незаконных узнагароджаньняў абвінавацілі гульцоў шасьці футбольных клюбаў і аднаго валейбольнага.
Хто абвінавачаны, пра якія матчы і сумы ідзецца, не паведамляюць. Вядома толькі, што ўзнагароджаньні за дамоўленыя загадзя вынікі матчаў перадавалі гульцам футбольных клюбаў:
- «Гомель» (у 2017–19 гадах быў у найвышэйшай лізе, вылецеў у першую);
- «Нафтан» (доўгі час быў у найвышэйшай лізе, але ў 2017-м вылецеў у першую);
- «Ворша» (ад 2014 году ў першай лізе);
- «Ліда» (ад 2012 году ў першай лізе);
- «Хімік» (ад 1998 году ў першай лізе);
- «Нёман-Агра» (гуляе ў другой лізе, заняў у 2019 годзе апошняе месца);
- а таксама валейбольнага клюбу «Камунальнік-Магілёў».
Пра выкрыцьцё дамоўленых матчаў МУС паведамляла ў студзені. «Міжнародную групу» затрымалі на месцы злачынства, трох чалавек зьмясьцілі пад варту. Паведамлялася пра атрыманьне даходаў ад букмэкерскіх кантораў з Заходняй Эўропы і Азіі. Тады «Прэсбол» са спасылкай на ўласныя зьвесткі пісаў, што ідзецца пра футбол і валейбол.