Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі ў калядным пасланьні заклікаў да міру ва Ўкраіне


Папа Рымскі Францішак зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным сьвяточным пасланьнем Urbi et orbi. 25 сьнежня 2019.
Папа Рымскі Францішак зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным сьвяточным пасланьнем Urbi et orbi. 25 сьнежня 2019.

Папа Рымскі Францішак зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным сьвяточным пасланьнем Urbi et orbi ( «Гораду і свету»). Пантыфік сказаў, што сьвету неабходна пусьціць сьвятло Раства ў цемру чалавечых сэрцаў. Менавіта яна, па словах папы, вядзе да рэлігійных перасьледаў, узброеных канфліктаў і страхаў перад мігрантамі.

Акрамя таго, пантыфік у сваім пасланьні заклікаў да міру ва Ўкраіне, на Блізкім Усходзе, у Вэнэсуэле і Афрыцы.

Папа Рымскі падчас імшы. 24 сьнежня 2019.
Папа Рымскі падчас імшы. 24 сьнежня 2019.

Напярэдадні, у Ватыкане, у саборы Сьвятога Пятра Францішак адслужыў калядную імшу. «Нягледзячы на ўсе нашы грахі, Бог працягвае нас любіць. І яго любоў не мяняецца. І гэта той самы падарунак, які чакае нас на сьвята Божага Нараджэньня», — сказаў Францішак.

У розных гарадах сьвету напярэдадні прайшлі сьвяточныя службы. Упершыню больш чым за два стагодзьдзі імшы не было ў Саборы Парыскай Божай Маці. У красавіку ў саборы адбыўся моцны пажар. Паваліліся шпіль, частка даху, але пажарным удалося выратаваць каркас будынку. Калядную службу ў гэтым годзе перанесьлі ў царкву Сен-Жэрмен-л’Осеруа. Яна вядомая тым, што яе званы падалі сыгнал да расправы над гугенотамі ў Варфаламееўскую ноч у шаснаццатым стагодзьдзі.

У Бэтлееме тысячы пілігрымаў сабраліся, каб сустрэць адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў на Ясельнай плошчы, дзе знаходзіцца Храм Нараджэньня Хрыстовага. Разам зь вернікамі на набажэнстве прысутнічалі і чыноўнікі палястынскай адміністрацыі. Ізраільскія ўлады ўвялі паслабленьні на ўезд на тэрыторыю Іерусаліма і на Заходні бераг для палястынцаў-хрысьціянаў з паласы Газа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG