Прапануем вам кароткі агляд выпадкаў міжнародных зьнікненьняў і выкраданьняў (індывідуальных і масавых), якія ў свой час прыцягвалі ўвагу грамадзкасьці ў сваіх краінах і выклікалі міжнародны рэзананс.
Індывідуальныя выпадкі
Джамаль Хашокджы
2 кастрычніка 2018 вядомы саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы зайшоў у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле і больш зь яго не выходзіў. Турэцкія СМІ з самага пачатку заяўлялі, што яго там катавалі і забілі. Пазьней гэта пацьвердзіла і міжнароднае сьледзтва.
Прадстаўнікі Саудаўскай Арабіі доўгі час адмаўлялі гэтую вэрсію, спачатку настойваючы на тым, што Хашокджы пакінуў консульства жывым, а пазьней проста адмаўляючы дачыненьне да яго сьмерці. Але пасьля таго, як турэцкія спэцслужбы заявілі пра існаваньне аўдыёзапісаў праслухоўваньня з консульства, на якім было зафіксавана забойства, саудаўскія ўлады пацьвердзілі, што журналіст быў забіты ўнутры дыпляматычнага будынка. Цела журналіста разрэзалі і вывезьлі са сьмецьцем.
«Я звычайна ўключаю музыку, калі рэжу трупы. Часам у мяне ў руцэ кубак кавы і цыгара. Упершыню ў жыцьці мне давядзецца рэзаць [нябожчыка] проста на падлозе. Нават калі ты мясьнік, ты падвешваеш тушу, каб яе разабраць», — так BBC перадало словы патолягаанатама, які расчляняў цела Хашокджы ў саудаўскім консульстве.
Патрысія Герст (Patricia Hearst)
Патрысія Герст — унучка амэрыканскага мільярдэра і прэсавага магната Ўільяма Рэндальфа Герста. У лютым 1974 году 19-гадовую Патрысію захапіла ва ўнівэрсытэцкім гарадку Бэрклі ў Каліфорніі тэрарыстычная групоўка «Сымбіянісцкая армія вызваленьня». Яна правяла амаль два месяцы ў шафе памерам 2 мэтры на 63 сантымэтры, першыя два тыдні з завязанымі вачыма, першыя некалькі дзён без прыбіральні, з кляпам у роце, ды цярпела фізычны, псыхалягічны і сэксуальны гвалт.
Сям’я пагадзілася на фінансавыя патрабаваньні групоўкі і сабрала грошы на выкуп, але перад самым выкупам тэрарысты абнародавалі аўдыёзапіс, у якім Патрысія заявіла, што ўступіла ў Сымбіянісцкую армію вызваленьня і ня вернецца да сям’і. Потым высьветлілася, што зрабіла яна гэта пад пагрозай забойства.
Разам з тэрарыстамі Патрысія ўзяла ўдзел у абрабаваньні двух банкаў, абстрэле супэрмаркету і захопе закладнікаў. Была схопленая разам зь іншымі ўдзельнікамі групоўкі ў 1975 годзе і атрымала сямігадовы турэмны тэрмін. Дзякуючы ўмяшаньню прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра тэрмін быў скарочаны, а ў 1979 годзе прысуд быў адменены пад ціскам грамадзкай кампаніі падтрымкі яе як для ахвяры тэрору.
Джымі Гофа (Jimmy Hoffa)
Гэта быў амэрыканскі прафсаюзны лідэр, які прапаў 30 ліпеня 1975. Апошні раз бачылі яго на стаянцы каля рэстарану ў прадмесьці Дэтройту, перад гэтым ён пазваніў жонцы і паведаміў, што яго «выставілі». У рэстаране Гофа, як мяркуецца, павінен быў сустрэцца з двума мафіёзі і былымі прафсаюзнымі дзеячамі, але яны ў той дзень знаходзіліся далёка адтуль і пазьней адмаўлялі, што такая сустрэча плянавалася.
У 2004 годзе пісьменьнік Чарлз Брандт апублікаваў дакумэнтальную кнігу I Heard You Paint Houses («Я чуў, ты фарбуеш дамы»), заснаваную на расповедзе Фрэнка Шырана (мянушка: «Ірляндзец»), які быў паплечнікам Гофы ў прафсаюзнай дзейнасьці і адначасова штатным кілерам мафіі. У гэтай кнізе Шыран прызнаецца ў забойстве Гофы. На гэтай кнізе абапіраецца сцэнар фільму Марціна Скарсэзэ «Ірляндзец» (2019). Ролью Гофы выканаў Аль Пачына, а Шырана зайграў Робэрт дэ Ніра.
Альда Мора (Aldo Moro)
Альда Мора — прэм’ер-міністар Італіі ў 1963–1968 гг. і 1974–1976 гг. 16 сакавіка 1976-га ён быў выкрадзены тэрарыстычнай групоўкай Brigate rosse («Чырвоныя брыгады») ў Рыме з машыны, якой ехаў на пасяджэньне парлямэнту. Адно з патрабаваньняў тэрарыстаў датычыла вызваленьня з турмы 13 іхных таварышаў. Італьянскі ўрад не пайшоў на перамовы з тэрарыстамі. 9 траўня 1978-га ў Рыме ў багажніку аўтамашыны, прыпаркаванай у цэнтры гораду, было знойдзенае цела Альда Мора, прадзіраўленае аўтаматнай чэргай.
Георгій Гангадзэ
Георгій Гангадзе — украінскі журналіст грузінскага паходжаньня, заснавальнік і першы галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда». Ён зьнік 16 верасьня 2000. 2 лістапада ў лесе ў Кіеўскай вобласьці быў знойдзены абезгалоўлены труп. Жонка і сябры афіцыйна прызналі ў ім Георгія, ідэнтычнасьць журналіста была таксама была пацьверджаная некалькімі экспэртызамі.
Тагачасны лідэр Сацыялістычнай партыі Ўкраіны Аляксандар Мароз заявіў, што мае аўдыёзапісы, якія паказваюць на дачыненьне вышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны да забойства Гангадзэ. Гэтыя запісы былі зробленыя супрацоўнікам прэзыдэнцкай службы аховы маёрам Мікалаем Мельнічэнкам. Справа Гангадзе моцна пахіснула аўтарытэт тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.
У 2008 годзе за забойства Гангадзэ былі асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі тры былыя супрацоўнікі дэпартамэнту вонкавага назіраньня МУС Украіны. Іх начальнік быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў 2013 годзе.
Масавыя выпадкі
Гішпанія
У 2013 годзе рабочая група праваабаронцаў пры ААН паведаміла ў справаздачы, што ў пэрыяд паміж грамадзянскай вайной Іспаніі (1936–1939) і канцом дыктатуры Франка (1939–1975) у краіне зьніклі прыблізна 114 тысяч чалавек — яны былі выкрадзеныя ўзброенымі групоўкамі, патаемна забітыя, а потым пахаваныя ў нявызначаных месцах. У справаздачы таксама згадваецца сыстэматычнае выкраданьне дзяцей і нованароджаных (лічба такіх выпадкаў ацэньваецца на 30 тысяч), якое працягвалася нават пасьля заканчэньня дыктатуры, у 1970-х і 1980-х гадах.
Аргентына
Ацэньваецца, што ў 1976–1983 гг., калі Аргентынай кіравала вайсковая хунта, у краіне прапалі бязь вестак (былі тайна забітыя) 20–30 тысяч чалавек, якіх хунта лічыла сваімі палітычнымі ці ідэалягічнымі ворагамі. Потым, калі стала магчымае расьсьледаваньне гэтага траўматычнага пэрыяду аргентынскай гісторыі, былі ўстаноўленыя імёны каля 9 тысяч зьніклых бязь зьвестак (desaparecidos). Мяркуецца, што зьніклых забівалі спэцыяльныя эскадроны сьмерці, арганізаваныя хунтай, якія потым скідалі трупы з верталётаў у акіян, каб не заставалася ніякіх сьлядоў пахаваньня.
Мэксыка
Паводле афіцыйных крыніц, у Мэксыцы ў 2016 годзе колькасьць зьніклых бязь зьвестак дасягнула 30 тысяч чалавек. Нацыянальная камісія ў правах чалавека ў Мэксыцы, якая агучыла гэтую лічбу, выказала дапушчэньне, што большасьць зьнікненьняў зьвязаная з гандлем наркотыкамі і крыміналітэтам, які кантралюе гэтую сфэру.