Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На згарэлым расейскім крэйсэры «Адмірал Кузьняцоў» знойдзена цела другога загінулага


Пажар на расейскім крэйсэры-авіяносцы «Адмірал Кузьняцоў», 12 сьнежня 2019 году
Пажар на расейскім крэйсэры-авіяносцы «Адмірал Кузьняцоў», 12 сьнежня 2019 году

Ратавальнікі ўдзень 13 сьнежня знайшлі на згарэлым расейскім крэйсэры «Адмірал Кузьняцоў» цела другога загінулага. Такім чынам, на гэты момант пацьверджана сьмерць двух чалавек, 14 чалавек пацярпелі.

Каля 5-й раніцы 13 сьнежня адкрытае гарэньне было зьліквідавана. Плошча пажару склала 500 кв. мэтраў, паведамілі ТАСС у экстраных службах.

Пажар на авіяносцы «Адмірал Кузьняцоў» здарыўся днём 12 сьнежня.

Як піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, прычынай пажару стала пападаньне зварачнай акаліны на кінутае ў труме сьмецьце. Паколькі адходы збольшага складаліся з праалеенага рызьзя і пілавіньня, якімі выціраюць разьлітыя падчас рамонту змазачныя матэрыялы і распушчальнікі, сьмецьце ўспыхнула імгненна. Хуткаму распаўсюду агню і дыму спрыялі скразьнякі і вэнтыляцыя.

Па факце здарэньня заведзеная крымінальная справа аб парушэньні правілаў бясьпекі.

  • Цяжкі крэйсэр-авіяносец «Адмірал Кузьняцоў» — адзіны авіяносец у складзе расейскага флёту. Ён уведзены ў эксплуатацыю ў 1991 годзе, браў удзел у вайсковай апэрацыі Расеі ў Сырыі. У 2017 годзе, калі крэйсэр вяртаўся з Міжземнага мора, дзе ўдзельнічаў у сырыйскай апэрацыі, адбылася аварыя — ён страціў два зьнішчальнікі пры заходзе на пасадку. Пасьля гэтага «Адмірал Кузьняцоў» прыбыў у Севераморск на рамонт. У 2018 годзе плывучы док, у якім ён рамантаваўся, патануў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG