Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» выпусьціла дзіцячы часопіc, а рэдактарка «Полосатой газеты» лічыць, што ідэю скралі ў яе


Belarus - On Air Kids magazine of Belavia, 12Dec2019
Belarus - On Air Kids magazine of Belavia, 12Dec2019

Сацыяльныя сеткі падтрымліваюць Ганну Граноўскую. Яна напісала ў фэйсбуку, што «Белавія» скарысталася яе ідэяй, зрабіўшы часопіс «OnAir Kids». А што кажа «Белавія»? Пагаварылі з абодвума бакамі канфлікту.

З чаго ўсё пачалося:

Настаўніца пачатковых клясаў, галоўная рэдактарка «Полосатой газеты» Ганна Граноўская піша, што яшчэ ўвесну 2017 году распрацавала канцэпцыю дзіцячага часопіса для кампаніі «Белавія», абгрунтавала, расказала, ў чым «цымус». Схадзіла на прыём да намесьніка генэральнага дырэктара Ігара Чаргінца. Пасьля канцэпцыю перарабіла і ў студзені 2018 году распрацавала новы дакумэнт — «камэрцыйную прапанову».

Ганну Граноўскую накіравалі да галоўнага рэдактара часопіса для дарослых Belavia OnAir Дзьмітрыя Яроты, якому пакінула тэчку са сваімі распрацоўкамі. А пазьней ёй нібыта патлумачылі, што «ёсьць іншыя патрэбы, і ў часопісе ня бачаць сэнсу», піша Ганна ў фэйсбуку.

А напачатку сьнежня авіякампанія «Белавія» выпусьціла дзіцячы часопіс «OnAir Kids» для дзяцей ад 2 да 12 гадоў. Яго бясплатна раздаюць ў самалётах.

Цяпер, калі выйшаў першы нумар «OnAir Kids», Ганна Граноўская лічыць, што яе ідэю скралі, і ў яе «тэчцы ўсё добра вычыталі». Хаця ў камэнтары Радыё Свабода яна кажа, што самога часопіса пакуль ня бачыла, прачытала толькі прэс-рэліз. Пад допісам Ганны Граноўскай — сотня камэнтароў і больш за паўсотні ім падзяліліся. Пераважна абурэньні і спачуваньні.

Кацярына Богнат: «Я ня бачыла тэчкі Ганны, не знаёмая зь ёй. А праектаў і прапановаў было шмат»

Пад допісам Граноўскай ёсьць і камэнтар намесьніка генэральнага дырэктара кампаніі «Белавія» Ігара Чаргінца.

«Наагул гэтая ідэя авіякампаніі існавала яшчэ да нашага з вамі абмеркаваньня. І ідэя ня нашая — падобныя часопісы існуюць у цэлага шэрагу авіяперавозьнікаў. Дарэчы, мы пра гэта з Вамі размаўлялі. І мы выбіралі дастаткова доўга, як і з кім яе ажыцьцявіць. Вырашылі з нашым даўнім партнэрам — OnAir. І не шкадуем».

Шэф-рэдактарка «OnAir Kids» Кацярына Богнат пацьвердзіла, што ідэя наконт дзіцячага часопіса ўзьнікла даўно, праектаў было шмат, а першы варыянт, прапанаваны 2 гады таму, наагул не прынялі.

«Ганна не адзіны чалавек, які прапаноўваў рабіць дзіцячы часопіс. Былі нават іншаземцы, якія таксама прапаноўвалі ідэі і праект дзіцячага выданьня. Я ня бачыла тэчкі Ганны, не знаёмая зь ёй, даведалася пра яе толькі цяпер, калі пачаўся шум. У яе ў допісе ёсьць слова „тэндэр“, але тэндэру насамрэч не было», — сказала Кацярына Богнат.

Прычым усё атрымалася толькі з другой спробы. У лютым 2017 году Вольга Бардзіян, Кацярына Марголь, Дарʼя Бардарык і мастак Сяргей Стальмашонак пачалі рабіць першы прататып, а ў кастрычніку рабілі вёрстку, надрукавалі адзін асобнік. Але той варыянт «Белавія» не прыняла. Кацярына Богнат пераслала ў рэдакцыю скрыншоты перапіскі з кіраўніцтвам, датаванай кастрычнікам 2017 году. І выявы зь першым «адрынутым» варыянтам.

Непрыняты варыят дзіцячага часопісу
Непрыняты варыят дзіцячага часопісу


«А цяпершнім праектам зь вясны 2019 года займаліся я, ілюстратар Аляксандар Максімюк, дызайнэрка і вярстальніца Юлія Сымановіч. Прычым мы ня проста прыйшлі з ідэяй і „падаравалі“ авіякампаніі галаўны боль, як гэта зрабіць, а знайшлі шляхі рэалізацыі праекту. У канцы кастрычніка часопіс ужо пайшоў у друк.

Мне было крыўдна чытаць, што рэдактар „дарослага“ выданьня ня можа зрабіць дзіцячае. Каманда наша падбіралася з улікам таго, што дзіцячае выданьне мае спэцыфіку. У Юліі Сымановіч ёсьць досьвед працы над некамэрцыйнымі дзіцячымі праектамі, яна з адукацыі псыхоляг. Я сама мама, гадую дзіця, чытаю шмат дзіцячай літаратуры. Хоць гэта 16 старонак, там шмат інтэлектуальнай працы. З кожнай новай старонкай заданьні ўскладняюцца згодна з узростам, мы тэставалі на дзецях», — кажа Кацярына Богнат.

Заданьні ў дзіцячым часопісе «Белавіі»
Заданьні ў дзіцячым часопісе «Белавіі»

Яна таксама адзначае, што дзіцячы часопіс «OnAir Kids» надрукаваны і выдадзены за сродкі кампаніі «Рэмарк», якая займаецца паліграфічнай дзейнасьцю і выдае «OnAir» для дарослых. То бок усе фінансавыя абавязаньні і рызыкі кампанія ўзяла на сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG