Свабода вывучыла, як расейскія мэдыя абмяркоўвалі пратэсты ў Менску супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Расеі і Беларусі і перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы.
Адны СМІ крытыкуюць за незгаворлівасьць беларускі ўрад і асабіста Лукашэнку, іншыя бачаць пагрозу Майдану ў Менску.
Regnum: Вялікі стратэгічны выйгрыш Расеі
Аўтар інфармацыйнага агенцтва Regnum Юрый Баранчык канстатуе «першы вялікі і стратэгічны выйгрыш Расеі». На яго думку, афіцыйны Менск ня пойдзе на радыкальны сцэнар зрыву перамоваў у справе паглыбленьня саюзнай інтэграцыі — хай і са скрыпам, але вымушаны ісьці на ўзгадненьне дакумэнтаў. Бо ў іншым выпадку Лукашэнка далучыўся б да калёнаў «нэабандэраўцаў».
«Каб кіраўніцтва Беларусі было супраць паглыбленьня інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы, яно проста не прыехала б у Сочы і хадзіла зь беларускімі нэабандэраўцамі па цэнтры Менску, сьпяваючы рознага кшталту крычалкі. Аднак бандэраўцы — у Менску, а беларускае кіраўніцтва — у Сочы, дзе сумесна з кіраўніцтвам Расеі сумесна шукала разьвязкі складаных пытаньняў паглыбленьня інтэграцыі.
Акрамя таго, Масква выйграла спрэчку ў Менску аб кампэнсацыі за „няякасную нафту“. Вынікі перамоваў прэзыдэнтаў аб памеры кампэнсацыі за „брудную сыравіну“, якая паступала ў рэспубліку ў красавіку, вырашаныя, зыходзячы з расейскага разуменьня яе сутнасьці. Агучаная сума ў памеры 70 млн даляраў сьведчыць, што расейскае бачаньне гэтай праблемы аказалася правільным».
Баранчык нагадвае, што Аляксандар Лукашэнка казаў зусім пра іншыя выдаткі — «на сотні мільёнаў даляраў». Аднак экспэртыза паказала, што гаворка пра такія сумы «не ідзе і ісьці ня можа», адзначае аўтар.
«Коммерсант»: Дар’я «Вышекрыши» і старарэжымны «дыплямат»
Журналісты газэты «Коммерсант» сярод іншага пакпілі з атачэньня беларускага кіраўніка. Частка сочынскага рэпартажу прысьвечаная Дар’і Шманай — супрацоўніцы службы пратаколу, пераможцы аднаго з конкурсаў прыгажосьці.
«Да пачатку паседжаньня расейскія перамоўнікі стаялі каля стала плячом адзін да аднаго, нібы падбадзёрваючы: Дзьмітрый Козак, Антон Сілуанаў, Юрый Ушакоў, Максім Арэшкін, Дзьмітрый Мезенцаў...
І вось у перамоўную раптам уварвалася маладая жанчына ў паліто. Гэта была Дар’я Шманай, памочніца прэзыдэнта Беларусі, якую ён аднойчы вычарпальна ахарактарызаваў: „Дашка — гэта вышэй за дах“. Дарʼя „Вышекрыши“ зьявілася не адна, а са старарэжымным „дыпляматам“, які паставіла на стол перад пустым крэслам і пачала па чарзе выкладваць тэчкі (іх колькасьць прыкладна супадала з колькасьцю нявырашаных пытаньняў), дзьве асадкі, а потым яшчэ і футарал. Усё гэта прызначалася Аляксандру Лукашэнку (так потым і выявілася)».
Мабыць, Дарʼя Шманай сапраўды на даверы ў Лукашэнкі, калі ня толькі ня лічыць патрэбным здымаць паліто ў кампаніі вялікай колькасьці мужчын у гарнітурах і гальштуках, але і носіць дыплямат з футаралам беларускага прэзыдэнта, падсумоўвае выданьне.
«Евразия Daily»: Кіраўнік Беларусі дэманструе слабасьць
Аўтар рэсурсу «Евразия Daily» Дзьмітрый Балкунец у артыкуле «Лукашэнка слабы, ягоная карʼера на захадзе» сьцьвярджае: блякуючы саюзныя пагадненьні, Лукашэнка думае не пра незалежнасьць Беларусі, а выключна пра сябе. Але без падтрымкі Расеі яму не ўтрымацца, піша ён.
«Беларускі сувэрэнітэт трэба чымсьці забясьпечваць, цяпер ён падмацоўваецца фінансавай, палітычнай і энэргетычнай дапамогай з боку Расеі. Лукашэнка крычыць, шуміць, ня хоча пускаць апазыцыю ў парлямэнт, баіцца любых галасоў, якія будуць гучаць ня так, як ён хоча чуць. Гэта ўсё сьведчыць пра ягоную слабасьць, пра захад яго палітычнай карʼеры. І нават калі на сустрэчы 20 сьнежня будуць дасягнутыя нейкія дамоўленасьці, гэта не азначае, што яны будуць выконвацца. Лукашэнка баіцца страціць кантроль за сытуацыяй у краіне, кантроль за фінансавымі плынямі. Ён, вядома ж, да апошняга будзе змагацца за ўладу».
На думку Балкунца, Лукашэнку варта надаваць больш увагі інтарэсам простых грамадзянаў, а ня толькі сваім.
«Завтра»: Канфэдэрацыя на ўзор руска-цюркскага сьвету
У блогу на старонках газэты «Завтра» Аляксандар Разуваеў канстатуе, што «альтэрнатывы адзінай дзяржаве Расеі і Беларусі» папросту няма. Праўда, аўтар прапануе далучыць да гэтай кампаніі яшчэ і Казахстан.
«СССР не існуе ўжо амаль 30 гадоў. Дзеля пераходу да рынку Расея ў свой час „скінула“ рэспублікі. І цяпер можна падвесьці некаторыя вынікі рынкавых і не зусім рынкавых рэформаў на постсавецкай прасторы. Так бы мовіць, прамежкавы лік на таблё. Лідэрамі зьяўляюцца краіны, якія ўтвараюць ядро Эўразійскага саюзу, — Расея, Казахстан і Беларусь. Гэта да пытаньня ўвядзеньня адзінай эўразійскай валюты, а шырэй — эўразійскай інтэграцыі. Канчатковай мэтай павінна быць канфэдэрацыя з адзінай вонкавай і абароннай палітыкай, і, вядома, адзінай валютай. Руска-цюркскі сьвет паводле Гумілёва».
Пры гэтым аналітык прызнае, што эканоміка Казахстану нашмат больш лібэральная, чым «чынавенскі капіталізм» Уладзіміра Пуціна або «рынкавы сацыялізм» Аляксандра Лукашэнкі. Пытаньне толькі ў тым, як падзяліць агульны пірог пры існуючай сацыяльнай няроўнасьці, долі заробкаў у ВУП і г.д.
«Правда»: Большасьць беларусаў за саюзьніцкія адносіны
Газэта «Правда», колішні орган ЦК КПСС, піша пра «беларускіх радыкалаў», якія хочуць паўтарэньня кіеўскага сцэнару. Артыкул так і называецца: «Майдан у Беларусі: нацыяналісты хацелі прарвацца ў Палац рэспублікі». Гаворка пра масавыя акцыі 7-8 сьнежня ў Менску супраць «паглыбленай інтэграцыі».
«У Менску лібэралы і нацыяналісты правялі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Удзельнікі сталі ў „жывы ланцуг“ уздоўж праспэкту Незалежнасьці ад Галоўпаштамта да Белдзяржцырка, а потым прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу і спрабавалі падняцца па прыступкі Палаца Рэспублікі, аднак сілавікі ня дазволілі ім гэтага зрабіць.
Характэрна, што маладыя людзі выкарыстоўвалі „бел-чырвона-белыя“ сьцягі нацыяналістаў, на якіх намаляваны герб Вялікага Княства Літоўскага „Пагоня“. Хоць міліцыя пераконвала людзей разысьціся, бо акцыя пратэсту не была ўзгодненая зь мясцовымі ўладамі, тыя былі настроены радыкальна і не зьбіраліся спыняцца. Скандавалі „Жыве Беларусь“ ды іншыя лёзунгі».
Выданьне расейскіх камуністаў сьцьвярджае: паводле вынікаў дасьледаваньня Цэнтру прасторавага аналізу міжнародных адносін Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў, абсалютная большасьць беларусаў выступаюць за саюзьніцкія адносіны з Расеяй.
«Фонд стратэгічнай культуры»: Нацыяналізм у кіроўных колах
Расейскае інтэрнэт-выданьне «Фонд стратэгічнай культуры» задаецца пытаньнем, чаму беларускія ўлады дазволілі апазыцыянэрам бесьперашкодна «блукаць па Менску».
«Што самае цікавае ў дэманстрацыях 7-8 сьнежня ў Менску? Міліцыя акцыі не разганяла, апазыцыйных лідэраў папярэдне не ізалявалі, як гэта ня раз практыкавалася. Павал Севярынец, адзін з арганізатараў пратэсту, зрабіў выснову, што на гэтым этапе ўлада „сама зацікаўленая ў выступах за незалежнасьць“. Няўжо і сапраўды зацікаўленая ў лёзунгах „This is not integration, this is occupation“? Тады гэта сапраўды „характэрна“.
Пратэстоўцы перадалі ў амбасаду Расеі рэзалюцыю, дзе папярэдзілі краіну, якая „вядзе агрэсію супраць суседзяў, што Беларусь ня пойдзе ні на якія дамовы і што беларусы будуць да канца біцца за сваю незалежнасьць“. Гэта заявіў лідэр руху „Разам“ Вячаслаў Сіўчык. Нядаўна ён езьдзіў у Літву памінаць польскіх мяцежнікаў, якія ўзбунтаваліся супраць Расеі ў 1863–1864 гг. Пра барацьбу з расейскім імпэрыялізмам паўтарае Андрэй Саньнікаў з кампаніі „Эўрапейская Беларусь“. Даўно адыграныя фігуры. Але іх працягваюць ужываць для бачнасьці інфармацыйнай лявіны».
Тым часам сапраўдны беларускі нацыяналізм, які стаў сыстэмным, захапіў беларускія кіроўныя колы і ня мог бы існаваць без наўпроставай падтрымкі прэзыдэнта, ён сьпее, але пакуль асьцярожна трымаецца ў цені, піша аўтар артыкулу Ўладзімір Максіменка.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»