Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мяняць прозьвішча ў шлюбе? Гісторыі Анісім, Бонд, Альперн-Каткоўскай...

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Наколькі запатрабаваная ў сучасным сьвеце зьмена прозьвішча ў шлюбе? Якія тэндэнцыі пераважаюць у Беларусі — браць прозьвішча мужа, кожнаму заставацца на сваім ці ўтвараць падвойнае прозьвішча для абодвух сужэнцаў. Якімі маюць быць прозьвішчы дзяцей? Абмяркоўваем з жанчынамі, чый выбар пакуль ня самы распаўсюджаны ў Беларусі — блогеркай Ганнай Бонд, псыхолягам Дар’яй Альперн-Каткоўскай, журналісткай Ларысай Саенкай. У дыскусіі таксама бяруць удзел дэпутатка, старшыня ТБМ Алена Анісім і кіраўніца «Гендэрнага маршруту» Ірына Саламаціна.

Сьцісла

  • Бонд: Я «адпілавала» кавалак прозьвішча былога мужа Бандарчук і стала Ганнай Бонд. З гэтага моманту я стала моцна разьвівацца самастойна.
  • Альперн-Каткоўская: У майго мужа прыгожае прозьвішча Альперн, шмат ягоных сваякоў загінулі ў віленскім гета. І гэта як памяць пра тых людзей.
  • Саенка: Мой бацька, герой Савецкага Саюзу, пасьля сьмерці сына вельмі хацеў захаваць гісторыю сямʼі. Калі я выхадзіла замуж, са зьдзіўленьнем даведалася, што муж пераходзіць на маё прозьвішча.
  • Анісім: Гэта адна зь беларускіх традыцый, калі жанчына пераходзіць пасьля замужжа на прозьвішча мужа, тым самым дэманструючы адданасьць традыцыям і павагу да сямʼі мужа.
  • Саламаціна: Я замуж выходзіла ў дастаткова сьвядомым узросьце, у мяне не было жаданьня ўзяць прозьвішча мужа, і ён гэты выбар заўсёды падтрымліваў.


«Я ўжо на палове шляху, каб творчы псэўданім Бонд стаў маім прозьвішчам у пашпарце»

— Пераход на прозьвішча мужа — старая патрыярхальная традыцыя, дагэтуль шырока распаўсюджаная ў Беларусі. Сьледуюць ёй з большага таму, што проста так прынята, што так рабілі маці і бабуля. Апошнія дзесяцігодзьдзі ўсё больш жанчын аддаюць перавагу застацца на сваім прозьвішчы альбо ўтвараюць падвойныя прозьвішчы з сужэнцамі. Які ваш досьвед і стаўленьне да зьмены ці ня зьмены прозьвішча?

Ганна Бонд
Ганна Бонд

Ганна Бонд: Гэта перажытак старога грамадзтва, мінулага стагодзьдзя, калі жанчына павінна была перайсьці на прозьвішча мужа. Мы рухаемся наперад, у нашае жыцьцё ўсё больш прыходзіць заходняя, эўрапейская мадэль. Я выступаю за тое, каб жанчыны заставалася на сваім прозьвішчы ці брала падвоенае прозьвішча, альбо разьвівала свой асабісты брэнд, як гэта атрымалася ў мяне. У мяне дастаткова сымпатычнае прозьвішча ад былога мужа — Бандарчук. Мне яно падабалася, хаця ў маёй сямʼі таксама прыгожыя прозьвішчы — Каваленка, Бельскія, Моніч, Мітэльман.

Калі я вырашыла разьвівацца самастойна, то захацела, каб не было асацыяцый з дастаткова пасьпяховай сямʼёй Бандарчук. І я падумала пра тое, каб узяць псэўданім псэўданім. Атрымалася вельмі ўдала — я проста «адпілавала» кавалак прозьвішча Бандарчук і стала Ганнай Бонд. Імя і прозьвішча ўплывае на лёс, я гэта заўважыла па энэргетыцы, па карме. З таго моманту я стала моцна разьвівацца самастойна без дапамогі мужа і яго прозьвішча. Гэта паўплывала на мой лёс адназначна. Паводле пашпарту я яшчэ застаюся Бандарчук, але я ўжо на палове шляху да таго, каб творчы псэўданім стаў маім прозьвішчам у пашпарце.

«У мяне рамантычнае стаўленьне да прозьвішчаў — гэта гісторыя сямʼі»

Дар'я Альперн-Каткоўская
Дар'я Альперн-Каткоўская

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Спачатку я была проста Каткоўская і не зьбіралася мяняць сваё прозьвішча. Я люблю, калі да мяне зьвяртаюцца па прозьвішчы, хаця шмат людзей ня вельмі прыязна да гэтага ставяцца. Яно мне падаецца страшна мілагучным. І таму ў першым шлюбе я не мяняла прозьвішча. Я была гатовая ўзяць падвоенае і ў першым шлюбе, але 16 гадоў таму паводле беларускага заканадаўства падвойнае прозьвішча маглі ўзяць толькі абодва сужэнцы. А мой былы муж ня быў гатовы ўзяць падвойнае прозьвішча, і я магу яго таксама зразумець.

Калі я выходзіла замуж другі раз, ідэя падвойнага прозьвішча заставалася. Тады ўжо можна па законе браць падвойнае прозьвішча, нягледзячы на тое, што вырашыў муж. У мяне рамантычнае стаўленьне да прозьвішчаў, гэта — гісторыя сямʼі, back to the roots. Калі два прозьвішчы абʼядноўваюцца ў адным чалавеку, нібы зьліваюцца дзьве ракі. У майго мужа таксама прыгожае прозьвішча Альперн. Шмат ягоных сваякоў загінулі падчас Катастрофы ў віленскім гета. Важна, каб больш людзей з такім прозьвішчам зьяўляліся на беларускай зямлі. І гэта як памяць пра тых людзей.

«Нарадзіўся першы ўнук, і ён — Саенка. Так што жаданьне бацькі я выканала»

Ларыса Саенка
Ларыса Саенка

Ларыса Саенка: Саенка — простае, расьпеўнае прозьвішча. Я ня толькі захавала сваё прозьвішча, больш за тое — мой муж узяў маё прозьвішча. Гэта адбылося не таму, што ў яго было непрыгожае прозьвішча, якое ён хацеў схаваць. Адыграла ролю сямейная гісторыя. У майго бацькі, генэрала, героя Савецкага Саюзу, засталіся адны дзяўчынкі ў сямʼі пасьля таго, як адзіны сын загінуў у 13 гадоў, выратоўваючы тонучага сябра (яны абодва загінулі). Для бацькі было вельмі важна захаваць гісторыю сямʼі і канкрэтна гэтае прозьвішча. Ён нават не дзяліўся са мной, але марыў пра гэта ў глыбіні душы.

Калі выхадзіла замуж (мне было крыху болей за 18 гадоў), я раптам са зьдзіўленьнем даведалася, што муж пераходзіць на маё прозьвішча. Не таму, што я хацела даказаць, што маё, жаночае, будзе дамінаваць, а таму, што мой тата правёў перамовы зь ім і ягонай сямʼёй, і яны пагадзіліся, што Саенка павінны жыць. Цяпер з мужам мы разьвяліся, і ён кажа, што трэба было тады яму браць падвойнае прозьвішча. У мяне дзьве дачкі, яны захоўваюць маё прозьвішча. Цяпер нарадзіўся першы ўнук, і ён — Саенка. Так што жаданьне майго бацькі я выканала.

«Я выхаваная ў такіх традыцыях, што жанчына, калі выходзіць замуж, зьмяняе прозьвішча»

Алена Анісім
Алена Анісім

Алена Анісім: Маё дзявочае прозьвішча — Амельчыц. Яно мне вельмі падабалася і тым, што яно дастаткова мілагучнае, і тым, што яно пачыналася на А, такім чынам заўсёды выштурхоўвала наперад, прывучала, што трэба быць у жыцьці ў першых шэрагах. Сваё прозьвішча я шанавала, тым ня менш, я выхаваная ў такіх традыцыях, што жанчына, калі выходзіць замуж, зьмяняе сваё прозьвішча. Так і мая мама зьмяніла сваё прыгожае прозьвішча Красаўцава. Гэта адна з нашых традыцый, у тым ліку беларускіх, калі жанчына пераходзіць пасьля замужжа на прозьвішча мужа, тым самым дэманструючы пэўную адданасьць традыцыям, у той жа час павагу да сямʼі мужа, і такім чынам таксама і дзецям гэта перадае. І для кожнага мужчыны гэта таксама важна, што менавіта праз прозьвішча працягваецца лінія роду.

Мая цётка вельмі перажывала з той прычыны, што ў мамы іх было шасьцёра дачок, і гэтае прозьвішча ні ў каго не захавалася, таму што кожная з дачок, выйшаўшы замуж, перайшла на прозьвішча мужа і такім чынам гэты род і згубіўся. Ёсьць тонкія нюансы. Я разумею, што калі жанчына, зыходзячы з таго, што яна можа стаць прадаўжальніцай роду ня толькі па сваёй біялягічнай функцыі, але калі яна таксама застанецца на прозьвішчы свайго бацькі, тым самым ня дасьць загінуць такой лініі.

«Людзей, якія бяруць падвойнае прозьвішча, дастаткова мала. На тысячу ўсяго 2-3 чалавекі»

Ірына Саламаціна
Ірына Саламаціна

Ірына Саламаціна: Магчымасьць памяняць прозьвішча ў грамадзянаў зьявілася ў нашым рэгіёне ў 1918 годзе. Гэта быў адзін зь першых дэкрэтаў савецкай улады, які называўся «Декрет о праве граждан изменять свои фамилии и прозвища». Былі толькі абмежаваньні, калі ў пасьлярэвалюцыйныя гады нельга было браць прозьвішча царскай сямʼі. Цяпер такіх абмежаваньняў няма, усё дастаткова гібка. І ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія мяняюць прозьвішчы, імёны ці імёны па бацьку.

Людзей, якія бяруць падвойнае прозьвішча, дастаткова мала. На тысячу ўсяго 2-3 чалавекі. Ёсьць пэўныя абмежаваньні — трэба, каб двое сужэнцаў былі згодныя ўзяць падвойнае прозьвішча. Я замуж выходзіла ў дастаткова сьвядомым узросьце, і ў мяне не было жаданьня ўзяць прозьвішча мужа. Я выйшла замуж у 1996 годзе, і з таго часу мы з мужам кожны на сваім прозьвішчы. У нас былі жарты, калі зьявілася дзіця, чыё прозьвішча даць. Я заўсёды хацела захаваць сваё прозьвішча, і муж гэты выбар заўсёды падтрымліваў. Я ў той час я шмат кантактавала з калегамі з Эўропы, дзе ўсё вельмі гнутка ў гэтым пляне. Традыцыя, калі жанчына захоўвае сваё прозьвішча, цалкам нармальная.

«Мой сын актыўна задзейнічаў мой творчы псэўданім. Цяпер ён Ігнат Бонд»

— На маю просьбу ў фб-суполцы «Толькі жанчыны» шмат жанчын распавялі сваю гісторыю зьмены ці ня зьмены прозьвішча ў шлюбе. Вось допіс Марыі Каленьнікавай: «Не мяняла прозьвішча, калі 18 гадоў таму выходзіла замуж, паколькі не падабалася прозьвішча мужа, вучыліся разам і баялася „згубіцца“. Мяне добра ведалі па майму прозьвішчу ва ўнівэры, некаторыя дзеда майго ведалі. Цяпер дзеці носяць прозьвішча бацькі, але ўсё часьцей, напрыклад, сярэдні сын, задаецца пытаньнем зьмены прозьвішча на маё, паколькі ёсьць вялікая крыўда на бацьку. Дачка ў замужжы можа зьмяніць. Малодшаму пакуль усё роўна, будзе 14 гадоў, сам вырашыць як паступіць. Але я таксама не хачу, каб дзеці насілі прозьвішча бацькі, які зрабіў шмат зла дзецям і маці яго дзяцей... (але тады род мужа спыніцца па прозьвішчы)». У гэтым кантэксьце я хацела б запытацца пра вашую пазыцыю, што да прозьвішча дзяцей, пра права маці, бацькі, бацькоў на прозьвішча.

Ганна Бонд: У нас у сямʼі тры дзяўчыны. Дзядуля перажываў, што зьнікне прозьвішча. На шчасьце, малодшая сястра дала сыну дзядуліна прозьвішча Каваленка. Для яго гэта было вельмі важна. Мой сын вельмі актыўна задзейнічаў мой творчы псэўданім. Цяпер ён Ігнат Бонд, так сябе пазыцыянуе, так у Інстаграме зарэгістраваны. Ён не карыстаецца сваім прозьвішчам Бандарчук. Творчы псэўданім, які замацаваўся за мной вельмі грунтоўна, цяпер эксплюатуе мой сын. Ці будзе так надалей, час пакажа.

«Калі яшчэ будуць дзеці, мы плянуем таксама даць падвойнае прозьвішча»

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Мой бацька быў адзіным хлопцам сярод трох дзяцей. Ягоныя сёстры выйшлі замуж і зьмянілі прозьвішча, і больш не было людзей з прозьвішчам Каткоўскі. У маіх бацькоў было двое дзяцей — я і мой брат. Калі я была цяжарная старэйшым сынам Алесем, брат трапіў у жорсткую аварыю. Было зразумела, што ён ня выжыве. Я ведала, што я адзіная, хто застаецца з такім прозьвішчам. Калі нарадзіўся сын, я прасіла мужа зарэгістраваць яго на прозьвішча Каткоўскі, бо гэта быў бы працяг. У мужа ўжо была дачка зь ягоным прозьвішчам, і мы так дамовіліся. Але ён перадумаў, калі паехаў рэгістраваць сына. А я была дома з нованароджаным дзіцем. Ён зарэгістраваў яго на сваё прозьвішча. Тады для мяне гэта была сапраўды крыўда. Зараз я да гэтага стаўлюся па-філязофску.

Дар'я Каткоўская зь сям'ёй
Дар'я Каткоўская зь сям'ёй

Алесь носіць бацькава прозьвішча. Я расказвала яму гэтую гісторыю і сказала, што мне было б прыемна, каб ты перайшоў на маё прозьвішча. Сын сказаў, што на маё не пяройдзе, хаця яно і кляснае. Зь дзяцінства ў нас быў жарт. Калі ён дрэнна размаўляў, называў мяне Какоска, бо так вымаўляў Каткоўская. Цяпер кажа, што на Какоску не пяройдзе. Мы жывем у Ізраілі, і ягонае прозьвішча Крэбс мае своеасаблівасьці пісьма і чытаньня на іўрыце, большасьць людзей чытае ягонае прозьвішча як Карбас. Калі сыну будзе 18 гадоў і ён будзе атрымліваць першы дарослы дакумэнт, то, магчыма, ён возьме прозьвішча бацькі мужа (у яго прыгожае габрэйскае прозьвішча). Гэта таксама ягоны выбар.

Мой другі сын, які нарадзіўся ў Вільні, носіць падвойнае прозьвішча Альперн-Каткоўскі. Мой муж вельмі падтрымлівае ідэю, каб маё прозьвішча захавалася. Калі ў нас яшчэ будуць дзеці, мы таксама плянуем даць падвойнае прозьвішча. У Ізраілі гэта нармальная практыка, тут значна болей людзей, чым у Беларусі, носіць падвойнае прозьвішча. Хаця апошнія год-два, калі патрэбныя хуткія зносіны зь нейкай бюракратыяй, я выкарыстоўваю прозьвішча Альперн, таму што яно на А, і карацейшае. Але ў сэрцы насамрэч я Каткоўская.

«А якія прозьвішчы будуць мець нашчадкі людзей з падвойнымі прозьвішчамі?»

Ларыса Саенка: У мяне ёсьць сяброўка, якая дала дзецям сваё прозьвішча, а ня мужа. Муж пагадзіўся, бо яе прозьвішча больш прыгожа гучала. Мая пляменьніца Дзьмітрыева-Лаўрыновіч — таксама з падвойным прозьвішчам, хаця і не Саенка. Паколькі я практычны чалавек, то думаю, а як далей, якія прозьвішчы будуць мець нашчадкі людзей з падвойнымі прозьвішчамі Умоўна кажучы, Дранько-Майсюк ажаніўся з Кутузавай-Задунайскай. Іх дзіцяці, праўдападобна, давядзецца нейкае адно імя выбраць. Але выбар гэта заўсёды лепш, чым яго адсутнасьць.

«Зь Беларусі не змаглі выехаць 700 чалавек. Іх ня выпусьцілі, бо яны зьмянілі прозьвішчы»

Ірына Саламаціна: Калі нараджаюцца дзеці, звычайна за іх прымаюцца рашэньні, на чыім прозьвішчы ім быць. Статыстыка паказвае, што цяпер шмат зваротаў у ЗАГСы зьвязаныя з тым, што вялізарная колькасьць маладых людзей зьвяртаюцца з просьбай памяняць імя ці прозьвішча. Гэта гаворыць пра тое, што маладыя людзі экспэрымэнтуюць. Ігнат Бонд — цікавы прыклад. Значыць, у маладых людзей ёсьць для патрэба адасобіцца ад сямʼі, стаць самастойным, узяць псэўданім. Для мяне цікава, не чаму мяняюць, на падвойнае ці не падвойнае, а чаму маладыя людзі хочуць узяць чужое прозьвішча.

Паўгоду таму была інфармацыя, што зь Беларусі проста не змаглі выехаць 700 чалавек, таму што на прапускным пункце іх не выпусьцілі, бо яны зьмянілі прозьвішчы. Калі мы мяняем прозьвішча (шлюб, развод ці нешта іншае), то пашпарт са старымі дадзенымі дзейнічае адзін месяц, і пасьля ён перастае быць сапраўдным, няважна ёсьць там візы ці не. Але сам факт павялічэньня колькасьці людзей, якая мяняюць прозьвішча, відавочны.

Алена Анісім: Мае трое сыноў усе на бацькавым прозьвішчы, усе яны адпаведна Анісім. Унучка мая мае такое ж прозьвішча, мая нявестка ўзяла прозьвішча мужа, і таму мы зь ёй нейкім чынам пераклікаемся. Я — Алена Анісім, яна — Алёна Анісім.

«Як назавеш, так карабель і паплыве»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— «Як вы лодку назавяце, так яна і паплыве». Перафразуючы фразу зь вядомага савецкага мульціка, як бы адказалі, наколькі прозьвішча можа вызначаць лёс, ідэнтычнасьць, сутнасьць чалавека. Ці гэта толькі фармальны бок, і галоўнае хто ты і якія адносіны насамрэч?

Ганна Бонд: Канечне, мяняе. Калі ў нас нарадзіўся сын Ігнат, некалькі месяцаў ён быў Мікітам. Потым я бачу, што ніякі гэта не Мікіта Сяргеевіч Бандарчук. Ігнат яму вельмі пасавала. Нават у мэдычнай картцы засталося перакрэсьленае імя Мікіта, і напісанае наверсе Ігнат. Імя шмат што закладае. У мяне было прынцыповае пытаньне не называць сына мяккім імем, бо яно і на характар накладае адбітак. У мяне старэйшая сястра Маша, дык яна Машанька ўсё жыцьцё. Як назавеш, так карабель і паплыве. Што тычыцца майго творчага псэўданіму Ганна Бонд, то ён мне заклаў характар, сілу прыдаў. З таго моманту, як я стала разьвівацца як Ганна Бонд, мой лёс заіграў зусім інакш.

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Стаўленьне да прозьвішча — даволі інтымнае перажываньне. Імя мы не выбіраем, яго выбіраюць бацькі, а прозьвішча, як быццам бы, рэч, якая можа неяк трансфармаваць наша жыцьцё. Ня ў тым сэнсе, што гэта нейкая наканаванасьць і магія літараў, а хутчэй нейкая ўнутраная адпаведнасьць таму, хто я, што я, дзе я, пра што я, чаму жыву.

Ларыса Саенка: Мы ведаем паходжаньне нашай сямʼі з 1887 году, калі мае продкі паехалі на пакарэньне Сібіры з Курскай губэрні. Мой дзед апісаў у дзёньніках тры папярэднія пакаленьні. Адпаведна, я ведаю, што мяне трэба апісаць таксама некалькі пакаленьняў. Яны ўсе — Саенка. А я ўвогуле заўсёды хацела быць Румянцавай па маці. Мне хацелася б быць Сьветачкай Румянцавай. Я б напэўна хадзіла ў карункавых манжэтах і была зусім іншым чалавекам. Але я Саенка, вось так.

«Гэта сьведчаньне новай шляхетнасьці»

Алена Анісім: Сёньня мы бачым тэндэнцыю, што многія маюць два прозьвішчы. Не адракаюцца ад свайго бацькоўскага, але ў той жа час такую павагу да бацькоў свайго мужа паказваюць праз падвоенае прозьвішча. Гэта таксама сьведчаньне новай шляхетнасьці. З другога боку гэта і паказчык таго, што вельмі часта жанчыны яшчэ да замужжа дасягаюць шмат чаго ў жыцьці, таму як асобу іх ведаюць пад дзявочым прозьвішчам. Тэндэнцыі розныя, і я дэмакратычна стаўлюся да ўсяго, але сама я прыхільніца такой больш кансэрватыўнай традыцыі.

Ірына Саламаціна: Бюракратыя рэагуе на запыты грамадзтва. У лютым 2019 году набыла моц пастанова, якае паскарае працэс зьмены прозьвішча, але там таксама ёсьць пэўныя нюансы. Ёсьць магчымасьць мяняць прозьвішча, і гэта сьведчыць пра тое, што важна, як чалавек адчувае, як сам сябе называе. У Венскай акадэміі цяпер, каб прэтэндаваць на пазыцыю прафэсара, просяць прынесьці пасьведчаньне аб нараджэньні, каб ведаць прозьвішча, зь якім нарадзіўся. Інстытуцыі ня хочуць несьці адказнасьць за тое, што мог чалавек зрабіць раней у жыцьці, а потым хаваць, зьмяніўшы прозьвішча. У любым выпадку бюракратыя нас перасьледуе. А калі мы выбіраем прозьвішчы і імёны, зь якімі нам камфортна, ня трэба забывацца пра бюракратычную частку і пісьменна гэта афармляць, каб не ўскладняць жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG