Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне беларуса пакаралі штрафам за спробу правезьці праз мяжу марыхуану


Ілюстрацыйнае фота. Куст канабісу
Ілюстрацыйнае фота. Куст канабісу

Рэпкаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці аштрафаваў грамадзяніна Беларусі за спробу перамясьціць з Украіны ў Беларусь 0,56 грама канабісу.

Як адзначалася на судовым пасяджэньні, беларус, які працуе шэф-кухарам у адным зь менскіх рэстаранаў, схаваў пакунак з наркатычным рэчывам у шкарпэтку. Марыхуану выявіў службовы сабака ўкраінскіх памежнікаў.

Пасьля выяўленьня марыхуаны беларуса не затрымлівалі і не арыштоўвалі (як, напрыклад, у выпадку зь беларускім журналістам Уладзімерам Чудзянцовым, якога затрымалі ў цягніку на дарозе ў Варшаву зь нібыта 0,87 грама марыхуаны).

Паводле ўкраінскага заканадаўства, беларусу пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці, але суд улічыў невялікую колькасьць сканфіскаванага наркатычнага рэчыва, актыўную супрацу са сьледзтвам, прызнаньне віны, брак нарказалежнасьці і намераў прадаваць марыхуану ў Беларусі. Зыходзячы з гэтага, суд прызначыў беларусу штраф у 20,4 тысячы грыўні (прыблізна 1,6 тысяч беларускіх рублёў).

Што пагражала б за гэта ў Беларусі

У Беларусі за такое правапарушэньне прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з штрафам або безь яго.

Як сказаў грамадзянін Беларусі ў часе судовага пасяджэньня, марыхуанай яго «пачаставала» незнаёмка, калі той са сваёй дзяўчынай сьвяткаваў у Кіеве свой дзень нараджэньня. Менавіта гэты «пачастунак» ён і спрабаваў вывезьці ў Беларусь. Яго абвінавачвалі паводле часткі 2 артыкулу 305 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб кантрабандзе наркатычных рэчываў — аналягу артыкулу 328/1 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, асуджаных у Беларусі паводле 328-га артыкулу прыкладна шэсьць тысяч, або 1/6 ад усіх вязьняў папраўчых установаў краіны. У дарослых калёніях гэта пераважна маладыя людзі ад 18 да 30 гадоў. У Бабруйскай дзіцячай калёніі сустракаюцца і 14-гадовыя — ня толькі спажыўцы, але і прадаўцы наркотыкаў.

Раней паведамлялася, што сёлета пад амністыю могуць трапіць 1600 асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу. Але іх ня вызваляць зь месцаў пазбаўленьня волі, а толькі скароцяць тэрміны зьняволеньня на год (непаўналетнім — на два), калі іх асудзілі паводле «лягчэйшых» частак 1, 2 і 3 артыкулу 328.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG