Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вас кінулі. Як людзі застаюцца без абароны перад злачынцамі


На судзе на Канстанцінам Бурыкіным у ліпені 2017 году
На судзе на Канстанцінам Бурыкіным у ліпені 2017 году

Вядомы «бацюшка са свастыкай» Канстанцін Бурыкін выйшаў на свабоду, і ягоная дачка Аляксандра, якая заяўляла пра гвалт з боку бацькі, баіцца за сваю бясьпеку. Асуджаны за «палавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту» Вячаслаў Давыдовіч таксама ўжо не ў зьняволеньні, і Дзяніс, адзін з пацярпелых, адкрыта заяўляе, што баіцца.

Такіх гісторый шмат — пацярпелыя ад такога кшталту злачынцаў ня могуць спакойна выдыхнуць, калі іх крыўдзіцеляў адпраўляюць за краты. Гэта толькі (кароткая) перадышка. Калі злачынца выходзіць на волю, пацярпелыя ад яго дзеяньняў ніяк не абаронены ад помсты.

Так, у нашым заканадаўстве ёсьць паняцьце абарончага прадпісаньня. У адпаведнасьці з 31-м артыкулам Закону «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў», абарончае прадпісаньне прымяняецца толькі пасьля адміністратыўнага спагнаньня за канкрэтныя правапарушэньні, учыненыя адносна чальцоў сям’і.

Увядзеньне гэтай меры было добрым (хоць і зусім не дасканалым) крокам у барацьбе з хатнім гвалтам, але ў рэальнасьці сфэра запытаў на дзяржаўную абарону ад крыўдзіцеляў куды больш шырокая.

Бурыкіну ня выстаўлены абвінавачваньні, сьледзтва працягваецца, і чым яно скончыцца — невядома. (Пакуль што) яго затрыманьне лічыцца немэтазгодным, і на карысьць такога падыходу кажа ў тым ліку прэзумпцыя невінаватасьці. Але было б крывадушшам казаць, што гэтая адсылка да прэзумпцыі ня мае "адваротнага боку мэдалю"— гісторыі з Бурыкіным і Давыдовічам паказваюць, як такі падыход грае супраць пацярпелых.

І абарончае прадпісаньне магло б стаць добрым кампрамісам — прэзумпцыю невінаватасьці яно не парушае, але дазваляе пацярпелым адчуць сябе хоць неяк абароненымі. Чаму дзяржава не ідзе на такі крок? Ці гэта простае нежаданьне адпаведных людзей працаваць, ці клопат пра пачуцьці тых, каго падазраюць, абвінавачваюць альбо ўжо асудзілі за злачынствы супраць асобы?

Так ці інакш, атрымліваецца, што пра пачуцьці і фізычную бясьпеку пацярпелых клапоцяцца куды менш. Яны традыцыйна мусяць пасунуцца са сваімі жаданьнямі і страхамі. Гэтыя страхі — нешта нібыта несур’ёзнае. Падумаеш, страшна ім! Калі ня могуць зьмяніць сытуацыю, хай зьменяць сваё стаўленьне да яе.

Гэта гучыць жорстка і нават па-хамску, але менавіта такі сэнс у дзяржаўнага падыходу да абароны пацярпелых ад злачынстваў.

Не існуе статыстыкі, якая паказвала б, колькі пацярпелых ад злачынстваў супраць асобы вымушаны пераяжджаць, мяняць працу і кола зносін пасьля таго, як іх крыўдзіцелі выходзяць з турмы. Але адсутнасьць пацьверджаных лічбаў ня значыць, што праблемы няма, хоць дзяржаве і вельмі зручна рабіць выгляд, што ўсё нармальна.

Вядома ж, абарончае прадпісаньне не гарантуе таго, што Аляксандра Бурыкіна ці Дзяніс будуць у бясьпецы. Але ў выпадку, калі Канстанцін Бурыкін ці Вячаслаў Давыдовіч пачнуць ім пагражаць ці перасьледаваць іх, прадпісаньне дапаможа апэратыўна ізаляваць крыўдзіцеля.

А пакуль што дачка Бурыкіна кажа: «Рана ці позна ён прыедзе і заб’е мяне». І ў дзяржавы няма нічога, што можна было б супрацьпаставіць гэтаму страху.

Вас кінулі, Аляксандра і Дзяніс. Бяжыце, куды можаце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG