Магілёўскі актывіст незарэгістраванай афіцыйна апазыцыйнай партыі Мікалая Статкевіча Дзьмітры Астапаў расказаў Свабодзе, што яго зьбілі невядомыя за апазыцыйную дзейнасьць.
Магілёўскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту зарэгістраваў заяву актывіста пра зьбіцьцё, цэнтральная паліклініка гораду зафіксавала пабоі.
24-гадовы Дзьмітры Астапаў называе інцыдэнт спробай запалохваньня яго як удзельніка менскіх акцыяў пратэсту. Год таму мужчына далучыўся да не зарэгістраванай афіцыйна Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», якой кіруе Мікалай Статкевіч.
«Пачалі біць пасьля таго, як даведаліся пра прыналежнасьць да апазыцыйнай партыі»
Па словах Дзьмітрыя, двое невядомых напалі на яго ўвечары 31 кастрычніка каля ягонага дому ў Магілёве на вуліцы Астроўскага. Некалькі тыдняў ён спрабаваў дамагчыся выкрыцьця зламысьнікаў без публічнай агалоскі. Не пабачыўшы плёну, зьвярнуўся да Свабоды.
Дзьмітры кажа, што падставаў для нападу не даваў. Каля пад’езду праглядаў навіны на мабільным тэлефоне, быў у швэдры з нацыянальнай сымболікай. Да яго падышлі двое, адзін зь іх запытаў, ці мае ён дачыненьне да апазыцыйнай партыі, пачуў станоўчы адказ і тут жа ўдарыў. Яго павалілі на зямлю і білі нагамі. Па словах пацярпелага, удары наносіліся па сьпіне, грудной клетцы, а таксама ў паясьнічную вобласьць.
«Пасьля таго як нападнікі суняліся, адзін зь іх сказаў, што наступны раз для мяне будзе апошнім, і спакойна сышлі», — згадвае Дзьмітры.
У даведцы з паліклінікі зафіксаваныя траўмы сьпіны, грудной клеткі, а таксама паясьнічнай вобласьці. Па словах Дзьмітрыя, адзначаныя яны і ў дакумэнтах судмедэкспэртызы, але копіі гэтых дакумэнтаў яму адмовіліся выдаць.
«Гэта не былі гопнікі...»
Дзьмітры адмаўляе, што зламысьнікі былі «звычайнымі гопнікамі» з спальнага раёну, якім не было чым заняцца.
«Прымітыўнага наезду, як здараецца ў выпадках з гопнікамі, не было, — настойвае Дзьмітры. — У тых, хто біў мяне, быў свой почырк. Яны падышлі да мяне мэтанакіравана, ведалі, што запытацца, каб не памыліцца. Апранутыя былі някідка і першы ўдар нанесьлі зьнянацку. Зьбіцьцё было запалохваньнем, каб я не хадзіў на пратэсты і каб тыя, каму раскажу сваю гісторыю, таксама пазьбягалі ў іх удзельнічаць».
«Падаецца, што міліцыя бароніць нападнікаў»
Пра інцыдэнт Дзьмітры заявіў у міліцыю. Па ягоных словах, калі сказаў, што ён апазыцыянэр і з гэтым зьвязвае прычыну нападу, стаўленьне міліцыянтаў зьмянілася на непрыязнае і перадузятае.
На думку актывіста, праваахоўнікі і сьледчая тармозяць расьсьледаваньне, даючы зразумець, што ня варта настойваць на завядзеньні справы — маўляў, гэтым ён нічога не даб’ецца.
«Яны адмовіліся рабіць фотаробат нападнікаў, а таксама прагледзець камэры відэаназіраньня каля месца інцыдэнту, — кажа ён. — Мне наагул падаецца, што зламысьнікаў там бароняць і робяць усё, каб іх ня выкрыць. Пасьля зьбіцьця суседзі пазьбягаюць мяне. Зь імі папрацавала міліцыя».
Дзьмітры кажа, што пасьля інцыдэнту ён вымушаны быў зьмяніць месца пражываньня, бо асьцерагаецца, што «гэтыя элемэнты могуць зноў на яго напасьці».
Талён аб рэгістрацыі прынятай заявы аб злачынстве выдалі Дзьмітрыю Астапаву ў Магілёўскім міжраённым аддзеле Сьледчага камітэту 4 лістапада.
На момант выхаду публікацыі Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар у Сьледчым камітэце пра лёс зварота Астапава.
Амэрыканскі працадаўца скасаваў кантракт
Як кажа Дзьмітры, праз інцыдэнт ён страціў працу ў ЗША. Там ад 2016 году рабіў у рэстаранным бізнэсе. У Беларусь прыехаў у водпуск і чакаў выкліку працадаўцы. Пасьля зьбіцьця паведаміў наймальніку пра свой стан здароўя, а пазьней даведаўся, што ягоная бронь на білеты і працоўная віза ануляваныя. А на радзіме ён цяпер беспрацоўны.
«У мяне траўма грудзіны, сьпіны, сярэдзіны, рукі. Моцныя болі. Мая ж праца прадугледжвала фізычныя нагрузкі», — тлумачыць ён.
Дзьмітры кажа, што фармальна ён далучыўся да партыі Статкевіча год таму, таксама калі быў у адпачынку. Прымалі яго ў арганізацыю на сходзе з галасаваньнем. За дзейнасьцю Мікалая Статкевіча, якому сымпатызаваў, сачыў, калі той сядзеў у турме. Удзельнічаў у арганізаваных ім пратэстах.