У сэрыі «Беларускае турэмнае мастацтва» праваабарончага цэнтру «Вясна» выйшла сёмая кніга — мастацкі альбом «Малюнкі з турмы» Алеся Пушкіна. У яго ўвайшлі выявы і тэксты, зробленыя Пушкіным ў 2012 годзе за час адміністрацыйных арыштаў за мастацкія пэрформансы.
Што будзе, калі мастака пасадзіць на суткі? Выдадзены альбом «Малюнкі з турмы» Алеся Пушкіна

1
Альбом выдадзены накладам у 500 асобнікаў. Але выявы зь яго можна бясплатна паглядзець на выставе, што ладзіцца на «Тэрыторыі правоў» (Менск, вул. Ложынская 16, памяшканьне 404) ад 12 лістапада

2
У верасьні 2012 году смаргонскі актывіст Уладзімер Шульжыцкі і мастакі суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў, Валянцін Варанішча і Алесь Пушкін былі затрыманыя ў Смаргонях за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі па ўшанаваньні ўгодкаў народзінаў Расьціслава Лапіцкага, рэпрэсаванага кіраўніка антыкамуністычнага падпольля ў пасьляваенныя гады. Першых трох аштрафавалі.
На фота: удзельнікі смаргонскай акцыі Генадзь Драздоў, Алесь Пушкін і Валянцін Варанішча
На фота: удзельнікі смаргонскай акцыі Генадзь Драздоў, Алесь Пушкін і Валянцін Варанішча

3
Пушкіна як «арганізатара» пасадзілі на 10 сутак (удзельнікі акцыі казалі, Пушкіну прыпісвалі «непадпарадкаваньне міліцыі», бо ён адмаўляўся ісьці за міліцыянтам, пакуль той ня будзе размаўляць па-беларуску)

4
Мастакі ў дзень акцыі ішлі з праваслаўнага храму праз горад, трымаючы ў руках партрэты Лапіцкага, якія яны напісалі самі. Гэтыя самыя партрэты таксама прадстаўленыя на выставе на «Тэрыторыі правоў»

5
Па выхадзе з турмы Пушкін прадставіў намаляваны ім альбом — міліцыянты пагадзіліся даць мастаку альбом і флямастары, якія перадаў праваабаронца Алесь Дзергачоў, і нават пагадзіліся не адбіраць тое, што намалюе. Выявы з таго альбому перавыдалі вялікім накладам толькі празь сем гадоў.
На фота: рэдактарка альбому Алена Лапцёнак і Алесь Пушкін
На фота: рэдактарка альбому Алена Лапцёнак і Алесь Пушкін

6
У зьняволеньні Пушкін трымаў галадоўку, толькі піў ваду — і запісваў думкі, маляваў, што прыйдзе ў галаву: партрэты, вобразы…

7
…«жарсьці і шкілеты ў шафе»

8
Пасьля вызваленьня Пушкін таксама пайшоў у райвыканкам з тым самым партрэтам, за які яго пасадзілі, каб прапанаваць зьнесьці помнік Леніну і перайменаваць вуліцу Леніна ў вуліцу Лапіцкага. Помнік сапраўды зьнесьлі, але пазьней — у 2019 годзе яго дэмантавалі нібы на рэканструкцыю, а пасьля вырашылі не вяртаць. Цяпер улады вырашаюць, што ставіць на «вакантнае» месца: магчыма, там зьявіцца «лава Напалеона»

9
На тым паходзе пэрфоманс ня скончыўся: ужо ў сьнежні ў Менску Алесь Пушкін пайшоў абскарджваць вырак у Вярхоўным судзе — зноў з партрэтам Лапіцкага ў руках. Яго зноў затрымалі і таемна асудзілі на 12 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю

10
Пушкін мяркуе, што тое, як «народжаны маляваць ці сьпяваць чыста мастацкімі шляхамі спрабуе нешта разварушыць» таксама нясе плён: ён згадваў, як за апошні час у Беларусі паўсталі помнікі і Тадэвушу Касьцюшку, і Алесю Адамовічу, і князю Гедзіміну, і Ўсяславу Чарадзею

11
Да таго ж, адзначыў Пушкін, памяць грамадзтва кароткая: той жа нядаўні фільм блогера Nexta пра Аляксандра Лукашэнку ўтрымлівае ўсё тое, пра што ўжо шмат пісалі і здымалі, а многія глядзелі яго як нешта новае

12
Нядаўна — 8 лістапада 2019 году — Пушкін фактычна паўтарыў смаргонскую акцыю: адзначаў у Глыбокім дзень народзінаў аднаго з «айцоў БНР» Вацлава Ластоўскага, хадзіў па горадзе зь ягоным партрэтам. Пушкіна ўжо не затрымлівалі і ня кідалі за краты, а мясцовыя пазнавалі Ластоўскага. У Глыбокім на месцы помніка Леніну ўжо стаяць помнікі славутым землякам, у тым ліку ўсталяваны бюст Ластоўскага