Аўтар фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», папулярны блогер NEXTA заклікаў прыхільнікаў сабрацца 8 лістапада на Плошчы Свабоды ў Менску. З плошчы перадаюць карэспандэнты Свабоды.
Афіцыная частка акцыі працягвалася 55 хвілін. Пасьля яшчэ поўгадзіны адбываліся стыхійныя выступы пераважна маладых людзей. На акцыі з вуснаў Яўгена Афнагеля прагучаў заклік зноў сабрацца роўна праз тыдзень на Кастрычніцкай плошчы ў Менску — 15 лістапада а 18.00.
Паводле розных ацэнак на Плошчы Свабоды сабралася ад некалькіх сотняў да дзьвюх тысяч чалавек.
Жывая трансьляцыя:
20.00 Да восьмай гадзіны вечара людзі паступова разышліся.
19.22 Стыхійныя выступы працягваюцца, хаця натоўп значна зьменшыўся. Шмат моладзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах.
19.15 Выступленьні моладзі працягваюцца. Адна з прамоўцаў заклікала сабраць грошы на дапамогу палітвязьням. Малады хлопец кажа, што ня трэба ўсіх заклікаць размаўляць па-беларуску, ён піша вершы і думае па-расейску. Яму крычаць у адказ, маўляў, усё нармальна, паразумеемся і што беларуская мова простая і зразумелая.
19.10 Дзесяць хвілін пасьля афіцыйнага заканчэньня мітынгу выступае моладзь, студэнты. Выступоўцы кажуць, што прыйшоў час мяняць сытуацыю ў краіне. Кажуць пра праблемы беларускай мовы, астравецкую АЭС, сацыяльна-эканамічныя праблемы.
18.55 Мітынг скончыўся шматлікімі выгукамі натоўпу "Жыве Беларусь". Прысутныя падтрымалі прапанову Яўгена Афнагеля.
18.54 Каардынатар кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель бярэ слова і кажа, што на плошчы сабраліся дзьве тысячы чалавек. Афнагель прапануе сабрацца на Кастрычніцкай плошчы роўна праз тыдзень, 15 лістапала а 18-й гадзіне, і зрабіць за гэты час так, каб фільм NEXTA за наступны тыдзень паглядзеў яшчэ мільён беларусаў.
18.54 Блогер MozgON падзякваў усім прысутным за тое, што яны прыйшлі, і за сьмеласьць.
18.50 У кароткім звароце NEXTA сказаў, што настаў час браць адказнасьць за краіну ў свае рукі. Трэба пачынаць актыўнасьць на любым месцы працы ці жыцьця; мы — беларусы, нас мільёны, ня важна, на якой мове мы размаўляем. Разам мы зьменім сытуацыю ў краіне.
18.50 На расьцягнутым палатне пачалася трансьляцыя зывароту NEXTA.
18.48 Карэспандэнтка Свабоды паведамляе, што на плошчы рыхтуецца паказ відэазвароту блогера NEXTA.
18.46 Блогер MozgON падтрымлівае папярэдняга прамоўцу і пытаецца, няўжо далей будзем хадзіць і ўсьміхацца, робячы выгляд, што ў краіне нічога дрэннага не адбываецца.
18.44 Малады хлопец заклікае людзей пачаць рабіць нешта рэальнае. Кажа, што яго маці памірае ў анкалягічным дыспансэры і трэба нешта мяняць у краіне рэальна.
18.42 Адзін з выступоўцаў паведамляе, што тэхніка на кодабе трактара была прызначаная для паказу на сьцяне ратушы фільму блогера NEXTA.
18.40 Выступовец, які не назваўся, чытае патрыятычны верш па-расейску і заканчвае "Жыве Беларусь"!
18.39 Блогер MozgON зноў бярэ слова і кажа, што ён супраць пошуку ворагаў, што расейцы для яго ня ворагі, як і ўкраінцы, літоўцы і іншыя суседзі. Проста беларусам выпаў гістарычны шанц стварыць сваю незалежную дзяржаву і трэба яе захаваць.
18.37 Студэнтка заклікала ўсіх пераходзіць на беларускую мову, бо гэта будзе гарантыя незалежнасьці і высоккай адукаванасьці.
18.34 Выступіў пажылы мужчына, які сказаў, што ён капітан другога рангу, былы камандзір атамнай падводнай лодкі і ўсё жыцьцё служыў "гэтай праклятай Расеі", а цяпер ён схіляе галаву перад маладымі людзьмі, якія тут сабраліся, і выгукнуў на заканчэньне "Жыве Беларусь".
18.32 Выступіла Алена Талстая. Заклікала ўмацоўваць незалежнасьць, бо Расея — варожая краіна, і беларусы не павінны паміраць за яе.
18.30 Слова бярэ мужчына, які не назваўся. Выступае па-беларуску. Кажа, што трэба дамагчыся сапраўднага падліку галасоў на выбарах.
18.25 Мітынг працягвае весьці блогер MozgON. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі зусім не выконваецца Канстытуцыя. Таксама кажа пра эканамічныя цяжкасьці, вымушаную эміграцыю моладзі, каб забясьпечыць старасьць бацькоў.
18.24 Выступіў малады хлопец, які сказаў, што ён баіцца і хвалюецца, але вырашыў прыйсьці, бо патрэбныя перамены.
18.21 Слова бярэ рэжысэрка і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык, якая некалі была выканаўчым прадусарам фільму "Звычайны прэзыдэнт". Яна заявіла, што ўладу заўсёды мяняе вуліца і заклікала беларусаў выходзіць на мітынгі.
18.19 Зноў узяў слова блогер MozgON. Ён прапануе падумаць, што рабіць далей пасьля фільму NEXTA. Спытаў у натоўпу, ці даведаліся яны нешта новае зь фільму. Большасьць адказала, што не. Беларусы эмігруюць, зьяжджаюць. У правінцыі гэта відаць лепш, чым у Менску.
18.16 Каардынатар кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель паведаміў, што міліцыянты вызвалілі зпатрыманага раней Андрэя Шарэнду. Шарэнда сказаў, што яго выпусьцілі таму, што збаяліся рэакцыі натоўпу, якія сабраўся пад дзьвярыма, дзе яго трымалі.
18.14 Блогер Андрусь Войніч пачаў абмеркаваньне фільму NEXTA. Ён сказаў, што беларусам ужо час скансалідавацца, інакш яны хутка зьнікнуць як народ.
18.10 Выступіў кандыдат ад АГП і болегр Мікалай Казлоўскі. Ён сказаў, што ўлады сёньня на месцах перашкаджалі блогерм прыехаць у Менск, позвай быў выкліканы ў міліцыю Сяргей Пятрухін, іншыя былі затрыманыя людзьмі ў цывільным.
18.08 Паводле ацэнкі карэспандэнта Свабоды, людзей на плошчы сабраліся ўжо сотні. Пераважна моладзь. Часам скандуюць «Жыве Беларусі», «Верым, можам, пераможам».
18.04 Удзельнікі пікетаў кажуць, што затрыманыя таксама Васіль Жораў, Зьміцер Казлоў.
18.02 Зьбіты і затрымана Андрэй Шарэнда, які хацеў усталяваць гукаўзмацняльную тэхніку ў кодабе трактара, што стаіць ззаду ратушы. Тэхніка разьбітая.
17.54 Ужо больш за 10 хвілін выступае блогер MozgON. Ён кажа, што раней быў супраць апазыцыі, лічыў, што яе дзейнасьць праплачана з-за мяжы. Але паступова зразумеў, што праблема ў той сыстэме, якая існуе ў Беларусі. І дапамог яму шмат што зразумець і фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».
17.42 Алена Талстая дала слова паэту і барду Зьмітру Захарэвічу, які пачаў чытаць вершы.
17.40 Вячаслаў Сіўчык прадставіў людзям кандыдатку ад Руху салідарнасьці «Разам» Алену Талстую. Талстая коратка выступіла і сказала, што галоўны клопат усіх незалежных кандыдатаў — захаваньне незалежнасьці Беларусі.
17.32 Пасьля размовы зь міліцыянтам пікеты некаторых афіцыйных кандыдатаў перамясьціліся бліжэй да месца, дзе заплянаваны пікет блогера NEXTA.
Пазьней да закліку далучыліся некаторыя кандыдаты ў дэпутаты і аўтары палітычных каналаў.
Сам NEXTA раней казаў, што асабіста прысутнічаць на скліканай ім акцыі не зьбіраецца.
Сёньня на плошчы прысутнічаюць шэсьць пікетаў за дзяржаўных кандыдатаў (ад БРСМ, Белай Русі і іншыя), а таксама два пікеты ад апазыцыйных сіл — ад АГП і Эўрапейскай Беларусі.