Брытанскі навуковы часопіс BioScience апублікаваў зварот навукоўцаў і эколягаў да ўсясьветнай супольнасьці, якое падпісалі больш за 11 тысяч адмыслоўцаў.
Аўтары звароту заяўляюць, што Зямля знаходзіцца ў «надзвычайнай кліматычнай сытуацыі» і што «кліматычны крызіс наступіў і пагаршаецца значна хутчэй, чым чакала большасьць».
Цяперашні крызіс, лічаць навукоўцы, пагражае «лёсу плянэты».
У звароце гаворыцца, што калі ў найбліжэйшы час не прыняць меры для скарачэньня выкідаў у атмасфэру вуглякіслага газу, то чалавецтва чакаюць «неверагодныя пакуты». Асобна падкрэсьліваецца, што высновы адмыслоўцаў заснаваныя на дадзеных, атрыманых у ходзе 40-гадовых назіраньняў за кліматам, узроўнем спажываньня энэргіі, ростам народанасельніцтва, тэмпамі зьнікненьня лясоў і відаў жывёлаў, масай палярных льдоў і пасажырскіх авіяперавозак, якія зьяўляюцца адным з фактараў глябальнага пацяпленьня.
У якасьці неадкладных мер па паляпшэньні сытуацыі навукоўцы прапануюць замену выкапнёвага паліва на абнаўляльныя крыніцы энэргіі, увядзеньне высокіх «вугляродных падаткаў», скарачэньне выкідаў няўстойлівых забруджвальнікаў, адмова ад спажываньня жывёльнай ежы і высечкі лясоў, а таксама перагляд эканамічнай палітыкі вядучых краінаў сьвету ў бок адмовы ад імкненьня да росту ВУП.
BioScience — штомесячны навуковы часопіс, створаны ў 1964 годзе. Ён выдаецца брытанскім выдавецтвам Oxford University Press ад імя амэрыканскага Інстытуту біялягічных навук. Ініцыятарамі звароту навукоўцаў, апублікаванага ў BioScience, сталі прафэсар Арэгонскага дасьледчага ўнівэрсытэту Уільям Рыпл і навуковы супрацоўнік Сыднэйскага ўнівэрсытэту Томас Ньюс.