Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сівіцкі: Некаторыя беларускія чыноўнікі вядуць сэпаратныя перамовы з Крамлём


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што нават калі 8 сьнежня будзе нешта падпісана, Расея на гэтым ня спыніцца і будзе патрабаваць усё больш, і тлумачыць, што такое мадэль «асымэтрычнай залежнасьці», якую хоча навязаць Расея

Сьцісла

  • Для Расеі паглыбленьне інтэграцыі ёсьць спосабам яшчэ больш замацаваць Беларусь у сфэры свайго геапалітычнага ўплыву.
  • Як толькі Менск пагодзіцца падпісацца пад праграмай эканамічнай інтэграцыі, Масква адразу выкаціць новыя прапановы.
  • Існуюць розныя групы ў беларускім бюракратычным апараце, і адна зь іх гуляе на карысьць паглыбленьня інтэграцыі.
  • З 2015 году Крэмль спрабуе гэтую мадэль трансфармаваць у мадэль «асымэтрычнай залежнасьці» ад Расеі.

Менск усё больш расчароўваецца ў магчымасьці дамовіцца з Расеяй

— Да 8 сьнежня кіраўнікі Беларусі і Расеі публічна паабяцалі падпісаць нейкія інтэграцыйныя дакумэнты. Беларускае грамадзтва моцна непакоіцца з гэтай нагоды, тым больш што праца над гэтымі дакумэнтамі ідзе ва ўмовах сакрэтнасьці. Ці можна сказаць, што афіцыйны Менск вытрымлівае пэўную неабходную дыстанцыю, ці ўлады могуць «загуляцца» — і самі не заўважаць, як незалежнасьць Беларусі будзе пастаўлена пад яшчэ большую пагрозу?

— Сапраўды, на сёньня мы ведаем пра гэтую «праграму паглыбленай эканамічнай інтэграцыі» толькі з расейскіх крыніцаў. Гледзячы з камэнтароў расейскага і беларускага бакоў, сёньня можна на 100 працэнтаў канстатаваць, што Менск і Масква зусім па-рознаму ўспрымаюць гэтую праграму інтэграцыі і яе канчатковыя мэты.

Для Беларусі гэта перш за ўсё інструмэнт, з дапамогай якога можна стварыць так званыя адзіныя рынкі, адзіную прастору для руху капіталу, тавараў, працоўнай сілы. Для Расеі паглыбленьне інтэграцыі ёсьць спосабам яшчэ больш замацаваць Беларусь у сфэры свайго геапалітычнага ўплыву.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Гэтыя пазыцыі па сутнасьці канфліктныя. Бо для Менску такое стаўленьне не вырашае ніякіх праблем, якія набраліся за апошнія гады. Відавочна, што Крэмль не зьбіраецца тут ісьці на саступкі. Шанец на тое, што Масква пойдзе на такія саступкі, нават калі Менск пагодзіцца падпісаць праграму, — таксама вельмі невялікі.

Па сутнасьці, мы знаходзімся ў такой складанай сытуацыі, калі адмова ад падпісаньня праграмы інтэграцыі будзе азначаць пераход на новы ўзровень эскаляцыі напружанасьці з Расеяй. Зь іншага боку, існуе рызыка таго, што як толькі Менск пагодзіцца падпісацца пад праграмай, Масква адразу выкаціць новыя прапановы, якія будуць тычыцца ўжо інтэграцыі ня толькі ў эканамічнай, але і ў вайскова-палітычнай сфэры. Тым болей што Расея часта спасылаецца на дамову аб стварэньні Саюзнай дзяржавы 1999 году, дзе гаворка ідзе ня толькі пра эканамічную, але і пра вайскова-палітычную інтэграцыю.

— Вы ня раз казалі пра пэўную зьмену ў апошнія гады падыходаў Крамля да таго, як яны ўспрымаюць Беларусь. Ад Менску цяпер усё больш патрабуецца геапалітычная залежнасьць. Калі беларускія ўлады бачаць зьмену гэтага стаўленьня — чаму яны адпаведна не рэагуюць?

— Мне падаецца, Менск заўважыў пэўныя зьмены ў стаўленьні Расеі да Беларусі. Таму сёньня Беларусь спрабуе даволі інтэнсіўна дывэрсыфікаваць замежную палітыку і эканамічныя сувязі.

Але сярод беларускай намэнклятуры існуе група, якая спрабуе пераканаць Лукашэнку, што з Масквой можна дамовіцца і пры гэтым не пайсьці на стратэгічныя саступкі. Даволі доўга беларускія ўлады знаходзіліся ў гэтай ілюзіі. Апошні год мы бачым, што Менск усё больш расчароўваецца ў магчымасьці дамовіцца з Расеяй, таму шукае альтэрнатыўныя варыянты.

Але мы страцілі 4-5 гадоў. Замест таго каб інтэнсіўна дывэрсыфікаваць замежную палітыку і эканоміку, мы спрабавалі дамовіцца з Масквой. Пры тым, што было відавочна, што для Масквы цяперашні статус-кво, дзе Беларусь і Расея маюць аднолькавую вагу ў «саюзнай дзяржаве» — мадэль непрымальная.

З 2015 году Крэмль спрабуе гэтую мадэль трансфармаваць у мадэль «асымэтрычнай залежнасьці» ад Расеі. Самая галоўная праблема — колькі ў Беларусі засталося часу для таго, каб з дапамогай мабілізацыі зьнешняй падтрымкі пераканаць Маскву, што захаваньне цяперашняга статус-кво — аптымальная опцыя і для Расеі.

Нават калі да 8 сьнежня будзе нешта падпісана, Расея на гэтым ня спыніцца і будзе патрабаваць усё больш

— Беларускія чыноўнікі працуюць над гэтымі інтэграцыйнымі дакумэнтамі ў самых розных сфэрах, і часам нават паведамляюць пра гэта ў СМІ. Але, зь іншага боку, і міністар замежных спраў Макей, і нават сам Лукашэнка часам заяўляюць, што ніякай страты сувэрэнітэту ў той ці іншай сфэры ня будзе. Для чаго тады беларускія чыноўнікі трацяць свой каштоўны працоўны час на гэта — загадзя ведаючы, што выніку тут ня будзе і нават, калі глядзець зь беларускага гледзішча, і не павінна быць?

— Тут дзьве асноўныя прычыны. Першая зьвязаная з тым, што ў дзяржаўнага апарату адсутнічае стратэгічная візія таго, чаго Беларусь павінна дасягаць у адносінах з Расеяй ды іншымі краінамі сьвету. Візія, якая стратэгічна стварала б тыя ці іншыя лініі, пераход якіх забаронены.

Другая прычына — існуюць розныя групы ў беларускім бюракратычным апараце, і адна зь іх гуляе на карысьць паглыбленьня інтэграцыі. Некаторыя прадстаўнікі гэтай групы вядуць сэпаратныя перамовы з Крамлём. Іншая група выступае супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Гэта прыводзіць да таго, што мы атрымліваем даволі супрацьлеглыя сыгналы.

Беларускі бок спрабуе дамагчыся саступак ад Расеі ў падатковым манэўры, у цане на газ і нафту. Але мне падаецца, што гэты арыенцір ілюзорны. Крэмль даўно абвясьціў сваю пазыцыю наконт гэтага. Вядома, што калі Менск падпішацца пад «працэсамі інтэграцыі», якія завершацца толькі ў 2024 годзе — тады Крэмль можа пачаць вырашаць пэўныя крытычныя тэмы зь Менскам. Тады незразумела, навошта было пагаджацца абмяркоўваць гэтую праграму інтэграцыі.

Я не выключаю толькі адзін рэзон. У наступным годзе нас чакаюць прэзыдэнцкія выбары, і Менск ня хоча абвастраць адносіны з Масквой.

— Але гэта даволі важкая прычына. Мы ведаем, як Масква ўмее выкарыстоўваць выбарчую сытуацыю ў Беларусі для прасоўваньня сваёй сілавой пазыцыі. Хіба тут няма такога эфэкту, што, даючы згоду абмяркоўваць «эканамічную інтэграцыю», Менск дае падставы Маскве патрабаваць усё больш?

— Безумоўна, менавіта так. Я тут згодны, хутчэй за ўсё, Крэмль у перамовах будзе абапірацца на сілавую пазыцыю. Крэмль хоча вырашыць задачу ўтрыманьня Беларусі ў сфэры свайго геапалітычнага ўплыву. Ёсьць ацэнкі спэцслужбаў, што Крэмль не выключае, што праз 5-10 гадоў Расея можа «страціць» Беларусь. Таму трэба нешта рабіць, лічаць яны, каб замацаваць Беларусь у сваёй геапалітычнай арбіце.

Мне падаецца, што Крэмль будзе нарошчваць ціск на Беларусь. Нават калі да 8 сьнежня будзе нешта падпісана, Расея на гэтым ня спыніцца і будзе патрабаваць усё больш.

Я не выключаю, што далей, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, Крэмль можа сфармуляваць пакет прапановаў па вайскова-палітычнай інтэграцыі. Беларусь трапляе ў пэўную інтэграцыйную пастку, але акно магчымасьцяў яшчэ ёсьць. Дзеля таго, каб мабілізаваць міжнародную падтрымку, зрабіць унутраныя захады — каб стрымаць Крэмль ад рэалізацыі жорсткіх сцэнараў, накіраваных на тое, каб падарваць наш сувэрэнітэт і незалежнасьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG