«Аншлюс Беларусі» — так называюць інтэграцыю з Расеяй, магчымую пасьля падпісаньня «дарожных мапаў» 8 сьнежня, ініцыятары кампаніі «Сьвежы вецер». Яны зьбіраюцца не дапусьціць гэтай інтэграцыі.
Чаму спатрэбілася кампанія
Ініцыятары кампаніі супраць інтэграцыі з Расеяй «Сьвежы вецер» упэўненыя, што дамовы з Расеяй, якія маюць быць падпісаныя 8 сьнежня, папросту пагражаюць сувэрэнітэту Беларусі.
«Я бачу, як тыя альгарытмы, якія былі задзейнічаныя ва Ўкраіне ў 2014 годзе, адбываюцца і ў Беларусі. У Беларусі я цяпер чую тое самае, што чуў ва Ўкраіне. Маўляў, гэтага быць ня можа. Відавочна, што Расея рыхтуецца да вайны. Я вырашыў ініцыяваць кампанію без удзелу палітыкаў, бо людзям яны абрыдлі. Пасьля мы вырашылі падбіраць людзей, якія гатовыя працаваць», — сказаў ініцыятар кампаніі Сяргей Бульба на прэс-канфэрэнцыі 10 кастрычніка.
Таксама ў кампанію ўваходзяць палітоляг Андрэй Ягораў, журналіст Міхась Янчук, філёзаф Уладзімер Мацкевіч. Паводле Сяргея Бульбы, у кампаніі няма кіраўніцтва і лідэраў, а «кожны, хто хоча, можа далучацца і можа нешта рабіць».
Чым пагражае Беларусі інтэграцыя
Паводле ініцыятараў кампаніі, пры ўмове інтэграцыі пацерпіць беларуская эканоміка, а таксама незалежнасьць Беларусі. Усе ўмовы для гэтага ўжо зададзеныя ў саюзнай дамове, якую падпісалі яшчэ ў 1999 годзе. Паводле філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, Расея даўно ставіла сваёй мэтай праглынуць Беларусь, але для гэтага не было адпаведнага моманту.
«Расея сёньня — тэрыторыя суцэльнага бяспраўя, там можна атрымаць 7 гадоў за пікет каля калёніі і ўмоўны тэрмін за забойства затрыманага, калі ты сілавік. Яны забруджваюць інфармацыйную прастору, а таксама беларускія мазгі», — кажа Міхась Янчук, адзін з ініцыятараў кампаніі.
«Улады выкарыстаюць дасягненьні нашай кампаніі ў торгу з Расеяй»
Паводле Ўладзімера Мацкевіча, кампанія, якая вядзецца ў сацыяльных сетках і інтэрнэце, ужо дасягнула некаторых мэтаў: «ва ўладзе яе заўважылі».
«Я ведаю, што дзяржава сочыць за нашай кампаніяй, а таксама зьбіраецца дасягненьні кампаніі выкарыстаць у торгу з Расеяй. Але супакойвацца рана, трэба дасягнуць поўнай дэнансацыі саюзнай дамовы з Расеяй».
Што далей
Ініцыятары кампаніі зьбіраюцца працаваць ня толькі ў інтэрнэце, але і кантактаваць непасрэдна зь людзьмі, выкарыстоўваць для прасоўваньня ідэяў новыя мэтады «без абвяшчэньня нікому не патрэбных дэклярацый» і «бяз дробных акцый, бо тысяча чалавек нічога ня вырашыць».
Пакуль яны спадзяюцца, што кіраўніцтва Беларусі зможа «пайсьці насустрач людзям і не падпісваць дакумэнты аб інтэграцыі».