Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 фільмаў пра Лукашэнку на YouTube


Аляксандар Лукашэнка падчас інаўгурацыі 2015 году
Аляксандар Лукашэнка падчас інаўгурацыі 2015 году

Свабода зрабіла падборку фільмаў пра кіраўніка Беларусі, якія маюць найбольш праглядаў на YouTube. Фільм беларускага блогера NEXTA, які выйшаў нядаўна, мае ўсе шанцы неўзабаве ўзначаліць гэты сьпіс.

1. «Як жыве Лукашэнка»

На канале «Высокае напружаньне» мае больш за 1 мільён 193 тысячы праглядаў. У фільме, які ў канцы 1990-х здымаў расейскі тэлеканал НТВ, кіраўнік Беларусі паказвае расейскім журналістам свае рэзыдэнцыі, цяпліцу Пятра Машэрава, расказвае, як разводзіць курэй. Абураецца, чаму расейскія мэдыя «наваліліся на Лукашэнку».

«Я кіраўнік краіны, прэзыдэнт дружалюбнай вам дзяржавы, які столькі грошай траціць на тое, каб забясьпечыць тут расейскія інтарэсы. Як вы можаце? На чалавека, які грамадзтва ў Беларусі разьвярнуў у бок Расеі...» — незадаволена гаворыць Лукашэнка.

Таксама ён заяўляе, што людзі «абсалютна не паверылі», што ён калісьці пахваліў Гітлера. «Гэта звычайная фальшыўка, самая сапраўдная, сфабрыкаваная ў Польшчы пры садружнасьці апазыцыі і ЦРУшнікаў і перакінутая сюды», — кажа ён.

2. «Аляксандар Лукашэнка. Дыктатары»

Украінскі «24 канал», больш за 1 мільён 64 тысячы праглядаў. Гэта адзін зь фільмаў сэрыялу пра лідэраў Расеі, Казахстану, Паўночнай Карэі ды іншых. У фільме пра Аляксандра Лукашэнку гаворыцца пра ягоныя 24 гады ва ўладзе і 5 прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

«Шматгадовы апанэнт краін Захаду і даўні ўдзельнік міжнародных рэйтынгаў правіцеляў, якія ня лічацца з грамадзянскімі правамі сваіх людзей», — так у фільме называюць кіраўніка Беларусі. Паводле аўтараў, да развароту да большай самастойнасьці ад Расеі Лукашэнку падштурхнулі падзеі, пасьля якіх «уяўная магутнасьць Крамля разьбілася аб Украіну».

«Падобна, прамаскоўскі настрой беларускага дыктатара праходзіць, і магчыма, мы неўзабаве ўбачым ня толькі зьмену парадыгмы, замену сьцяга і нацыянальных сымбаляў, але і нараджэньне новага, вялікага патрыёта цалкам незалежнай ад Крамля сінявокай Беларусі», — робяць выснову аўтары фільма.

3. «Айчым»

Фільм блогера Паўла Сьпірына за год сабраў 945 тысяч праглядаў. Сьпірын расказвае, як Лукашэнка з «бацькі стаў айчымам», апісваючы падзеі ў Беларусі з 1994 году і «палітычную, эканамічную і сацыяльную сытуацыю». Павал Сьпірын заяўляе, што хацеў паказаць Лукашэнку такім, «які ён ёсьць».

4. «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы»

Фільм на Youtube-канала Nexta з рэзкай крытыкай кіраўніка Беларусі апублікаваны 25 кастрычніка 2019. За некалькі дзён ён сабраў больш за 895 тысяч праглядаў, 56 тысяч падабаек і амаль 20 тысяч камэнтароў. Фільм хутка выбраўся на першае месца ў разьдзеле «Трэнды» ў Беларусі.

На фільм ужо адрэагавала газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня». Аўтар калёнкі Андрэй Мукавозчык цалкам прысьвяціў сваю публікацыю асобе 21-гадовага блогера.

Абноўлена: Ад 6 сьнежня 2019 фільм лічыцца экстрэмісцкім у Беларусі.

5. «Плошча»

Фільм Юрыя Хашчавацкага на канале Арбу ZORRO падпісаны як «Ўся праўда пра Лукашэнку», з кастрычніка 2016 году набраў 421,5 тысячы праглядаў. Ён расказвае пра падзеі падчас і пасьля выбараў 2006 году, калі адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі быў выбраны Аляксандар Мілінкевіч.

У гэтым жа фільме Лукашэнка камэнтуе свае выказваньні пра Гітлера: «Што я не заяўляў? Я пра Гітлера гаварыў. Фашыст быў ля ўлады, ну ідыёт самы сапраўдны, які зьнішчыў столькі народу. Але аб’ядналі нацыю шляхам жорсткай улады. На гэтым этапе вынік дало?! Таму ня трэба папракаць мяне, што мы хочам мець у Рэспубліцы Беларусь сурʼёзную, жорсткую ўладу», — кажа Лукашэнка.

Гэта ня першы фільм Хашчавацкага пра Лукашэнку — у 1996 годзе ён выпусьціў стужку «Звычайны прэзыдэнт», за які атрымліваў узнагароды ў Маскве, Нью-Ёрку і Сан-Францыска. Шматлікія копіі фільма маюць усяго па некалькі тысяч праглядаў на Youtube і ў сацыяльных сетках — але зразумела, што колькасьць праглядаў па-за інтэрнэтам копій фільма, які распаўсюджваўся на відэакасэтах і CD, немагчыма падлічыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG