Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч падтрымала Тацяну Нядбай на зьезьдзе Беларускага ПЭН-Цэнтру


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Працу Нядбай рэзка скрытыкавала намесьніца старшыні Алена Казлова.

«Старшыня ПЭНу Тацяна Нядбай абрала аўтарытарны стыль кіраваньня. Яна дзейнічала аднаасобна, не прыслухоўваючыся да Рады. Статут ПЭН-Цэнтру неаднаразова парушаўся. Праца ПЭНу павінна быць калегіяльнай», — заявіла Алена. Алена Казлова скрытыкавала некаторыя прапановы Тацяны Нядбай — павялічыць тэрміны кадэнцыі рады і старшыні. Узгадала Алена і прозьвішча Ўладзімера Арлова. У канцы свайго выступу Алена Казлова выказала недавер Тацяне Нядбай і Ўладзімеру Арлову.

Пасьля кава-паўзы на зьезьдзе выступіла нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, якую нядаўна абралі віцэ-старшынёй Міжнароднага ПЭН-Цэнтру.

«Я была адной са стваральнікаў ПЭН-Цэнтру. Цяпер усё вельмі памянялася — сышлі Быкаў, Адамовіч, а ў новага пакаленьня, на жаль, не атрымалася пераемнасьці. Але гэта жыцьцё, плынь жыцьця», — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Нобэлеўская ляўрэатка выступіла ў абарону цяперашняй старшыні ПЭН-Цэнтру Тацяны Нядбай, якую на пачатку зьезду жорстка скрытыкавала намесьніца старшыні Алена Казлова.

«Таня здолела ахвяраваць сабой — дзеля ідэй. Магчыма, таму, што яна пажыла за мяжой. І ў яе ёсьць годнасьць, яна з больш шырокім поглядам, чым мы, бо ў нас людзі заражаныя рабствам.

Больш за ўсе я баюся «генэральства». Няхай даруюць мне мужчыны, але яны прыходзяць на кіроўныя пасады менавіта па гэта. Таня не такая. Я б прапанавала зноў Тацяну — у яе шмат ідэй.

Магчыма, было б зроблена больш, каб была каманда. І ня Таня ў гэтым вінаватая. Мне падаецца, перашкаджаюць мужчынскія амбіцыі. Для справы трэба абіраць каманду. Я б прапанавала на пасаду старшыні Тацяну. Яшчэ з часоў Рымскай імпэрыі імпэратару давалі два тэрміны. Таму я прапаную даць яшчэ адзін тэрмін, яшчэ адзін шанец Тацяне. Гэта найлепшая кандыдатура на сёньняшні дзень.

Я ня бачу ў ёй аўтарытарнасьці. Думаю, усе, хто сядзіць у залі, хочуць, каб мы былі цікавай камандай, каб было цікава жыць. У мяне мара — вакол ПЭНу сабраць цікавых, інтэлектуальных асобаў, дзеля гэтага я рабіла і свой „Інтэлектуальны клюб“», — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG