Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм адказаў на прапанову фінансаваць канал Nexta


Сьцяпан Сьвятлоў, заснавальнік Telegram-каналу Nexta, архіўнае фота
Сьцяпан Сьвятлоў, заснавальнік Telegram-каналу Nexta, архіўнае фота

На сайце Petitions.by зьявіўся афіцыйны адказ на зварот з просьбай аб дзяржаўным фінансаваньні Telegram-каналу блогера Nexta.

На думку аўтараў пэтыцыі, у Беларусі цяпер існуюць прыкметы манаполіі ў сфэры сродкаў масавай інфармацыі, а таксама «даволі жорсткая цэнзура ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ». У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што дзяржаўныя СМІ «не спраўляюцца з ускладзенай на іх задачай своечасовага і аб'ектыўнага інфармаваньня», нягледзячы на вельмі значнае фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту.

У сувязі з гэтым у пэтыцыі прапанавалі даць незалежнаму Telegram-каналу Nexta пастаянную фінансавую падтрымку, а Белтэлерадыёкампаніі зьменшыць фінансаваньне на 10 тысяч рублёў на год.

Першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі не пагадзіўся з прапановай. У афіцыйным адказе на пэтыцыю ён тлумачыць:

  • у звароце не прыведзена фактаў манаполіі або цэнзуры, таму гэтае пытаньне немагчыма разгледзець па сутнасьці;
  • Мінінфарм ня мае права ўмешвацца ў прафэсійную самастойнасьць СМІ, а ў пытаньнях якасьці прадукцыі СМІ належыць зьвяртацца ў іхныя рэдакцыі;
  • канал Nexta не зарэгістраваны ў Беларусі як СМІ, таму ягонае фінансаваньне «ёсьць пытаньнем непасрэдна ўладальніка гэтата рэсурсу»;
  • БТ падпарадкоўваецца наўпрост Аляксандру Лукашэнку, таму Мінінфарм не адказны за пераразьмеркаваньне яго фінансаваньня.

У дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2019 год на Белтэлерадыёкампанію выдаткавана 106 мільёнаў рублёў (яшчэ 7 млн на міждзяржаўную тэлекампанію «Мір» і 1,5 млн на «Сталічную тэлевізію»).

Што за Nexta

Telegram-канал Nexta, заснаваны 21-гадовым блогерам Сьцяпанам Сьвятловым, — гэта самы чытаны Telegram-канал Беларусі. Піша пра палітыку, эканоміку і сацыяльныя праблемы ў краіне. Найбольш вядомы публікацыяй «зьліваў» зьвестак дзяржаўных органаў і ўстановаў. На момант публікацыі на яго падпісана 167 тысяч карыстальнікаў. Яшчэ 272 тысячы карыстальнікаў падпісаны на аднайменны Youtube-канал, дзе блогер выдае рэгулярныя дайджэсты навінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG