Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Слоніма хоча адсудзіць 100 тысяч даляраў за пост з тэлеграм-канала Nexta

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч​ судзіцца са стваральнікам тэлеграм-канала Nexta Сьцяпанам Пуцілам, а таксама з трыма выданьнямі, якія апублікавалі інфармацыю з паста Nexta.

Што адбылося?

  • У жніўні тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы.
  • Хоміч стаў аспрэчваць, што яго і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане.
  • Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча.
  • На момант публікацыі гэтай навіны пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі каля 210 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ.

Што за суд?

Пазоў супраць Пуцілы ў абарону гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі з патрабаваньнем кампэнсацыі маральнай шкоды Хоміч падаў у суд Менскага раёну. Чыноўнік просіць, каб:

  • блогер абверг інфармацыю пра затрыманьне ў нецьвярозым стане;
  • суд спагнаў з Пуцілы 50 тысяч рублёў як кампэнсацыю маральнай шкоды, а таксама больш як 370 рублёў за судовыя выдаткі і аплату адваката. Гэтыя грошы чыноўнік абяцае перадаць на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня Слонімскай раённай больніцы.

Хоміч таксама падаў пазовы супраць выданьняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск». З кожнага выданьня кіраўнік Слоніма хоча спагнаць па 50 тысяч рублёў. Такім чынам, агулам ад усіх адказьнікаў Хоміч хоча атрымаць больш як 200 тысяч рублёў. Заяўленую кампэнсацыю маральнай шкоды Хоміч паабяцаў перадаць Слонімскай больніцы.

«Я лічу, што паступіў правільна»

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч ня стаў камэнтаваць карэспандэнту Свабоды свой пазоў.

«Па тэлефоне я нічога тлумачыць ня буду. Гэта маё права. Я лічу, што паступіў правільна, і суд разьбярэцца», — сказаў Хоміч.

Ён дадаў, што сам на працэс не прыедзе, а яго інтарэсы будзе прадстаўляць адвакат.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна сказала карэспандэнту Свабоды, што судовыя паседжаньні ўжо прызначаныя.

  • 8 кастрычніка — у судзе Савецкага раёну Менску супраць «Беларускага партызана»,
  • 18 кастрычніка — у судзе Менскага раёну супраць Сьцяпаны Пуцілы (тэлеграм-канал Nexta).

Што кажуць адказьнікі?

Як напісаў Свабодзе Пуціла, на судовы працэс ён ісьці не зьбіраецца, бо «судоў у нас няма». На думку блогера, такімі працэсамі ўлады хочуць папярэдзіць іншыя мэдыі, каб не перадрукоўвалі інфармацыю з тэлеграм-каналу Nexta. Блогер лічыць, што Хоміч падаў у суд «не па сваёй волі».

Сьцяпан Пуціла
Сьцяпан Пуціла

«Хутчэй за ўсё, пасьля таго як ён [Хоміч] папаўся, яго ня сталі караць, а вырашылі ўзяць на кручок. І цяпер даводзіцца вось такія загады выконваць — ад якіх яму ж яшчэ толькі горш будзе. Зараз яму ўсе яшчэ і гэта прыпамінаць будуць. Чаму караць ня сталі? Памятаецца, як два гады таму Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў сьледчых за тое, што ўварваліся ў дом да яшчэ аднаго аматара выпіць — старшыні Аршанскага райвыканкаму Пянькоўскага. Маўляў, для таго, каб праваахоўным органам нават весьці нейкія расьсьледаваньні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта. Цяпер вырашылі проста не паведамляць Лукашэнку нічога. Бо піць за рулём можна, карупцыя — нельга. Імідж такі. Памятаю, як ён „адчытваў“ былы ўрад за п’янства», — напісаў Пуціла.

«Будзем спрабаваць дамовіцца мірна»

Сьвятлана Калінкіна сказала Свабодзе, што «Беларускі партызан» таксама атрымаў пазоў ад старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча.

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

«Пакуль суд прапанаваў нам дамовіцца мірна, і мы, канечне, будзем спрабаваць гэта рабіць. Бо гэта ня нейкая наша аўтарская публікацыя, гэта інфармацыя наогул з сайту „Белсат“, і, на мой погляд, яна досыць карэктная. Бо там напісана, што блогер Nexta абнародаваў інфармацыю, што быў затрыманы старшыня райвыканкаму, але ў райвыканкаме гэта не пацьвярджаюць і наогул адказваюць, што „ўсялякія чуткі не камэнтуюць“. А далей прэтэнзіі да скану самога паста блогера Nexta.

І таму гэта будзе прэцэдэнт, калі трэба будзе абвяргаць фатаздымак, што там сфатаграфавана. Таму мы будзем спрабаваць неяк патлумачыць гэтую сытуацыю і дамовіцца мірна, дасудова вырашыць гэты канфлікт», — сказала карэспандэнту Свабоды Сьвятлана Калінкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG