У Берасьце прыбылі дэсантнікі 106-й гвардзейскай дывізіі з Расеі. З беларускага боку ў вайсковых вучэньнях прымаюць удзел салдаты 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, паведамляе сайт Мінабароны.
У сумесных беларуска-расейскіх вучэньнях прымуць удзел 900 вайскоўцаў, 250 адзінак баявой тэхнікі, а таксама і авіяцыя. Актыўная фаза вучэньняў пройдзе з 21 да 25 кастрычніка.
Паводле Мінабароны, вайскоўцы будуць вучыцца дэсантавацца, рабіць выведвальныя дзеяньні, весьці агонь з агнявых сродкаў. Заплянавана практычная стральба штурмавой авіяцыі.
Як паведамляе незалежны тэлеканал Белсат, нягледзячы на тое, што вучэньні пачнуцца толькі цяпер, расейскія вайскоўцы знаходзяцца ў Беларусі з 12 кастрычніка. Цягам тыдня беларускі бок ладзіў для іх культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Расейскія вайскоўцы пабывалі ў розных месцах Берасьцейшчыны, наведалі розныя музэі.