На палігоне Муліна ў Ніжагародзкай вобласьці Расеі ў пятніцу 13 верасьня пачаліся расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Шчыт Саюзу–2019».
Агулам у вучэньнях заяўлены ўдзел каля 12 тысяч вайскоўцаў і да 950 адзінак баявой тэхнікі, 70 самалётаў і верталётаў.
Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, зь беларускага боку ў Расею выправілі звыш 30 беларускіх танкаў і 80 баявых машын, каля 50 рэактыўных сыстэм залпавага агню і «парадку 15» самалётаў і верталётаў.
Тэма вучэньняў, як паведамляў беларускі бок, — гэта падрыхтоўка і выкарыстаньне груповак войскаў для гарантаваньня бясьпекі «саюзнай дзяржавы», а мэта вучэньняў «мае клясычны характар». Анансаваліся таксама трэніроўкі для «недапушчэньня дэстабілізацыі становішча».
Напярэдадні пачатку вучэньняў перад дзьвюма сотнямі вайскоўцаў выступіў вакальна-інструмэнтальны ансамбаль «Белыя ночы», які з імправізаванай сцэны выканаў песьні пра Другую сусьветную вайну. Як сьцьвярджае расейскае Міністэрства абароны, вайскоўцы найбольш ацанілі сучасную песьню «Две сестры, Беларусь и Россия».
Беларускія вайскоўцы і тэхніка маюць вярнуцца дамоў да 4 кастрычніка.