Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Слонімскага райвыканкаму зьменшыў прэтэнзіі да блогера NEXTA. Пачатак суду


Марыя Колесава-Гудзіліна, якая прадстаўляе інтарэсы Генадзя Хоміча. Менск, 8 кастрычніка 2019 году
Марыя Колесава-Гудзіліна, якая прадстаўляе інтарэсы Генадзя Хоміча. Менск, 8 кастрычніка 2019 году

18 кастрычніка ў Менскім раённым судзе пачаўся разгляд пазову старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сьцяпана Пуцілы аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды.

Генадзь Хоміч удакладніў пазоў і цяпер патрабуе 10 тысяч рублеў кампэнсацыі маральнай шкоды замест ранейшых 50 тысяч.Таксама ў пазове публікацыя паста NEXTA разьбітая па фразах.

Абодва, пазоўнік і пазваны, у суд не зьявіліся, інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша.

Сьцяпан Пуціла сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў працэсе ня будзе яго прадстаўніка, у суд ніякіх матэрыялаў ён не накіроўваў, бо для яго «гэта ня суд». Ён сказаў, што ягоныя крыніцы пацьвярджаюць інфармацыю пра Хоміча, хоць «ёсьць невялікія разыходжаньні ў дробязях». Ён сказаў, што «паралельна, але з разуменьнем» ставіцца да таго, што іншыя выданьні, якія перадрукавалі пост, ідуць на міравую з Хомічам. Асноўнае паседжаньне ў справе прызначылі на 12 лістапада.

10 жніўня тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы. Хоміч стаў аспрэчваць, што яго і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Як гаворыцца ў пазове, пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі каля 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ.

Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак. Спачатку ён ацаніў нанесеную яму маральную шкоду ў 50 тысяч рублёў. Грошы ён зьбіраецца пералічыць Слонімскай бальніцы на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня.

Аналягічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласьнікаў незалежных выданьняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост Nexta.

Пазоў Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай Савецкі суд Менску пачаў разглядаць 8 кастрычніка, чарговае пасяджэньне прызначана на 30 кастрычніка.

Хоміч пайшоў на міравую з сайтам 21.by, які мусіць заплаціць старшыні райвыканкаму кампэнсацыю маральнай шкоды ў 1500 рублёў. У справе супраць «Вечернего Бобруйска» адбыліся два пасяджэньні, наступнае прызначана на 6 лістапада.

З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, сплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG