Нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў агляд да Ўсясьветнага дня харчаваньня, які адзначаюць 16 кастрычніка. Паглядзелі, колькі і чаго ядуць беларусы.
Болей мяса, меней бульбы
У 2018 годзе ў параўнаньні з 2010-м беларусы сталі больш есьці мяса, садавіны і гародніны, а меней — бульбы і яек. Малочных жа прадуктаў спажылі столькі сама:
🔺 садавіна і ягады +27 кг
🔺 мяса +10 кг
🔺 гародніна +1 кг
= малочныя прадукты
🔻 бульба −13 кг
🔻 яйкі −33 шт.
У 2018 годзе ў сярэднім кожны жыхар Беларусі зьеў:
- 247 кг малака і малочных прадуктаў
- 170 кг бульбы і бульбапрадуктаў
- 150 кг гародніны, бахчавых 🍈 🍉 і прадуктаў іх перапрацоўкі
- 94 кг мяса і мясапрадуктаў
- 92 кг садавіны, ягад і прадуктаў іх перапрацоўкі
- 259 яек
Сёлета за восем месяцаў беларусы патрацілі на ежу 15 мільярдаў рублёў. Гэта 51,4% усяго розьнічнага таваразвароту.
Дзясятая частка бульбы ў крамах — імпартная
Сёлета ў 78,3% выпадкаў у Беларусі аддавалі перавагу айчынным прадуктам, а попыт на некаторыя зь іх беларускія вытворцы задавальняюць практычна цалкам, а менавіта:
- 100% на яйкі 🍳
- 99,9% на мяса і мясныя прадукты і сьметанковае масла,
- 94,5% на цукар,
- 93,7% на сыры,
- 90,2% на муку,
- 89,8% на бульбу 😮
Сярод замежных прадуктаў у першым паўгодзьдзі 2019 году больш прадалі
- садавіны — 93,2% ад розьнічнага таваразвароту,
- алею — 87,7%,
- рыбы — 82,3%
- грэчкі — 70,3%.
Усяго ў Беларусі 17 тысяч прадуктовых крамаў (29% ад агульнай колькасьці крамаў), 18 — на кожныя 10 тысяч чалавек.
Беларускае ядуць у 75 краінах
На аднаго жыхара Беларусі ў 2018 годзе выраблялі мяса ўдвая больш, чым у Расеі і Казахстане.
Па вытворчасьці малака Беларусь апярэджвае Казахстан у 2,5 разу, Украіну, Армэнію і Расею ў 3,2 — 3,7 разу.
У СНД Беларусь лідзіруе па вытворчасьці на душу насельніцтва
- малака — 775 кг,
- бульбы — 618 кг,
- мяса — 129 кг 🍖
Беларуская ежа трапляе на паліцы крамаў у 75 краінах сьвету. У 2018 годзе харчовыя прадукты склалі 12,9% ад агульнага аб’ёму экспарту беларускіх тавараў.