Навукоўцы, якія вывучаюць казюрак, пачынаюць думаць над тым, як масава рабіць зь іх смачную і карысную ежу. І хоць гэта гучыць як ідэя для чарговага антыўтапічнага рамана пра змрочную будучыню чалавецтва, ужо цяпер існуюць прыхільнікі ідэі разьвіваць харчовую індустрыю ў бок вытворчасьці з насякомых.
Але не заўсёды гэта здавалася такім дзіўным — Арыстотэль, напрыклад, любіў есьці цыкадаў. Пліній Старэйшы атрымліваў асалоду ад спажываньня лічынак жукоў. Яны мала чым адрозьніваліся ад аматараў насякомых на іншых кантынэнтах — пра ўсё гэта піша газэта The New York Times.
Энтамафагія
Гэта складанае слова паходзіць ад грэцкай і лацінскай моваў — «энтамон» значыць «казюрка», а «фагус» азначае «карміцца».
Некаторыя думаюць, што менавіта насякомыя змогуць вырашыць глябальную праблему недахопу харчоў.
У 2013 годзе Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН выпусьціла даклад аб неабходнасьці зьмяніць традыцыйныя крыніцы бялка на бялок насякомых дзеля ўстойлівага разьвіцьця. Даклад паспрыяў таму, каб людзі пачалі думаць над тым, як бы зрабіць чарвякоў і інсэктаў нармальнай і звыклай нам ежай.
Некаторыя народы змогуць апынуцца ў авангардзе харчовай рэвалюцыі
Пра тое, што людзі елі казюрак, сьведчаць гістарычныя пісьмовыя крыніцы, муміі і акамянелыя экскрэмэнты, якія дагэтуль знаходзяць у пячорах па ўсёй Паўночнай Амэрыцы і на іншых кантынэнтах.
Сёньня мільёны людзей ва ўсім сьвеце працягваюць спажываць больш за 2100 відаў насякомых. Нават у ЗША індзейская народнасьць кудзадзікадзі, што ў перакладзе з паўночнай паютэ (індзейская мова, распаўсюджаная на захадзе ЗША) азначае «мухаеды», з задавальненьнем ядуць капшучкі мух, якіх асабліва шмат водзіцца вакол салёнага возера Мона ў Каліфорніі.
Некаторыя пакупнікі ўжо цяпер могуць браць прыклад з індзейцаў і пачаць набываць муку і пратэінавыя батончыкі з цвыркуноў — у ЗША яны прадаюцца ў спэцыялізаваных крамах і на Amazon.
«Запраграмаваныя» баяцца казюрак
Прыхільнікі энтамарфагіі лічаць, што людзей можна «перапраграмаваць» — зьмяніць тое, як людзі ставяцца да насякомых.
Тым больш што некалі ў мінулым сушы, амары і нават аліўкавы алей ды памідоры не лічыліся добрай ежай і былі незнаёмыя шматлікім культурам.
Адукаваныя бацькі, разумеючы прыроду сваёй непрыязнасьці да насякомых, могуць устрымацца ад таго, каб перадаваць сваім дзецям гэтыя страхі.
Нязвыклая галіна
У ЗША чорныя львінкі, якія добра пераўтвараюць прадукты жыцьцядзейнасьці ў бялок, ужо даўно выкарыстоўваюцца ў якасьці корму для птушак і рыбы.
Каб лепей зразумець, як вырабляць больш чорных ільвінак, дасьледчыкі пачалі вывучаць іхныя рэпрадукцыйная сыстэмы — ад формаў страваводу і да даўжыні «хвастоў» спэрмы. Навукоўцы таксама выявілі, што лічынкі, выгадаваныя ва ўмовах параўнальна нізкай шчыльнасьці, маюць лепшыя шанцы выжыць, лепей набіраюць вагу і разьвіваюцца хутчэй.
Гэтае дасьледаваньне можа дапамагчы далейшаму масаваму вывядзеньня іншых насякомых для ўжываньня іх у якасьці стравы. Напрыклад, можна было б выводзіць чарвякоў мучных хрушчакоў ці цвыркуноў, якіх, на жаль, яшчэ ня ўмеюць гадаваць у прамысловых маштабах, каб такім чынам можна было пракарміць масы людзей.
Гадамі праводзіліся сельскагаспадарчыя дасьледаваньні і ствараліся рэгуляцыі ў харчовай індустрыі — усё дзеля таго, каб зрабіць ялавічыну, птушынае мяса і сьвініну больш здаровымі і бясьпечнымі. На жаль, аналягічныя дасьледаваньні і правілы для большасьці відаў насякомых яшчэ ня выпрацаваны.
А што ў Беларусі?
Для Беларусі цвыркуны пакуль нязвыклая ежа, але прадпрымальнік Сяргей Макараў ужо стварыў першую ў краіне фэрму (кампанію «Онта-біятэхналёгіі») казюрак і плянуе ў будучыні значна яе пашыраць.
Прадукт, які атрымліваюць з цвыркуноў, — пратэінавая мука для фітнэс-харчаваньня. У Эўропе і ЗША яе ўжо даўно выкарыстоўваюць нават для вырабу хлеба і салодкіх батончыкаў.
Летась ягоная кампанія, разам з кампаніяй «Анега», таксама пачалі вырабляць чыпсы, зробленыя з цвыркуноў.