Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію ў фізыцы атрымалі дасьледнікі космасу

абноўлена

Нобэлеўскую прэмію 2019 году ў галіне фізыкі атрымалі Джэймс Піблз «за тэарэтычныя адкрыцьці ў фізычнай касмалёгіі» ды Мішэль Маёр і Дыд’е Кэлёз «за адкрыцьцё экзаплянэты на арбіце вакол зоркі сонечнага тыпу».

Канадзка-амэрыканскі фізык Джэймс Піблз, прафэсар Прынстану, — адзін з галоўных тэарэтыкаў сучаснай касмалёгіі.

Швайцарскія астраномы Мішэль Маёр і Дыд’е Кэлёз у 1995 годзе прынцыпова новым спосабам, пры дапамозе вылічэньняў, адкрылі 51 Пэгаса b, першую экзаплянэту, якая круціцца вакол падобнай да Сонца зоркі 51 Пэгаса. Астраномы зафіксавалі гравітацыйныя ваганьні каля зоркі, а разьлікі паказалі, што яны выкліканыя менавіта плянэтай на арбіце вакол яе.

Важнасьць тэмы экзаплянэт падкрэсьлівае тое, што да 1992 году астраномам было вядома ўсяго 8 плянэт (ці 9, калі разам з Плютонам). Але з таго часу, калі ў астраноміі былі ўкаранёныя новыя дасьледніцкія мэтады, іх было адкрыта ўжо больш за 4000.

Нобэлеўская прэмія па фізыцы прысуджаецца Акадэміяй навук Швэцыі. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 112 разоў 209 ляўрэатам (адзін зь іх, амэрыканскі фізык Джон Бардын, атрымаў прэмію двойчы: 1956 — за вынаходніцтва транзыстара; 1972 — за працы аб звышправоднасьці).

Кожны зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі атрымлівае залаты мэдаль і дыплём. Нобэлеўская прэмія таксама ўключае фінансавую частку: ляўрэат атрымлівае 9 мільёнаў швэдзкіх кронаў (0,9 мільёна даляраў). Калі ляўрэатаў некалькі, гэтая сума дзеліцца паміж імі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG