Як паведамляе агенцтва «Reuters», Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя (NBA) у панядзелак сутыкнулася з хваляй крытыкі — прычынаю стаў твіт галоўнага мэнэджэра баскетбольнай каманды «Houston Rockets» Дэрыла Морэя, у якім той выказаўся ў падтрымку дэманстрантаў у Ганконгу.
Празь некаторы час твіт быў выдалены самім мэнэджарам, але гэта ўсё роўна раззлавала шматлікіх аматараў баскетболу ў Кітаі.
NBA ужо заявіла пра сваё разуменьне, што погляды, выказаныя мэнэджарам, былі ўспрыняты ў Кітаі як абразьлівыя, і таму яны «шкадуюць, што так атрымалася».
У вэрсіі заявы на кітайскай мове, якую апублікавалі ў Кітаі, гаворыцца, што NBA была «вельмі расчараваная недарэчнымі заўвагамі Морэя».
Рэакцыі на гэтую падзею былі самыя розныя. Прынамсі два сэнатары ЗША (ад штату Тэхас, дзе знаходзіцца сама баскетбольная каманда, і ад штату Флорыда) падтрымалі пазыцыю Морэя наконт пратэстаў і асудзілі NBA за рашэньне прасіць прабачэньня ў Кітая.
У Кітаі абурэньне выклікаў сам твіт — сярод тых, хто выказаўся на гэту тэму, фігураваў сузаснавальнік кампаніі-гіганта інтэрнэт-камэрцыі Alibaba Джозэф Тай і рэдактар дзяржаўнай газэты Global Times Ху Сіцьзінь.