Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага «шпіёна» за дзень да сустрэчы Лукашэнкі і Зяленскага вызвалілі з-пад варты


Юры Палітыка
Юры Палітыка

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава вызваліў з-пад варты грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку, абвінавачанага ва Ўкраіне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць «нявызначанага дзяржаўнага органа Беларусі».

Як паведаміў Свабодзе ягоны адвакат Тарас Гаралюк, адпаведнае рашэньне ўхвалена сёньня на пасялджэньні па выніках разгляду ягонага хадайніцтва.

Сёлета ў жніўні суд ужо ухваліў рашэньне аб магчымасьці вызваленьня Юрыя Палітыкі пад пэўныя абмежаваньні пры ўмове сплаты закладу ў памеры 576,3 тысяч грыўняў (прыблізна 23 тысячы даляраў).

«Заклад ніхто ня сплачваў. Суд зьмяніў меру папярэдняга ўтрыманьня ў дачыненьні да яго. Я падаваў адпаведнае хадайніцтва. Ён вызвалены пад асабістыя абавязацельствы», — паведаміў Тарас Гаралюк.

Паводле яго, судовы працэс па разгляду ягонай справы будзе працягвацца, і Юры Палітыка мусіць зьяўляцца на паседжаньні па выкліку суда і не ўплываць на сьведкаў.

На пытаньне, у якой краіне грамадзянін Беларусі мусіць знаходзіцца, Тарас Гаралюк адказаў: «Ён можа жыць, дзе хоча, з правам выезду, куды хоча».

Гісторыя шпіёнскага скандалу

  • Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка быў затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
  • Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці толькі сёлета ў красавіку.
  • Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
  • 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2, а Камісія памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі вывучае ягоныя дакумэнты аб памілаваньні.

Увесь гэты час праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны не выключалі магчымага абмену Юрыя Палітыка і Паўла Шаройкі. У жніўні 2018 году група беларускіх пракурораў прыяжджала ў Кіеў на сустрэчу з калегамі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Але бакі не змаглі дамовіцца, бо Беларусь настойвае на тым, што Юры Палітыка ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.

На сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час гатовы разгледзець памілаваньне асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі, а таксама беларуса Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ў шпіянажы ва Ўкраіне. Дамоўленасьці пра гэта, сьцьвярджае ён, былі з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але свае абавязкі ня выканаў украінскі бок.

Ці будзе абмен, ці нейкі іншы мэханізм рашэньня «шпіёнскага» пытаньня, Лукашэнка не ўдакладніў.

Заўтра ў Жытоміры мае адбыцца першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG