Саудаўская Арабія цалкам аднавіла здабычу нафты пасьля нападу бесьпілётнікаў на аб’екты дзяржаўнай нафтавай кампаніі Saudi Aramco. Пра гэта заявіў кіраўнік АПЭК Мухамад Баркінда. Раней пра поўнае аднаўленьне здабычы нафты ў Саудаўскай Арабіі са спасылкай на крыніцы паведамлялі Bloomberg і расейскае выданьне «Ведомости».
Напад бесьпілётнікаў на два заводы Saudi Aramco адбыўся 14 верасьня. У выніку яго здабыча нафты ў Саудаўскай Арабіі скарацілася ўдвая, а сусьветныя цэны на нафту на наступных таргах падняліся на 10% (пазьней яны зьнізіліся практычна да таго ўзроўню, на якім былі перад атакай). Саудаўская Арабія і ЗША абвінавацілі ў нападзе Іран.
У канцы мінулага тыдня кронпрынц Саудаўскай Арабіі Мухамад бін Салман папярэдзіў, што сусьветныя цэны на нафту могуць вырасьці да «неймаверна высокіх узроўняў», калі міжнародная супольнасьць ня зойме «моцную і цьвёрдую» пазіцыю ў дачыненьні да Ірану. Ён дадаў, што аддасьць перавагу палітычнаму рашэньню перад ваенным, бо апошняе пацягне за сабой крах сусьветнай эканомікі.