Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін


Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота
Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота

Каталіцкі касьцёл абвясьціў пра агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ў абарону традыцыйнай сям’і і прыняцьця закону супраць прапаганды аднаполых адносін.

Гэта пацьвердзіў Свабодзе прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.

Вінаватыя СМІ і сацыяльныя сеткі

Экспэртная рада па пытаньнях жыцьця і сям’і пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасьцяў інстытуту сям’і.

І вінаватыя ў гэтых «тэндэнцыях непавагі» СМІ і сацыяльныя сеткі.

«У першую чаргу яны скіраваныя на дзяцей і моладзь праз СМІ, сацыяльныя сеткі, спэцыяльныя сэмінары па гендэрнай роўнасьці, квір-фэстывалі, падручнікі для псыхолягаў і журналістаў», — падкрэсьліваюць аўтары звароту.


Сябра экспэртнай рады Ўладзіслаў Валаховіч сказаў Свабодзе, што ініцыятыва паходзіла ад самога мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

«Збор подпісаў ідзе каля касьцёлаў пасьля сьвятой імшы. Адмыслова вызначаных людзей, адказных за збор подпісаў, няма. Зьбіраюць подпісы проста неабыякавыя людзі, якіх турбуе гэтая праблема, бо гэта адпавядае вучэньню каталіцкага касьцёла. Людзі падпісваюцца вельмі ахвотна. Дакладную лічбу пакуль не скажу, таму што ўвесь час колькасьць падпісантаў расьце. Але гаворка ідзе ўжо пра некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў, сабраных сёлета», — кажа спадар Валаховіч.

«Гэта не сацыялістычнае спаборніцтва. Колькі назьбіраем подпісаў, столькі і будзе»

Паводле сябра Экспэртнай рады Ўладзіслава Валаховіча, подпісы зьбіралі яшчэ летась — за два тыдні больш за 7000 чалавек падпісаліся пад зваротам да Лукашэнкі аб забароне прапаганды аднаполых зносінаў.

На пытаньне, колькі трэба сабраць сёлета, якая пастаўленая задача, Уладзіслаў Валаховіч адказаў з гумарам:

«Плян не даводзілі, гэта не сацыялістычнае спаборніцтва. Колькі назьбіраем подпісаў, столькі і будзе. Наша асноўная задача — каб каталікоў пачулі».

Каталіцкі касьцёл у Беларусі таксама зьвяртаецца да заканадаўцаў з заклікам распрацоўваць і прымаць законы «ў адпаведнасьці зь вечна актуальнымі этычнымі нормамі».

«Каталіцкі Касьцёл рашуча абараняе традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці, выступае супраць садомскага граху, які зьяўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсьце да Неба. А за грэшнікаў, якія сьвядома парушаюць шостую Божую запаведзь, у тым ліку за тых, якія маюць аднаполыя зносіны, трэба маліцца і заклікаць іх да навяртаньня», — гаворыцца ў звароце.

«Некарэктны сам зьмест пэтыцыі, скіраваны на тыя групы, якія і так знаходзяцца ў сытуацыі ціску»

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

Тэоляг і праваабаронца Натальля Васілевіч кажа, што вернікі, як і іншыя групы ў грамадзтве, маюць права выказваць свае меркаваньні і нейкім чынам спрабаваць уплываць на дзяржаўную палітыку. У тым ліку і каталікі могуць выступаць з ініцыятывай і зьбіраць подпісы, і ЛГБТ маюць права стаяць каля таго ж касьцёла і зьбіраць подпісы пад альтэрнатыўнымі пэтыцыямі.

«Але, на мой погляд, некарэктны сам зьмест пэтыцыі, скіраваны на тыя групы, якія і так знаходзяцца ў сытуацыі ціску, дыскрымінацыі ў Беларусі. У сытуацыі, калі ёсьць выпадкі гвалту ў дачыненьні да людзей альтэрнатыўнай сэксуальнай арыентацыі. Прычым гвалту брутальнага, аж да забойства, а дзяржава з гэтым не змагаецца і нічога ня робіць, каб людзі маглі вольна жыць і не баяцца за сваю бясьпеку. Гэта спрыяе новаму раздраю ў грамадзтве, падвышэньню градусу агрэсіі і нянавісьці.

Магчыма, царква проста не дае рады данесьці ў вольнай грамадзкай дыскусіі дастаткова зразумела і пераканаўча для сваіх прыхаджанаў ці шырокага грамадзтва пазытыўнае аблічча таго, што яны называюць „традыцыйнай сям’ёй“.

Так, сям’ю і традыцыйныя каштоўнасьці можна падтрымліваць і прапаведаваць, але не такімі мэтадамі: царква не павінна прыцягваць дзяржаву як рэпрэсіўны апарат, які будзе навязваць грамадзтву пэўныя мадэлі паводзінаў як адзіна правільныя. Сама па сябе традыцыйная сям’я не зьяўляецца нечым выключна добрым», — кажа Натальля Васілевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG