Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская Грэта» з Камароўкі. Чаго дамагаецца экалягічная актывістка

абноўлена

Вераніка Яновіч
Вераніка Яновіч

У ляўрэаткі прэміі Right Livelyhood Award, якую называюць «альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй», 16-гадовай швэдзкай экалягічнай актывісткі Грэты Тунбэрг зьявіліся пасьлядоўнікі ў Беларусі.

Вераніка Яновіч, актывістка моладзевага крыла «Зялёных», наладзіла імправізаваны «кліматычны страйк» на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Менску. Яе каманда займаецца тым, што ахоўвае зялёныя каштоўнасьці, ініцыюе адукацыйныя імпрэзы і г.д.

Наступствы павінны хваляваць кожнага

«Грэта запусьціла працэс Fridays for Future („Пятніцы дзеля будучыні“), у якім спачатку ўдзельнічалі школьнікі, пасьля далучыліся студэнты. А вось Global Climate Strike — гэта ўжо для ўсіх неабыякавых, і кампанію падхапілі па ўсім сьвеце. Ад 20 верасьня да кліматычнага страйку далучылася каля 4 мільёнаў чалавек са 150 краін, і было вельмі прыкра, што ў гэтым шэрагу не аказалася Беларусі», — тлумачыць Вераніка.

Грэта Тунбэрг мае магчымасьць выйсьці зь пікетам да швэдзкага парлямэнту. Беларускія зялёныя актывісты на такое нават не замахваліся, бо вельмі хутка апынуліся б у пастарунку. Яны паспрабавалі арганізаваць манстрацыю ў сталічным Кіеўскім сквэры. Атрымаўшы адмову ад уладаў, урэшце прынялі рашэньне выходзіць нефармальна, у адзіночку ў людныя месцы, каб зацікавіць людзей экалягічнымі праблемамі.

Дзяўчына кажа, што народ рэагуе досыць актыўна: падыходзяць, цікавяцца, фатаграфуюцца. Нават пытаюцца, ці ня трэба якой гуманітарнай дапамогі.

«Але ні рэчаў, ні грошай не зьбіраем, — са сьмехам рэагуе актывістка. — Проста такім чынам хочам паказаць людзям, што ў Беларусі таксама трэба выходзіць, папярэджваць пра экалягічныя наступствы, якія павінны хваляваць кожнага. Гэта праблема глябальнага парадку».

Ляўрэатамі прэміі Right Livelyhood Award, якую сёлета прысуджаюць 40-ы раз, становяцца людзі, якія актыўна змагаюцца супраць забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, ядзернай пагрозы, парушэньняў правоў чалавека і дыскрымінацыі прадстаўнікоў меншасьцяў. Грэту Тунбэрг намінавалі і на Нобэлеўскую прэмію, яе шанцы ацэньваюцца як досыць высокія.

Цалкам салідарная са швэдзкай актывісткай

Грэта Тунбэрг (Greta Thunberg) падчас выступу ў ААН
Грэта Тунбэрг (Greta Thunberg) падчас выступу ў ААН

Швэдзкая школьніца стала вядомай як ініцыятарка кампаніі, у рамках якой маладыя людзі замест вучобы ладзяць масавыя мерапрыемствы, каб прымусіць палітыкаў прыслухацца да іхніх патрабаваньняў і прыняць тэрміновыя меры дзеля барацьбы са зьменамі клімату.

16-гадовая экалягічная актывістка два тыдні плыла на парусьніку ў ЗША, каб там выступіць на саміце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

«Вы, менавіта вы скралі мае мары і маё дзяцінства сваімі пустымі размовамі! А ўсё, пра што вы можаце думаць, — гэта грошы і казкі пра вечны эканамічны рост!»

Прамова ў ААН, у якой яна прадказала экалягічную катастрофу ў сьвеце і абвінаваціла ў гэтым палітыкаў, выклікала неадназначную рэакцыю. Многія лічаць, што ня справа школьніцы вырашаць такія праблемы. Іншыя казалі пра дыягназы, якія ставяць пад пытаньне яе псыхічнае здароўе.

Вераніка Яновіч цалкам на баку Грэты Тунбэрг, а скептыцызм сьпісвае на тое, што «дарослым» проста непрыемна чуць праўду.

«Няважна, якія ў яе праблемы са здароўем, я абсалютна салідарная зь яе думкамі, — працягвае беларуска. — Яе высновы ня ўзятыя зь ніадкуль, яны грунтуюцца на тым досьведзе, які вынікае з праблемаў кліматычных зьменаў на нашай плянэце».

На імправізаваным плякаце-скрыні Вераніка напісала: «Кліматычны страйк у Беларусі?..» Чаму з пытальнікам?

«Бо гэта яшчэ нагода паразважаць над іншым, — кажа яна. — У беларускіх варунках гаворка ня толькі пра клімат, а і пра магчымасьць выказваць уласную думку, выходзіць на вуліцу. Таму пытальнік — яшчэ і напамін пра шматлікія абмежаваньні ў Беларусі. Амаль увесь сьвет можа гэта рабіць, нават у Аўганістане выказваюць заклапочанасьць экалягічнымі наступствамі. А нам нельга... Пытаньне — чаму?»

Адгаворка краіны, якая вечна «разьвіваецца»

Паводле суразмоўніцы, за дзьве гадзіны яе адукацыйнай акцыі на агароджы клюмбы абышлося без надзвычайных здарэньняў — сілавікі, якія звычайна хутка рэагуюць на любыя «несанкцыянаваныя мерапрыемствы», гэтым разам яе праігнаравалі.

Якія экалягічныя праблемы, зь яе гледзішча, найбольш актуальныя для Беларусі?

«Прадпрыемствы за мяжой цяпер арыентаваныя на тое, каб не выкідаць у паветра СО2. А ў нас лічыцца, што мы краіна, якая разьвіваецца, таму і ня так шмат робім выкідаў, як індустрыяльныя гіганты. Адпаведна, ніякай заклапочанасьці няма — маўляў, спачатку трэба разьвіць эканоміку, а потым ужо хвалявацца. Але навошта патрэбная тая эканоміка, калі ўсе будуць хворыя?»

Паводле яе прагнозаў, беларускія ўлады рэальна заклапоцяцца гэтым пытаньнем толькі тады, калі пачнуцца жорсткія глябальныя зьмены і зьявіцца новы від міграцыі — кліматычнай. Адкладаць на заўтра тое, што трэба вырашаць ужо сёньня, ніяк не выпадае, падсумоўвае Вераніка Яновіч. І няхай здаецца, што ўсё гэта недзе далёка і Беларусі ня тычыцца, насамрэч такое ўяўленьне цалкам памылковае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG