16-гадовая швэдзкая экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг стала адным з чатырох ляўрэатаў прэміі Right Livelyhood Award, якую называюць «альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй», за 2019 год.
У гэтым годзе прэмію, якая была заснавана ў Стакгольме, прысуджаюць у 40-ы раз. Яе ляўрэатамі становяцца людзі, якія актыўна змагаюцца супраць забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, ядзернай пагрозы, парушэньняў правоў чалавека і дыскрымінацыі прадстаўнікоў меншасьцяў, — паведамляе Deutsche Welle.
Швэдзкая школьніца стала вядомай, як ініцыятар кампаніі «Пятніцы дзеля будучыні» (Fridays for Future), у рамках якой школьнікі і студэнты замест вучобы ладзяць масавыя мерапрыемствы з мэтай прымусіць палітыкаў прыслухацца да іх патрабаваньняў аб неабходнасьці тэрміновых мер па барацьбе са зьменамі клімату.
Акрамя Тунбэрг, ляўрэатамі «Альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміі» сталі праваабаронца Амінату Хайдар з Заходняй Сахары, кітайскі адвакат Го Цзянмэй і прадстаўнік карэннага насельніцтва Бразыліі Душы Капэнава, які змагаецца за захаваньне лясоў Амазоніі.
Грэта Тунбэрг намінаваная і на саму Нобэлеўскую прэмію. Букмэкеры досыць высока ацэньваюць яе шанцы на прэмію міру.