Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў карыстацца толькі беларускай касмэтыкай

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас наведваньня 27 верасьня менскага заводу «Вітэкс» і прадпрыемства «Беліта», якія займаюцца вытворчасьцю касмэтыкі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цалкам пяройдзе на беларускія касмэтычныя сродкі, піша БелТА.

«Усю імпартную павыкідайце і пастаўце, што мне трэба, — казаў Лукашэнка пра касмэтыку. — Абяцаю, што ніколі. Нават калі хтосьці падорыць, я тады перадару. Сваё трэба выкарыстоўваць».

Таксама ён папрасіў даць кожнай з прысутных у час візыту жанчын узоры прадукцыі «Вітэкс», а падарункі паабяцаў аплаціць з уласных сродкаў.

Паводле Лукашэнкі, замежная касмэтыка ня лепшая за беларускую, «усё яно прыкладна аднолькавае, але гэтая зь мясцовай сыравіны».

На думку Лукашэнкі, «Вітэкс» пасьпяхова займаецца сельскай гаспадаркай (касмэтычнай кампаніі перадалі стратны калгас), і гэта — «узор таго бізнэсу, які трэба мець у Беларусі».

«Вітэкс» экспартаваў за мінулы год прадукцыі на 45 млн даляраў (59% прадукцыі ідзе на экспарт), павялічыў аб’ёмы вытворчасьці на 7%. Цяпер на менскім прадпрыемстве працуюць 830 чалавек, у філіі ва Ўзьдзенскім раёне — 220 чалавек (плянуюць павялічыць да 500 налета), у аграрнай вытворчасьці — 100 чалавек. Сярэдні заробак у кампаніі «Вітэкс», як сьцьвярджаецца, склаў 1900 рублёў за месяц, а на аграрнай вытворчасьці кампаніі ў вёсцы Цеплень — 940 рублёў.

«Пасадзіце хоць бы елачкі»

Лукашэнка таксама зьвярнуў увагу на задачы ў азеляненьні Менску і адзначыў, што адкосы ўздоўж дарог, дзе ён праяжджаў, «голыя». А людзі там некалькі разоў на год косяць траву — «гэта затраты», дадаў Лукашэнка. Цягам восені ён даручыў разабрацца з гэтым кіраўнікам сталічных раёнаў.

«Пасадзіце там кустарнік — раз на 3-5 гадоў падрэзаў, сфармаваў, каб прыгожым быў, і Менск набудзе іншае аблічча, — прапанаваў Лукашэнка. — Гэта ж вітрына. Пасадзіце хоць бы елачкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG