Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Год таму Міністэрства прыроды Беларусі публікавала справаздачу (PDF) «Агракліматычнае занаваньне тэрыторыі Беларусі з улікам зьменаў клімату», зробленую ў межах распрацоўкі стратэгіі адаптацыі сельскай гаспадаркі краіны да новага варункаў.

Як адзначаюць навукоўцы, ад 1989 году ў Беларусі назіраюцца пасьлядоўныя зьмены клімату: цяплейшыя зімы, ранейшыя надыходы вясны, часьцейшыя засухі, вышэйшыя сярэднія тэмпэратуры паветра… Усё гэта ўжо добра дасьледавана і мае прыкметны ўплыў на сельскую гаспадарку.

Калі раней у Беларусі вылучалі тры кліматычныя зоны, то ў 1989–2015 гадах зьявілася чацьвёртая, больш цёплая, на поўдні, а найхаладнейшая амаль зьнікла. Сярэднегадавая тэмпэратура з 1989-га перавысіла на 1,3 градуса кліматычную норму, у 2015-м — перавысіла аж на 2,7°С.

Кавуны вырошчваюць ужо і на «лукашэнкаўскіх» градках…
Кавуны вырошчваюць ужо і на «лукашэнкаўскіх» градках…
…і на звычайных градках на захадзе Беларусі. На фота: гарадзенец Мікола Таранда, які сёлета вырасьціў два дзясяткі кавуноў на лецішчы за горадам у вёсцы Пагараны
…і на звычайных градках на захадзе Беларусі. На фота: гарадзенец Мікола Таранда, які сёлета вырасьціў два дзясяткі кавуноў на лецішчы за горадам у вёсцы Пагараны

Зьмены клімату, што ўжо адбыліся за апошнія тры дзясяткі гадоў, маюць і станоўчыя, і адмоўныя эфэкты. Павялічваецца вэгэтацыйны пэрыяд расьлінаў, сельскагаспадарчыя культуры атрымліваюць больш цяпла, азімыя менш перамярзаюць.

Але пры гэтым падвышаецца імавернасьць экстрэмальных гідрамэтэаралягічных умоваў, праз засухі зьніжаецца ўраджайнасьць, псуюцца глебы, зьяўляюцца новыя шкодныя расьліны і хваробы карысных расьлінаў. Праз новы клімат горш становіцца позьнім гатункам бульбы, лёну, капусьце, атаве.

Што будзе

Навукоўцы пралічылі два сцэнары зьмены клімату ў залежнасьці ад таго, якім будзе ўзьдзеяньне чалавека на прыроду і колькі будзе «лішняга» вуглякіслага газу ў атмасфэры.

  • У 2041–2060 гадах пры «сярэднім» сцэнары стане цяплей на 1,6°С летам і на 2,4°С зімой. Увосень і ўзіму стане крыху больш ападкаў.
  • Стане на 35 дзён менш такіх, калі тэмпэратура будзе апускацца ніжэй за нуль. Вышэй за нуль будзе 280–310 дзён на год.
  • Зімы ня будзе ў Берасьці і на паўднёвым захадзе Беларусі — там цэлы год будзе ў сярэднім вышэй за нуль.
  • Пры малаверагодным «жорсткім» сцэнары лета стане цяплейшым на 2,3°С, зіма — на 3,1°С, ападкаў летам стане крыху меней, у астатні час крыху больш.
  • Да 2030 году на ўсёй тэрыторыі Беларусі можна будзе вырошчваць кукурузу на зерне, сланечнік.
  • У 2041–2060 гадах на большай частцы Берасьцейшчыны і Гомельшчыны (пры «жорсткім» сцэнары — хоць на Віцебшчыне) можна будзе вырошчваць у значных аб’ёмах вінаград, кавуны, дыні і розную новую для краіны садавіну — клімат будзе, як на ўсходзе Ўкраіны, поўдні Расеі або ў Прыкарпацьці.

Навукоўцы прапануюць больш дэталёва аналізаваць уплыў клімату на сельскую гаспадарку, рыхтаваць закон «Аб ахове земляў і глебаў» і захады для адаптацыі земляробства да новых кліматычных умоваў, разьвіваць аграпрамысловы комплекс з улікам гэтых прагнозаў, пралічыць магчымыя страты ад кліматычных зьменаў.

(Першая публікацыя 20 верасьня 2018 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG