Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінстэрства сельскай гаспадаркі: Беларусь цалкам забясьпечыць сябе збожжам і бульбай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь сёлета цалкам забясьпечыць сябе збожжам і бульбай. Пра гэта 10-га верасьня заявіў журналістам намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Ўладзімер Гракун.

«Нягледзячы на сьпякоту, якая асабліва закранула Берасьцейскую і Гомельскую вобласьці, мы сёлета плянуем выйсьці на 7 мільёнаў тон збожжа. Тое, што мы недабіраем збожжам, дабярэм кукурузай. Сёлета яна ўрадзіла вельмі добра. Што тычыцца бульбы, то сярэдні ўраджай сёлета 320 цэнтнэраў з гектара. З улікам здачы фэрмэрскімі гаспадаркамі і насельніцтвам агульны збор складзе 6 мільёнаў тон клубняў», — паведаміў намесьнік міністра.

Ураджай збожжа ў Беларусі ў папярэднія пяць гадоў (млн т)

  • 2017 — 8,0
  • 2016 — 7,5
  • 2015 — 8,2
  • 2014 — 9,1
  • 2013 — 7,2

У былых савецкіх рэспубліках беларуская бульба «падабаецца больш, чым галяндзкая»

Уладзімер Гракун адзначыў, што сёлета за межы Беларусі адправяць 600 тысяч тон бульбы. Гэта на траціну болей, чым у 2017 годзе.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра геаграфію продажу бульбы за мяжу, Уладзімер Гракун сказаў, што асноўныя спажыўцы «другога хлебу» — гэта Расея і Ўкраіна. Да іх дадаліся Грузія, Казахстан, Азэрбайджан, Малдова, Узбэкістан. Гэтыя краіны ўжо некалькі гадоў атрымліваюць беларускую бульбу. Паводле Гракуна, тамтэйшыя аграрыі кажуць, што сваімі якасьцямі беларуская бульба лепшая за галяндзкую.

Таксама сёлета будуць традыцыйна экспартаваць моркву, капусту, буракі, лішкі льну.

У Беларусі зьбяруць больш за 500 тон кавуноў

Сёлета ў Беларусі плянуецца сабраць больш за 500 тон кавуноў. Паводле спадара Гракуна, нашы мясцовыя кавуны нічым не саступаюць астраханскім. Але, каб яны лепш захоўваліся і былі яшчэ больш смачнымі, спэцыялісты Акадэміі навук Беларусі распрацоўваюць новыя тэхналёгіі. Таксама яны думаюць над тым, як паменшыць долю ручной працы пры вырошчваньні гэтай культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG