Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агрэсія як сьведчаньне бездапаможнасьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Назіраючы за гісторыяй з гомельскай настаўніцай, якая абмацюкала вучня, падумала, што тэма булінгу, у якім ахвярай становіцца настаўнік, у нас зусім не раскрытая. Між тым са шматлікіх камэнтароў, дый з асабістага досьведу, усе мы ведаем, што аб’яднаныя ў клясы дзеці ўмеюць і любяць, калі маюць такую магчымасьць, пазьдзекавацца з дарослага чужака.

Сьцісла

  • Паводле аднаго з бацькоў, падзеі разьвіваліся не зусім так, якімі яны падаюцца на відэа. На ім абрэзаны момант, як хлопчык, на якога ў выніку абрынулася настаўніца, ставіць ёй падножку.
  • Якія інструмэнты назапашаныя нашымі пэдагогамі супраць булінгу? Толькі інструмэнты ўціску. Крык. Пакараньне. Запіс у дзёньнік. Кабінэт дырэктара.
  • Ніводнага разу на курсах перападрыхтоўкі не разабралі вострых тэмаў: што рабіць, калі ў клясу ўваходзіць вучань з нажом, што рабіць, калі дзеці аднекуль дасталі тэлефон і здымаюць на камэру, што рабіць, калі кляса відавочна зьдзекуецца.

На відэа з гомельскай школы, што абляцела ўвесь байнэт, выразна бачна, што вучні ў клясе не разгубленыя, не спуджаныя, не заплаканыя, яны даволі добра пачуваюцца, а настаўніца стаіць перад клясай, нібыта закрываючы сябе партай, і самым недазваляльным чынам (бо разгубленая і спужаная) рэагуе на булінг.

Настаўніцкая агрэсія амаль заўсёды — сьведчаньне бездапаможнасьці (у прынцыпе, як і вучнёўская). Маем завязку: настаўніца прыходзіць на замену ў чужую клясу. Дзеці ня любяць заменаў, асабліва калі настаўнік мае намер ня проста адбыць чужой занятак, дазволіўшы дзецям сядзець у тэлефонах, а правесьці паўнавартасныя ўрокі. Дзеці наогул цяжка прымаюць чужакоў, тым больш тых, хто зараз будзе тут камандаваць, і таму яны імгненна і падсьвядома аб’ядноўваюцца супраць.

Разьвязаць гэтую імгненную рэакцыю нядобразычлівасьці, у прынцыпе, нескладана, але ня кожны ўмее. Пераважна рэагуюць узмацненьнем ціску і карнымі мэтадамі. Спружына сюжэту закручана.

Адзін з бацькоў тых чацьвераклясьнікаў патлумачыў, што падзеі ў клясе разьвіваліся не зусім так, якімі яны падаюцца на відэа. Прыкладам, на ім абрэзаны момант, як хлопчык, на якога ў выніку абрынулася настаўніца, ставіць ёй падножку.

Вучань чацьвёртай клясы — настаўніцы. Нармальна? Мэханізм булінгу запушчаны, дзеці сьмяюцца, нехта ўжо дастаў тэлефон: не для таго, каб запісаць мацюкі настаўніцы (хто ж ведаў, што яны будуць), а таму што дзеяньне пачалося і можна запасацца попкорнам.

Настаўніца нясе парту, каб адсадзіць хулігана, які зрывае ўрок, а ён ставіць ёй падножку. Што было б, калі б яна ўпала разам з партай на гэтага вучня? Думаю, яна адразу ўявіла сабе такі варыянт разгортваньня падзей. Тут, ведаеце, і Госпад Бог мацюкнецца.

Сярэдняя школа № 15 у Гомлі
Сярэдняя школа № 15 у Гомлі

Якія інструмэнты назапашаныя нашымі пэдагогамі супраць булінгу? Толькі інструмэнты ўціску. Крык. Пакараньне. Запіс у дзёньнік. Кабінэт дырэктара. Здаецца, усё. Між тым звычайная спакойная ветлівасьць і цьвёрдая прыстойнасьць дзейнічае на дзяцей значна мацней. Але дзе ж браць.

Кожны раз, калі мы едзем на курсы перападрыхтоўкі, у нас бываюць лекцыі псыхолягаў. Пераважна на іх расказваецца адно і тое ж, вядомае шчэ з унівэрсытэцкіх лекцый, пра асаблівасьці дзіцячых вучэбных паводзін. Іншы раз на іх расказваюцца нейкія асабістыя гісторыі лектараў, патлумачаныя з пункту гледжаньня папулярнай псыхалёгіі. Яшчэ бывае нейкая голая тэорыя, якая ня мае дачыненьня да школьнага жыцьця. Ніводнага разу там не разабралі вострых тэмаў: што рабіць, калі ў клясу ўваходзіць вучань з нажом, што рабіць, калі дзеці аднекуль дасталі тэлефон і здымаюць на камэру, што рабіць, калі кляса відавочна зьдзекуецца.

Мэханізмы булінгу закладзеныя ў кожнага з нас: зацкаваць чужака — гэты навык уваходзіць у базавую камплектацыю чалавека. Мэханізмы рэагаваньня на булінг — навык сацыяльны, яго трэба альбо выпрацоўваць, альбо атрымліваць у выглядзе ўрокаў. Мы ледзь-ледзь прызналі, што ў нас бывае булінг у дачыненьнях да дзяцей. Але ён бывае і ў дачыненьні да настаўнікаў.

Я памятаю, як мы ўсёй клясай зьдзекаваліся з настаўніка біялёгіі. Гэта быў выключна інтэлігентны, мяккі мужчына, ужо добра ва ўзросьце. Якраз перад тым, як ён прыйшоў да нас, у яго памерла жонка, і ён адзін карміў і вучыў двух сыноў-старшаклясьнікаў.

Мы, дарослыя байбусы, былі значна мацней за яго. Чамусьці нам было жудасна весела атрымліваць над ім вясёлыя перамогі: класьці на крэсла кнопкі, вымазюкваць стол, падкладаць нейкія жартачкі ў журнал. Аднойчы хлопцы прынесьлі ў клясу сьнег і паклалі халодныя камякі ў акуляры нашага біёляга, якія ён забыўся на стале. Празьвінеў званок, настаўнік увайшоў у клясу, падышоў да стала, узяў свае акуляры і насунуў на нос. Па твары ягоным пабеглі ручаі талага сьнегу.

Ён апусьціўся на стул. Зьняў акуляры. І заплакаў. Ціха, бязгучна. Проста разам са сьнегам па твары пацяклі сьлёзы.

Я памятаю, як «прабіла» нас усіх. Адначасова. І тых, хто быў завадатарам булінгу. І тых, хто падтрымліваў. І тых — як заўсёды, самых шматлікіх — хто не падтрымліваў, але назіраў і не спыняў.

Гэта быў адзін з самых моцных урокаў у маім жыцьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG