Прадэмакратычныя акцыі будуць працягвацца ў Ганконгу на выходных. 7 верасьня дэманстранты плянуюць заблякаваць рух транспарту ў міжнародны аэрапорт, адзін з самых загружаных у сьвеце.
Нягледзячы на заяву губэрнатара Ганконга Кэры Лэм аб адклiканьнi законапраекту аб экстрадыцыі, зь якога пачаліся акцыі, пратэсты ў горадзе не сьціхаюць.
Раней дэманстранты патрабавалі адклікаць дакумэнт, але потым далучылі да патрабаваньняў адстаўку Кэры Лэм, большую свабоду Ганконгу ад Пэкіна і расьсьледаваньне дзеяньняў паліцыі пры разгоне мітынгаў.
Актывісты напярэдадні папрасілі канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркэль аб падтрымцы. Яна 5 верасьня пачала трохдзённы візыт у Кітай.
4 верасьня кіраўнік адміністрацыі Ганконгу Кэры Лэм паведаміла, што ўлады рэгіёну адклікалі законапраект аб экстрадыцыі падазраваных у крымінальных злачынствах у кантынэнтальны Кітай, які выклікаў масавыя пратэсты, што працягваюцца 14 тыдняў.
На гэта адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Ганконгу Джошуа Вонг заявіў у Twitter, што адкліканьне законапраекту ў цяперашніх умовах – гэта «занадта мала і занадта позна».