Кіраўніца адміністрацыі Ганконгу Кэры Лэм сёньня афіцыйна заявіла, што ўлады адмаўляюцца ад закону аб экстрадыцыі, які стаў прычынай масавых пратэстаў цягам некалькіх апошніх месяцаў, паведамляе Reuters.
Адмова ад закону была адным з ключавых патрабаваньняў пратэстоўцаў. Лэм раней заяўляла, што закон і так ня дзейнічае, але фармальна яго дзеяньне было толькі прыпыненае.
У панядзелак Reuters паведамляў, што Лэм на зачыненай сустрэчы зь бізнэсоўцамі прызнала, што выклікала «невыбачальную мітусьню» гэтым законам і дадала, што калі б гэта залежыла толькі ад яе, то яна б «папрасіла прабачэньня і падала ў адстаўку», даючы зразумець, што гэтага ёй не дазвалялі ўлады ў Пэкіне.
Раней улады КНР адхілялі прапановы Лэм, каб вырашыць праблему адмовай ад закону, падкрэсьлівала агенцтва Reuters са спасылай на тры крыніцы, якія бралі ўдзел у перамовах.
МЗС Кітаю пракамэнтаваў навіну аб плянаванай заяве Лэм, што цэнтральная ўлада «падтрымліваве, паважае і разумее рашэньне Лэм аб прыпыненьні закону».
Пэкін падкрэсьлівае, што ён ня ўмешваецца ў палітыку Ганконгу. Але ў аўторак улады перасьцерагалі, што ня будуць спакойна назіраць, калі беспарадкі ў горадзе пачнуць пагражаць бясьпецы і сувэрэнітэту Кітаю. Пратэсты ў Ганконгу пачаліся ў чэрвені. Дэманстранты выступаюць супраць магчымасьці перадачы жыхароў Ганконгу ў КНР. У чэрвені кіраўніца тэрыторыі Кэры Лэм ініцыявала закон, які дазваляе абыходзіць дамову кітайцаў з брытанцамі.
Ганконг — аўтаномная тэрыторыя Кітаю, якая раней належала Вялікабрытаніі. У 1997 годзе, пасьля 99 гадоў брытанскага кіраваньня, Лёндан дамовіўся з Пэкінам, што перадае гэтую адміністрацыйную адзінку КНР, але з адной умовай — да 2047 года Ганконг будзе захоўваць аўтаномію.