Партал TuzinFM разам з дабрачынным фондам «Вяртаньне» абвясьцілі чарговы — ужо шосты — конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай».
Падаваць заяўкі на конкурс сёлета можна зь песьнямі на любой мове — хоць беларускай, хоць расейскай, хоць іншай. Але для наступных этапаў давядзецца выбіраць верш па-беларуску з прапанаваных арганізатарамі.
Заяўкі ад выканаўцаў прымаюцца да 2 кастрычніка. Заяўнікам мае быць ад 16 да 30 гадоў. Перавага аддаецца тым, хто ня мае канцэртнага і студыйнага досьведу, але працуе або хоча працаваць са стылем індзі-поп, электроннай музыкай або рэпам.
Адабраных паўфіналістаў чакае адукацыйная сэсія, пасьля якой трэба будзе напісаць песьню на выбраны верш. Як гэта зрабіць, арганізатары паказвалі летась у кароткім відэа. На жывым праслухоўваньні ў сьнежні трэба будзе прасьпяваць і конкурсную, і сваю ўласную песьні.
Тры фіналісты пройдуць працу з мэнтарамі (паэт Андрэй Хадановіч, сьпявачка Руся, стылістка Наста Шастак і саўндпрадусары Барыс Календа або Павал Сініла), пераможца вызначыцца на фінальным канцэрце ў сакавіку. За перамогу абяцаюць 1500 рублёў і прома-падтрымку на год.
Летась на конкурсе перамог дуэт Паўла Козіча і Ціхана Букрабы. У мінулыя гады ў конкурсе перамагалі рэпэр SP Kava, гурт Naviband, праект Leibonik, сьпявачка Pauline і іншыя.