Агульная колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі дасягнула 5,3 мільёна чалавек на месяц, сказаў кіраўнік кампаніі DB3 Міхаіл Дарашэвіч 23 жніўня на IAB Digital Party ў Менску, піша БелаПАН.
Паводле дасьледаваньня Gemius Audience:
- 4,4 мільёны жыхароў Беларусі карыстаюцца інтэрнэтам праз мабільны тэлефон;
- 4,3 млн — са стацыянарнага кампутара;
- 1,3 млн — падключаюцца да сеткі з пляншэтаў.
Часткова гэтыя аўдыторыі перакрыжоўваюцца. Аднак паводле Белстату, у 2018 годзе амаль 6% беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам ня мелі пэрсанальных кампутараў.
Навошта беларусы карыстаюцца інтэрнэтам?
Найбольш беларусы карыстаюцца інтэрнэтам для:
- пошуку інфармацыі;
- прагляду і спампоўваньня фільмаў, музыкі і праграмнага забесьпячэньня;
- камунікацыі ў сацыяльных сетках.
У кампутэрныя гульні онлайн часьцей за ўсіх гуляюць дзеці і падлеткі ад 6 да 15 гадоў.
Тавары і паслугі праз інтэрнэт часьцей набываюць беларусы ва ўзроставым прамежку ад 16 да 54 гадоў. Інтэрнэт для адукацыі найчасьцей выкарыстоўваюць дзеці і моладзь ад 6 да 24 гадоў.
Узаемадзейнічаць з органамі дзяржаўнага кіраваньня праз інтэрнэт беларусы пачынаюць з 16 гадоў, ажыцьцяўляць фінансавыя апэрацыі — у 11 гадоў. Фінансавыя апэрацыі найчасьцей праз інтэрнэт ажыцьцяўляюць людзі ад 24 да 54 гадоў.