Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спытаў Румаса, як там інтэграцыя з Расеяй. Прэм’ер кажа, «поўная яснасьць па прапановах»

абноўлена

Сяргей Румас, архіўнае фота
Сяргей Румас, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 23 жніўня сустрэўся з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам і «ў якасьці галоўнага пытаньня» абмеркаваў расейска-беларускія стасункі.

Абноўлена: адказ Румаса апублікавалі на БелТА празь дзьве з паловай гадзіны пасьля публікацыі пытаньняў Лукашэнкі.

«Хацеў бы абмеркаваць з вамі шэраг пытаньняў прынцыповага характару, — сказаў Лукашэнка. — Перш за ўсё з улікам праведзеных інтэграцыйных мерапрыемстваў на ўзроўні ўрадаў рэспублік постсавецкай прасторы. Якая сытуацыя наогул, калі паглядзець з гэтага пункту, у адносінах з Расейскай Фэдэрацыяй? Вядома, маючы той комплекс пытаньняў і праблемаў, якія засталіся пасьля нашай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу з Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным]».

Румас пазьней расказаў, што давёў Лукашэнку пра праграму рэалізацыі «саюзнай дамовы» з 66 пунктаў — тыя пункты «практычна ўсе ўзгодненыя», толькі асобныя трэба было ўзгадніць з кіраўніком дзяржавы. Па ўсіх прапановах, дадаў ён, «ёсьць поўная яснасьць», і ў пачатку верасьня ён і расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў могуць падпісаць праграму.

У той праграме закладзеная канцэпцыя «дзьве краіны — адзін рынак» і плян на распрацоўку 28 дарожных мапаў па стварэньні агульных рынкаў. Большасьць прадпрыемстваў, сьцьвярджае прэм’ер, гатовыя канкураваць з расейцамі, але ў праграмах закладзеныя «пераходныя пэрыяды».

У пытаньнях аб адзіным алькагольным рынку і разьмеркаваньні ўвозных мытаў між бюджэтамі краінаў ЭАЭС Лукашэнка ўхваліў толькі частку падыходаў, па астатняй частцы папрасіў ва ўраду больш інфармацыі.

«У нас быццам бы і з Украінай цяпер някепскія адносіны. Мы размаўлялі з прэзыдэнтам. Яны прасілі нейкай падтрымкі. Як мы, аказваем, не аказваем?» — таксама спытаў Лукашэнка. І на гэтае пытаньне адказу не публікуюць.

Вядома толькі, што пасьля сустрэчы ў той жа дзень з прэм’ерам Грузіі Мамукам Бахтадзэ Лукашэнка «ўзьняў пытаньне некаторых праблемаў зь лягістыкай праз Украіну», якая «ня вельмі ладзіцца» з прычыны, верагодна, беларускіх «недапрацовак».

Таксама на сустрэчы з Румасам Лукашэнка паслухаў пра статыстыку па сярэдніх заробках і пацікавіўся, як ідзе рост заробкаў у нізкааплатных прафэсіях. На гэтае пытаньне адказ Румаса публікуецца: ён сказаў, што перадусім увага аддаецца якраз нізкааплатнай катэгорыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG