Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ў стасунках з Расеяй дзейнічае паводле формулы «раніцай — грошы, вечарам — крэслы»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, Санкт-Пецярбург, 18 ліпеня 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, Санкт-Пецярбург, 18 ліпеня 2019

Вынікі апошніх сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна абмяркоўваюць выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец і аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

  • Якія вынікі сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна на Валааме і ў Санкт-Пецярбургу?
  • Чаму падчас сустрэчы не былі пастаўленыя ўсе кропкі над і?
  • Ці ёсьць плян інтэграцыі-лайт?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец і аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Якія вынікі пецярбурскіх перамоваў Лукашэнкі і Пуціна?

Карбалевіч: Гэта быў працяг гандлю, які пачаўся год таму, і канца яму няма. Лукашэнка казаў, што мы з Пуціным дамовіліся, і толькі ўрады недапрацоўваюць. Гэта папрок на адрас ураду РФ. Гэта працяг думкі, якую Лукашэнка выказаў падчас размовы з Рыгорам Рапотам, дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, пытаньні інтэграцыі і расейскіх субсыдыяў павінны вырашацца паралельна. А расейскі ўрад, паводле Лукашэнкі, сабатуе гэтую дамоўленасьць, пераносіць усе канкрэтныя пытаньні — крэдытаў, падатковага манэўру, цаны на газ — на час, калі будуць вырашаныя пытаньні інтэграцыі.

Балкунец: Мы зараз бачым вынікі рабочых групаў па інтэграцыі. Паводле заяваў беларускіх і расейскіх чыноўнікаў, падрыхтавана 10 «дарожных мапаў» па накірунках далейшай інтэграцыі. Яны былі прадстаўленыя прэзыдэнтам. Расейскі бок гэтыя «мапы» падтрымаў, але мы бачым, што Аляксандар Лукашэнка імі незадаволены.

Лукашэнка дзейнічае паводле формулы «раніцай — грошы, вечарам — крэслы». Расея выбрала іншую тактыку: спачатку інтэграцыя, потым усе тактычныя задачы.

Гэтыя задачы нядаўна сфармуляваў пасол Беларусі ў РФ — гэта кампэнсацыя за падатковы манэўр, доступ да расейскага рынку і да расейскіх крэдытаў, гэта газавы кантракт (дзейны сканчаецца напрыканцы году сёлета).

Пакуль незразумела, як будзе разьвівацца далейшае супрацоўніцтва.

Большасьць палажэньняў саюзнай дамовы не рэалізаваныя. Расея прапаноўвала адкарэктаваць дамову, Лукашэнка быў катэгарычна супраць. «Дарожныя мапы» тычацца толькі эканомікі, там няма ніякай палітычнай інтэграцыі. Але Лукашэнка ня хоча паглыбленьня і эканамічнай інтэграцыі. Лукашэнка ня пойдзе на супольную валюту.

Ён будзе цягнуць час, каб спакойна правесьці кампаніі выбараў у парлямэнт і самае галоўнае — прэзыдэнта.

Чаму Лукашэнка вызначыў канчатковы тэрмін дамоўленасьці наконт інтэграцыі?

Карбалевіч: Час працуе на Расею. Пуціну няма куды сьпяшацца. А вось страта Беларусьсю расейскіх субсыдыяў — гэта праблема. Што будзе з цэнамі на газ ад 2020 году? Калі пытаньне ня вырашыцца, то ад 1 студзеня пачнецца газавая «вайна»?

У 2016 годзе і ў першым квартале 2017 году паміж краінамі ішла газавая «вайна», тады Беларусь плаціла палову ад цаны, якую вызначыў «Газпрам».

Гэтая сытуацыя можа паўтарыцца, калі да канца 2019 году новы кантракт ня будзе заключаны.

Таму Лукашэнка сьпяшаецца вырашыць усе пытаньні, каб атрымаць расейскія грошы.

Балкунец: У гісторыі беларуска-расейскіх адносінаў ужо былі адключэньні газу — у 2004 годзе зімой, і пазьней.

Дракахруст: У 2004 годзе Лукашэнка назваў адключэньне паставак газу «тэрарызмам на вышэйшым узроўні».

Балкунец: Нешта падобнае будзе сказана і зараз. Лукашэнка скарыстаецца гэтым, каб выставіць Расею ў якасьці ворага Беларусі. Але гэта пытаньне палітычнай дамоўленасьці паміж краінамі.

Беларусь патрабуе ад Масквы цаны, як для Смаленску — па 70 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але Калінінградзкая вобласьць яго атрымлівае па 130 даляраў.

Калі не дамовяцца па «дарожных мапах», я не выключаю, што цана падвысіцца да ўзроўню, як для Ўкраіны ці Літвы.

У «Газпроме» ёсьць прымаўка, што ўсе ключавыя кантракты падпісваюцца 31 сьнежня. Гэта тычыцца і Ўкраіны, бо і зь ёй кантракт сканчаецца ў апошні год сьнежня.

Ці можа Расея адступіць?

Карбалевіч: Я не выключаю, што Расея можа пайсьці на кампраміс. Але пакуль што нічога ў заявах расейскіх прадстаўнікоў не пацьвярджае гэтай вэрсіі. Пакуль усе заявы жорсткія і катэгарычныя.

Калі праблема працягу ўладных паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году будзе вырашацца ня шляхам далучэньня Беларусі, а неяк інакш, ня выключана, што Масква паспрабуе вырашыць праграму-мінімум, проста скараціўшы дапамогу.

Балкунец: Пазыцыя Масквы застаецца нязьменнай. І яна хацела б, каб Лукашэнка ўласнаручна падпісаў кожны пункт новых інтэграцыйных пагадненьняў. У 2001 годзе ўжо была такая «дарожная мапа». Але подпісы нічога ня значаць.

Дракахруст: А цяпер будуць значыць?

Балкунец: Ня факт. Могуць і зараз нічога ня значыць. Але зараз Масква распрацавала іншую тактыку — дапамога ў абмен на рэалізацыю інтэграцыйных дамоўленасьцяў. У адваротным выпадку сытуацыя будзе разьвівацца паводле сцэнару 2010 году — мы памятаем і адпаведныя тэлесюжэты, і заявы прэзыдэнта Мядзьведзева.

Ня выключана, што пачнецца сур’ёзная інфармацыйная вайна паміж краінамі. Зараз сытуацыя тупіковая.

Галоўны мой папрок на адрас уладаў і Беларусі, і Расеі — тое, што яны вядуць гэтыя перамовы кулюарна, не паведамляюць грамадзкасьці, што напісана ў гэтых «дарожных мапах». Было б правільна вынесьці іх на грамадзкае, экспэртнае абмеркаваньне. Гэта тычыцца мільёнаў людзей і яны мусяць ведаць, пра што на іх конт улады дамаўляюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG