Умовай вяртаньня Расеі ў «Вялікую сямёрку» (G7) павінна стаць дэакупацыя Крыму, спыненьне ваенных дзеяньняў на Данбасе і вызваленьне ўкраінскіх палітвязьняў і маракоў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«З сакавіка 2014 году, пасьля прыпыненьня ўдзелу Расеі ў G8 нічога не зьмянілася. Украінскі Крым усё яшчэ захоплены, украінскі Данбас па-ранейшаму пакутуе ад вайны. Вяртаньне акупаванага Крыму, спыненьне ваенных дзеяньняў на Данбасе і вызваленьне больш за 100 палітвязьняў і ўкраінскіх маракоў, якіх утрымлівае Крэмль, будуць сапраўдным сур’ёзным сыгналам для сьвету, што Расея гатовая зноў заняць сваё месца ў парадку дня высокай дыпляматыі», — напісаў Ўладзімір Зяленскі ў Фэйсбуку ў ноч на 22 жніўня.
Ён таксама падзякаваў краінам, якія «пасьлядоўна падтрымліваюць Украіну ў адстойваньні нашай тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту».
19 жніўня 2019 году на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сказаў, што пытаньне аб вяртаньні ў фармат G8 і нармалізацыі адносінаў паміж Расеяй і Эўразьвязам залежыць ад сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.
20 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прапануе дазволіць Расеі вярнуцца ў фармат «Вялікую сямёрку», калі ЗША ўзначаляць групу ў наступным годзе.
21 жніўня прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што ўмовы далучэньня Расеі да «Вялікай сямёркі» прамыслова разьвітых краінаў сьвету яшчэ ня выкананыя. Пасьля сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркэль у Бэрліне Джонсан сказаў, што падзяляе яе меркаваньне, што Масква павінна выканаць свае міжнародныя абавязацельствы, каб вярнуцца ў склад групы.
Цяпер у склад «Вялікай сямёркі» (G7) уваходзяць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Італія і Японія.