Сотні тысяч пратэстоўцаў сабраліся ў цэнтры Ганконгу 18 жніўня, адзінаццаты тыдзень запар, каб пратэставаць супраць узмацненьня пэкінскага ўплыву ў рэгіёне. Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы, нягледзячы на папярэджаньні кітайскіх і мясцовых уладаў.
Рух «Грамадзянскі фронт за правы чалавека», які арганізаваў акцыю, назваў яе «рацыянальным, негвалтоўным» пратэстам.
У паведамленьні ад 18 жніўня ўрад Ганконгу імкнуўся абараніць дзеяньні паліцыі, якая змагаецца з пратэстамі. Паводле заявы, за апошнія тры месяцы на многія паліцэйскія ўчасткі нападалі, а 180 паліцыянтаў атрымалі раненьні.
«Толькі тады, калі яны былі жорстка атакаваныя і не засталося іншага выбару, паліцыянты ўжылі мінімальную сілу, каб разагнаць удзельнікаў акцыі з мэтай навесьці грамадзкі парадак», — гаворыцца ў заяве.
15 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна сустрэцца з пратэстоўцамі ў Ганконгу асабіста, каб разьвязаць крызіс.
Заява Трампа прагучала пасьля таго, як улады ў Пэкіне, дзяржаўныя СМІ і пракітайскія лідэры ў Ганконгу заявілі, што Кітай гатовы «хутка стрымаць беспарадкі» і ня будзе «сядзець і глядзець», бо крызіс робіцца «некіравальным».
Ганконг у розны час знаходзіўся пад сувэрэнітэтам Кітаю, Вялікабрытаніі і Японіі. У 1997 годзе Ганконг трапіў пад юрысдыкцыю Кітаю. Аднак да 2047 году Ганконг захоўвае значную аўтаномію і фармальна можа самастойна абраць лідэра.
У апошнія месяцы адбываюцца масавыя акцыі пратэсту пасьля таго, як зьявіўся законапраект аб выдачы злачынцаў праваахоўным органам Кітаю. Прыняцьце законапраекту ў заканадаўчай радзе Ганконгу прыпынілі, аднак пратэсты супраць ўсё большага ўплыву Пэкіну не спыніліся. Кітайскі ўрад раскрытыкаваў удзельнікаў акцыі, назваўшы іх дзеяньні «блізкімі да тэрарыстычных».