Што значыць быць лічбавым наркаманам? Ці варта ў час сучасных тэхналёгій абмяжоўваць дзяцей у знаходжаньні ў інтэрнэце? У якім узросьце дзецям можна набываць гаджэты? І якім будзе пакаленьне, якое вучыцца карыстацца сучаснымі тэхналёгіямі хутчэй, чым чытаць? Зь вядоўцай Ганнай Соўсь гэта абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, бацька шасьцігадовага і дзесяцігадовага сыноў, інтэрны Свабоды 19-гадовая Кацярына Яроміч і 21-гадовы Ян Поклад.
Сьцісла
- Кацярына Яроміч: Старэйшае пакаленьне скардзіцца, што моладзь сядзіць у інтэрнэце. Але гэта тое самае, што іхная тэлевізія, але з большым выбарам і меншым экранам.
- Дзьмітры Гурневіч: Калі пытаюся ў дзяцей, кім хацелі б стаць, часам кажуць, што хочуць стаць ютубэрамі.
- Ян Поклад: Інтэрнэт-залежнасьць у любым выпадку непазьбежна зьявіцца. І што ў гэтым благога? Залежнасьці ў кожнага ёсьць. Адной больш, адной менш.
«Выбар дае нашым дзецям перавагу, якой ня мелі мы»
Ганна Соўсь: Дзіма, наша з табой дзяцінства істотна адрозьнівалася ад дзяцінства цяперашніх дзяцей праз адсутнасьць інтэрнэту. Мы глядзелі тэлевізар, чакалі мультфільмы паводле раскладу, чыталі кніжкі і шмат часу бавілі на вуліцы. Цяперашнім дзецям больш пашанцавала, як ты лічыш?
Дзьмітры Гурневіч: Сёньняшнія дзеці могуць быць больш шчасьлівымі, але не таму, што яны маюць інтэрнэт, а дзякуючы таму, што яны маюць выбар. Я вельмі моцна шкадую, што ў дзяцінстве ня меў такіх магчымасьцяў. Я ня меў смартфона з інтэрнэтам, але я мог чытаць і глядзець мультфільмы. У канцы 1980-х і пачатку 1990-х я ня меў магчымасьці столькі ведаць пра сьвет, колькі ведаюць мае дзеці ў 6 і ў 10 гадоў. Іншая справа, як людзі абмяжоўваюць сваё знаходжаньне ў сеціве, смартфоне, але гэта тычыцца ня толькі сучасных часоў. І ў ранейшыя часы дзеці былі залежныя ад мультфільмаў у тэлевізары. Галоўнае — мець нейкую норму знаходжаньня паўсюль. Выбар дае ім тую перавагу, якую ня мелі мы.
«Часам пужаюся, калі аўтаматычна бяру з сабой тэлефон, каб выкінуць сьмецьце»
Ганна Соўсь: Каця і Ян, у якім узросьце вы пачалі карыстацца інтэрнэтам? Якая частка вашага жыцьця праходзіць онлайн?
Кацярына Яроміч: Ноўтбук у нашай сям’і зьявіўся даволі позна, калі я пайшла ў пятую клясу. У той час інтэрнэт ужо быў патрэбен для вучобы. Ніякага захапленьня гэты дэвайс у мяне не выклікаў, я, відаць, ужо была занадта «адсталая» :). Таму да гадоў чатырнаццаці ў інтэрнэце асабліва не сядзела. А потым без сацсетак камунікаваць стала немагчыма, так і пачалася мая інтэрнэт-залежнасьць. Зараз я часам сама пужаюся, калі аўтаматычна бяру з сабой тэлефон, каб пайсьці выкінуць сьмецьце ці на кухню паставіць чай. Мне здаецца, як дзяцей ні абмяжоўвай (без інтэрнэту да 15 гадоў, як я, ці да 5), лічбавы час ня зьменіш. Цяпер я стараюся сябе абмяжоўваць — калі ў кампаніі сяброў ці калі трэба вучыцца, тэлефон проста выключаю. Цяжка і не заўсёды рацыянальна лічыць, якая частка жыцьця праходзіць онлайн. Старэйшае пакаленьне скардзіцца, што моладзь сядзіць у інтэрнэце. Але калі так паразважаць, гэта тое ж самае, што іхная тэлевізія, але з большым выбарам і меншым экранам.
Ян Поклад: Я яшчэ адношуся да таго пакаленьня, якое ня з самых раньніх гадоў мела доступ да ўсіх гэтых разумных гаджэтаў і да сеціва. Ды і наогул, яшчэ памятаю, як глядзеў старога Бэтмана зь 90-х на касэтах. Некалі чуў цікавае параўнаньне, што людзі старэйшых пакаленьняў — як мігранты, тады як прадстаўнікі тых пакаленьняў, якія зь дзяцінства мелі доступ да лічбавых тэхналёгій, у нейкім сэнсе зьяўляюцца мясцовымі. Атрымліваецца цікавая паралель з працэсам асыміляцыі.
У шэсьць гадоў зьявіўся ў мяне лэптоп і інтэрнэт. Ён ня быў асабіста мой, доступ да яго быў крыху абмежаваным. Потым абмежаваньні і забароны пачалі зьнікаць, празь нейкі час дзядзька мне аддаў свой кампутар. Але ж былі ў падлеткавым узросьце кнігі, мастацкая літаратура, я меў абанэмэнты ў гарадзкіх бібліятэках (пакуль Kindle не зьявіўся), таму не скажу, што ўсё дзяцінства ці падлеткавы ўзрост прайшлі ля экрана манітора.
Гульня ў кампутарныя гульні як праца
Ганна Соўсь: Сын майго знаёмага, які жыве ў Канадзе, шмат гадоў гуляў у кампутарную гульню League of Legends. У выніку ён стаў прафэсійным гульцом, трапіў у сотню найлепшых гульцоў у сьвеце, кінуў унівэрсытэт і зарабляе грошы гульнёй. Заплянаваў, калі заробіць першы мільён даляраў, працягне вучобу. Гэта новая рэальнасьць, новыя прафэсіі. Дзіма, ці вы такую кар’еру для сваіх сыноў хацелі б? Магчыма, яна параўнальная з карʼерай футбаліста ці тэнісіста, бо аўдыторыя кампутарных гульняў, магчыма, будзе параўнальная.
Дзьмітры Гурневіч: Калі падабаецца і ёсьць здольнасьці, то чым гэта адрозьніваецца ад шахмат, якія лічацца высока інтэлектуальнай гульнёй. Там таксама патрэбны рэакцыя і веды. Калі пытаюся ў дзяцей, кім бы хацелі стаць, калі вырастуць, часам яны кажуць, што хочуць стаць ютубэрамі. Спачатку мяне палохала, а цяпер ужо не. Ютубэры маюць харызму, веды і дзеляцца гэтым зь іншымі. Тое самае, што я раблю як журналіст. Проста для нас часам гэта гучыць як нешта новае. Для пакаленьня маёй бабулі нечым страшным было тое, калі мае бацькі глядзелі тэлевізар і хадзілі ў кіно, а яна хадзіла ў касьцёл маліцца. Іншае пакаленьне — гэта заўсёды нешта новае. Калі мой сын сказаў бы, што будзе зарабляць мільён даляраў, я б яшчэ і ўклаў уласныя грошы, каб у яго ўсё атрымалася.
New York Times: ня варта дазваляць дзецям да двух гадоў карыстацца дэвайсамі
Ганна Соўсь: Каця, на мінулым тыдні выйшаў артыкул у The New York Times з рэкамэндацыямі навукоўцаў што да актыўнасьці дзяцей у сеціве і з гаджэтамі. Якія асноўныя парады і засьцярогі?
Кацярына Яроміч: Там тлумачацца мэханізмы стварэньня залежнасьці ад гаджэтаў у дзяцей. Мноства прыкладаньняў і відэагульняў даюць узнагароды ў выглядзе балаў або віртуальных налепак, а атрыманьне гэтых узнагарод можа быць вясёлым заняткам. У дзіцячым мозгу прыемныя падзеі выклікаюць выкід гармону дафаміну, які пасылае сыгнал да той частцы мозгу, якая ўдзельнічае ў плянаваньні і арганізацыі задач. А калі бацькі спыняюць гульні ці відэа, узровень дафаміну зьніжаецца, і гэта для дзяцей балюча — нібы падаеш уніз.
Навукоўцы раяць, каб бацькі не дазвалялі дзецям да двух гадоў карыстацца дэвайсамі (акрамя відэа-чату), а з 2 да 5 гадоў — давалі ня больш за адну гадзіну на гэта. Адзначаецца, што карыстаньне гаджэтамі дашкольнікамі вядзе да большых рызыкаў атлусьценьня, праблемамі са сном, і таксама кагнітыўнымі, моўнымі і эмацыйнымі затрымкамі. Экспэрты рэкамэндуюць зрабіць час за экранам прадказальнай і заплянаванай часткай дзіцячага распарадку, а пасьля рабіць плян для нечага ня менш прыемнага — перакусу ці гульні. Таксама можна нагадаць, што гэты занятак адбудзецца толькі, калі яны выключаць пляншэт без гістэрык. Альбо можна арганізаваць сыстэму ўзнагародаў за добрыя паводзіны з гаджэтамі, напрыклад, даваць стыкеры.
Амэрыканскія навукоўцы таксама адзначылі, што калі нічога ня ўплывае, трэба проста пазбавіць гаджэту на некаторы час, каб дзіця зразумела, што вылучаны для відэагульняў час — прывілей.
Ян Поклад: Мне здаецца, што тэхнічныя магчымасьці абмяжоўваць і рэгуляваць гэтую справу павінны існаваць. Але гэта ўсё роўна дастаткова цяжка рабіць. Выхаваньне — гэта цяжкая і адказная справа, як мне здаецца. І тут, як і ва ўсім, калі перастарацца, то можна наадварот нашкодзіць падлетку, тым больш улічваючы наколькі сёньня інтэрнэт стаў важным для сацыялізацыі. Што да інтэрнэт-залежнасьці, дык у любым выпадку яна зьявіцца. Непазьбежна гэта. Ды і што ў гэтым благога? Залежнасьці наогул у кожнага ёсьць. Ну будзе адной больш, адной менш — што з таго?
«Дома мы дазваляем дзецям карыстацца смартфонам абмежавана»
Ганна Соўсь: Дзіма, сучасныя тэхналёгіі паскараюць навучаньне, спрашчаюць пошук інфармацыі. І кніга папяровая нічым не адрозьніваецца па зьмесьце ад кнігі на кіндле. Якія правілы карыстаньня сучаснымі прыладамі дзейнічаюць у тваёй сямʼі?
Дзьмітрый Гурневіч: Ад пяці гадоў сыны глядзелі на пляншэтах некаторыя мультфільмы. Гульні пазьней зьявіліся. Старэйшаму сыну 10 гадоў, год таму мы купілі яму прыстаўку для гульняў. Мы вельмі моцна абмяжоўваем. Гэта хутчэй узнагарода за нешта. Былі перапынкі, напрыклад, 4 месяцы мы не давалі яму ёй карыстацца. Летам дзеці былі ў бабулі ў вёсцы, і яна давала ім тэлефон на паўгадзіны ўвечары, каб пагаварыць з бацькамі, выслаць фотаздымкі сябрам, паглядзець Інстаграм. Старэйшы сын мае акаўнт у Інстаграме, вядзе яго пад нашым кантролем. Кожны здымак, які ён выстаўляе, я ці жонка мусім паглядзець. І на якіх людзей ён падпісваецца, мы адсочваем. Сыны чытаюць папяровыя кнігі. Меншы сын увогуле ня мае смартфону, старэйшы мае, але яму не дазволена браць яго ў школу. Дома мы дазваляем яму карыстацца смартфонам абмежавана.
Ці змаглі б вы пражыць без сучасных тэхналёгій?
Кацярына Яроміч: Змагла б, але навошта? Колькі б часу гублялася на пошук інфармацыі ў бібліятэках, як цяжка было б кантактаваць зь сябрамі і бацькамі. Навошта ўскладняць жыцьцё і вынаходзіць ровар? Трэба быць удзячнымі, што жывём у час прагрэсу, і атрымліваць асалоду ад сучасных тэхналёгій, якія робяць наша жыцьцё значна прасьцейшым. Фанатызм у любой сфэры да дабра ня давядзе. Малым дзецям трэба не забараняць гаджэты і дэвайсы, а паказаць, што акрамя гэтага ў жыцьці ёсьць столькі ўсяго цікавага — паркі атракцыёнаў, гульні на вуліцы з сябрамі, цікавыя кніжкі і творчасьць.
Ян Поклад: Было б значна цяжэй і больш нязручна. Тэарэтычна змог б. Толькі навошта? Якасьць жыцьця дакладна стала б горшай. Сёньня нават каб уладкавацца на працу, ты павінны быць у спэцыялізаваных сэрвісах кшталту LinkedIn. Калі б я і захацеў адмовіцца ад сучасных тэхналёгій, то грамадзтва, соцыюм прымусіла б імі карыстацца.
Дзьмітрый Гурневіч: Нядаўна за восем гадоў быў першы дзень, калі я суткі ня меў доступу да інтэрнэту, бо быў у лесе з сябрамі. Калі праз суткі я яго ўзяў, то зразумеў, што магу яго спакойна адкласьці на некаторы час. У гэтым і ёсьць мастацтва жыцьця, каб прыгожа навучыцца адмаўляцца ад пэўных прыемнасьцяў у некаторы час. Напрыклад, хрысьціяне маюць пост. Калі я маю вячэру зь сямʼёй, я тэлефон адкладаю, калі я маю абед з сябрамі, прынамсі не заглядаю ў яго кожныя пяць сэкундаў. Ёсьць процьма часу, калі я магу карыстацца тэлефонам і не замінаць ні сабе, ні іншым. Ёсьць людзі, якія цалкам адмаўляюцца ад алькаголю. Я лічу, што трэба правільна навучыцца яго піць. Я ня буду піць бутэльку прасэка, а выпʼю адну шклянку, а калі буду піць, тэлефон пакладу ў кішэню.