Абараняе правы студэнтаў, фэміністка, грае на гітары, — вось што мы даведаліся пра 20-гадовую менскую студэнтку Лізу, якая паскардзілася ў суд на Аляксандра Лукашэнку.
Ліза лічыць, што рашэньне Лукашэнкі скараціць тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў пазбавіла яе магчымасьці ўзяць удзел у выбарах. Суд задавальняць скаргу адмовіўся «з прычыны непадведамнасьці».
«Я сяджу і думаю: „Ну, зараз мяне адправяць баршчы варыць“»
«Бацькі даведаліся, мы трохі пасварыліся, і я зьехала ў Менск, — кажа Ліза пры сустрэчы. — Яны турбуюцца, бо абое ў бюджэтных арганізацыях працуюць. Думаюць, што я здуру так зрабіла».
Каб не нашкодзіць бацькам, Ліза пакуль ня хоча паказваць свой твар і называць прозьвішча. Кажа, што калі будзе патрэба, абавязкова гэта зробіць. А ва ўнівэрсытэце і так даведаюцца. Пакуль што аніякай цікавасьці да яе з нагоды скаргі не было.
Распавядаючы, як усё гэта рыхтавалася, дзяўчына кажа «мы». «Мы» — гэта ўсяго тры маладыя чалавекі.
«Гэта я, хлопец-юрыст, які напісаў гэтую скаргу, і суаўтар канала „Выбары. Беларусь“, — кажа Ліза. — Зь юрыстам я ніколі не сустракалася асабіста. Ня думаю, што ён зь нейкай арганізацыяй зьвязаны, але мы перапісваемся недзе паўгода».
Яна ўжо прачытала камэнтары на розных сайтах пад публікацыямі пра скаргу і ведае, што большасьць людзей яе не разумее.
«Мы шукалі людзей, якія могуць гэта зрабіць. Ніхто ня змог. Я вырашыла — хто, калі ня я? Я зрабіла гэта сьвядома, але ня ведаю, як гэта ўсім патлумачыць, — трохі разгублена кажа дзяўчына. — Ты проста ведаеш, што трэба гэта зрабіць, і ты гэта робіш. Я ў нейкім стэрыльным асяродзьдзі жыву: людзі побач мяне цалкам разумеюць і падтрымліваюць, ім ня трэба нічога тлумачыць. А як камэнтатарам патлумачыць? „Чаму вы самі не разумееце, чаму я гэта раблю?“?»
Не зразумела ёй і тое, чаму гэтага не зрабіў аніводзін чалавек з апазыцыі. І ўвогуле ніводзін чалавек.
«Я ня ведаю, чаму нават тыя людзі, якія ў парлямэнце сядзяць, не зрабілі гэтага. Ані Анісім, ані Канапацкая. Іх пазбавілі дзьвюх сэсій парлямэнту. Чаму б ім не зрабіць нешта? Нават калі яны кажуць, што пойдуць у парлямэнт і на прэзыдэнцкія выбары?» — пытаецца Ліза.
Яшчэ адзін красамоўны момант — калі толькі зьявіліся публікацыі пра скаргу на Лукашэнку, амаль усе палічылі, што гэта зрабіў хлопец. Ліза на гэта асабліва зьвярнула ўвагу.
«Калі ўсе зразумелі, што гэта дзяўчына, я сяджу і думаю: „Ну, зараз мяне адправяць баршчы варыць“. Так і атрымалася. Пісалі: „Куды яна лезе?“. Калі б быў хлопец, то ўсе б падтрымлівалі, а калі дзяўчына — „ну, ідзі звары боршч“», — абураецца Ліза.
І праз гэта яна вырашыла трохі больш распавесьці пра сябе. Прынамсі, каб было зразумела, што гэта зрабіла дзяўчына.
«Я фэміністка, — кажа Ліза. — Спачатку не хацелі пісаць, што беларуска, каб цяжэй было зразумець, хто гэта. Я пагадзілася. Але калі пачалі пісаць, што гэта хлопец, я такая — „ок, фэмінітывы патрэбныя, пацьверджана“».
«Ці гатовы Лукашэнка нас слухаць?»
Ліза — актывістка ў Задзіночаньні беларускіх студэнтаў. Яна абараняе правы моладзі, і ў апошні год гэта займае амаль увесь яе вольны час. Каб дамагчыся перамен, кажа Ліза, яна гатовая размаўляць нават з Лукашэнкам.
«Але ці гатовы ён нас слухаць? Я нават хачу паслухаць, што ён можа мне сказаць. Хутчэй за ўсё, я буду нязгодная з тым, што ён скажа. Але ён таксама, хутчэй за ўсё, будзе нязгодны са мной. Але чым больш людзей, якія яму пра гэта кажуць, — можа, ён нешта падумае. Нават калі ён зробіць гэта, каб палепшыць рэйтынг сярод моладзі, калі гэта да лепшага, то я згодная гаварыць з кім заўгодна», — пераконвае дзяўчына.
Пытаньне, ці ня хоча яна быць прэзыдэнтам, Лізу трохі бянтэжыць. «Я занадта малая», — кажа яна. Але і ня бачыць пакуль годных кандыдатаў.
«Караткевіч? Нават ня ведаю. Ня вельмі знаёмая зь іх дзейнасьцю. Яны зараз ідуць у парлямэнт. Гэта добра. Але я пакуль ня бачыла палітычнай праграмы, каб рабіць высновы».
Ліза яшчэ ані разу не галасавала на прэзыдэнцкіх выбарах, бо падчас апошніх яшчэ ня мела 18 гадоў. Магла галасаваць на мясцовых, але таксама не галасавала.
«Дэкан, намдэкана хадзілі па інтэрнаце, казалі: „Пойдзем галасаваць“, прыходзілі на пары. Выхавальніца з інтэрнату — тое самае. Я не хадзіла, бо вы мне заўсёды гаворыце, што ідзіце-галасуйце. Навошта мне галасаваць? — эмацыйна пытаецца Ліза. — Я чытала, хто ідзе ў мясцовыя дэпутаты, і думала: што гэтыя людзі могуць зрабіць для гораду? Там быў чалавек з судзімасьцю, алімпійскі чэмпіён. Схадзіла я, не схадзіла — што зьмянілася?»
Цяпер некалькі Лізіных знаёмых зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах у парлямэнт. Лізе гэта падабаецца.
«Яны добрыя хлопцы, чаму б іх не падтрымаць? На Tut.by пісалі, што яны такія маладыя, маўляў, навошта нам у парлямэнце гэты „дзіцячы садок“. Але навошта нам гэты дом састарэлых у парлямэнце?»
«Уступайце ў БРСМ, бо вас у інтэрнат не заселяць»
Ліза вырасла ў невялікім гарадку. Пра сваё несталічнае жыцьцё кажа так: «Ну, я дома сядзела, у інтэрнэце, бо тусоўкі на вуліцы ніколі мне не былі прывабныя. А больш там і рабіць не было чаго». Школу скончыла добра, упэўнена паступіла на бюджэт.
«Вучылася ў звычайнай школе. Яна была вельмі добрая, і настаўнікі хацелі, каб усе дзеці атрымалі нейкія веды. Галоўны ўрок, які я адтуль вынесла, — трэба заўжды вучыцца чамусьці новаму, нават калі ты не разумееш ці ня хочаш гэтага рабіць».
Палітыкай зацікавілася яшчэ падлеткам, чытала навіны. А калі паступіла ва ўнівэр, кажа яна, «свабоды стала болей, магла цікавіцца і рабіць тое, што хачу».
У выніку такой «свабоды» ў маладым жыцьці Лізы ўжо ёсьць затрыманьні на акцыях.
«У Менску, канечне, цікавей, — сьмяецца дзяўчына. — У нашым унівэрсытэце больш свабоды, нават у параўнаньні з БДУ. Але не на нашым факультэце. Я сёлета спрабавала зладзіць самакіраваньне са сваёй сяброўкай. Нічога не атрымалася, бо студэнты баяцца. Нават калі яны нечага хочуць, то лепей пасядзець у БРСМе, прафкаме. Бо баяцца альтэрнатывы, я так думаю».
Баяцца Лізіны бацькі, баяцца Лізіны аднакурсьнікі. «Страх у беларусаў, напэўна, са школы зьяўляецца», — тлумачыць дзяўчына. — Вам кажуць: уступайце ў БРСМ, бо вас у інтэрнат не заселяць, чалавека з БРСМ залічаць на бюджэт, а вас не залічаць".
Сама Ліза дагэтуль у БРСМ. Кажа, шмат разоў спрабавала выйсьці, але дагэтуль не атрымалася. «Мяне заўжды пасылаюць да дэкана, мы ўсё размаўляем-размаўляем, а старшыня нашай БРСМ-суполкі, як я да яго з гэтым падыходжу, заўжды кажа: «Мне трэба ісьці».
Апроч прэтэнзій да Лукашэнкі, вучобы і грамадзкай актыўнасьці, у Лізы звычайнае жыцьцё — хлопец, сьпевы, граньне на гітары.
«Не хапае людзей, якія не баяцца»
«Што я думаю пра прэзыдэнта? Можа, калісьці было добра, але зараз трэба нешта новае, — кажа Ліза. — Тут два шляхі. Ён мяняецца, але я ў гэта ня вельмі веру, бо ў такім узросьце людзі ўжо не мяняюцца. Альбо патрэбны малады кандыдат, які нешта робіць. Я такіх у нас ня ведаю».
Ліза кажа, што нават яна — чалавек, якая цікавіцца палітыкай, і то ня можа назваць годнага кандыдата ў прэзыдэнты.
«А людзі, якія проста жывуць сваё жыцьцё ці ведаюць усё з навінаў па БТ, то яны ўвогуле нічога ня бачаць. А калі ты ня бачыш альтэрнатывы, то думаеш: „Ён маладзец“».
«Мне ў Беларусі не хапае свабоды, — кажа Ліза. — Не хапае людзей, якія не баяцца. Каб я ішла па вуліцы і ведала, што мяне ніхто не затрымае. У мяне ёсьць такая трохі параноя. Я нават калі ішла ў суд, напісала хлопцам, што калі праз паўгадзіны не зьяўлюся, то пішыце «Вясьне». А бацькі майго хлопца кажуць: «А ты скаргу ідзеш забіраць? То можа ссабойку зьбяры?».
Навошта была патрэбная ўся гэтая ідэя са скаргай, у Лізы, выглядае, пэўнага адказу няма:
«Людзі пачалі пра гэта гаварыць. Калі яны нават падумаюць, што здарылася нешта несправядлівае, гэта ўжо добра. У нейкі момант яны пачнуць змагацца з гэтай несправядлівасьцю», — кажа яна. — «Было вельмі цяжка чытаць камэнтары людзей, што „ты ў Менск паступіла“, „куды ты лезеш“, „навошта табе гэта“. Я бачу, як людзі ўсё менш зарабляюць, усё менш усьміхаюцца на вуліцах, кожны дзень ходзяць на працу і больш нічога ня бачаць. Чаму б нешта не зрабіць?»
Насуперак тым, хто раз за разам кажа, што парлямэнт нічога не вырашае, Ліза верыць, што ўсё магчыма.
«Калі ў парлямэнце ёсьць два апазыцыйныя кандыдаты, то я думаю, што іх можа быць болей. Усё магчыма зрабіць, толькі трэба біць у сьцяну. Б’еш, б’еш, б’еш — і ўсё атрымліваецца», — упэўненая дзяўчына.
Пакуль што маладыя людзі абмяркоўваюць, ці абскарджваць адказ на сваю скаргу. Гэта амаль усе іх далейшыя пляны. Прынамсі тыя, пра якія яны гатовыя распавядаць.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».