Апошнімі гадамі зь Літвы нярэдка даходзілі розныя сэнсацыйныя паведамленьні. Пра тое, што ў гэтай краіне зьнішчаюцца «нязручныя» кнігі. Пра тое, што сярод белага дня кувалдамі разьбіваюць памятныя дошкі. Пра тое, што ў страху перад хваляй антысэмітызму зачыняюцца сынагогі.
Што тут праўда і што перабольшаньне? Што такое адбываецца сёньня ў Літве? У чым сутнасьць канфлікту ідэяў, які падзяліў літоўскае грамадзтва на два супрацьлеглыя лягеры?
Праблемным пытаньнем, вакол якога ўжо ня першы год вядуцца гарачыя спрэчкі, стала стаўленьне да літоўскіх дзеячоў сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, якія, з аднаго боку, актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за незалежнасьць Літвы, а з другога — ускосна або непасрэдна ўдзельнічалі ў Галакосьце. Адныя кажуць, што героі вартыя самага высокага ўшанаваньня, а другія — што ўшанаваньня вартыя толькі тыя, хто нічым сваю рэпутацыю не запляміў.
Кувалдай па гісторыі
8 красавіка сёлета, а дзясятай гадзіне раніцы, кучаравы мужчына з кувалдай у руках, падышоў да бібліятэкі Акадэміі навук у Вільні, прыставіў да сьцяны драбіны, забраўся па іх ды разьбіў кувалдай памятную шыльду на сьцяне будынка. Усё гэта ўжывую трансьлявалася ў «Фэйсбуку», а сам мужчына, які сам затэлефанаваў у паліцыю і якога ў хуткім часе затрымалі, тады якраз кандыдаваў у Эўрапарлямэнт і шукаў сабе рэклямы.
Шыльда была прысьвечаная Ёнасу Нарэйку, кадраваму афіцэру незалежнай Літвы, які пасьля вайны стварыў антыкамуністычную арганізацыю, Літоўскую Нацыянальную Раду, якая дзейнічала некалькі месяцаў. Ён быў прызначаны вярхоўным кіраўніком падпольных узброеных сілаў і абраў сабе псэўданім «Генэрал Бура». У 1946 годзе ён быў арыштаваны ды пакараны савецкімі спэцслужбамі.
Аднак ня ўсё ў біяграфіі Нарэйкі было адназначна. У 1930-х гадах ён выступаў з антысэміцкімі публікацыямі і артыкуламі з усхваленьнем Гітлера і Мусаліні. У 1941 годзе Часовы ўрад Літвы, утвораны адразу пасьля нападу Нямеччыны на СССР, прызначыў яго на пасаду старшыні Шавельскай акругі, дзе ён сярод іншага падпісваў дакумэнты, зьвязаныя з функцыянаваньнем габрэйскіх гета на тэрыторыі акругі. З гэтай прычыны частка літоўскага грамадзтва і прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў Літвы і сьвету лічаць яго саўдзельнікам у Галакосьце.
Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, у 1990-х гадах, на будынку бібліятэкі, дзе ў паваенныя гады дзейнічала антыкамуністычная арганізацыя Нарэйкі, была ўсталяваная памятная шыльда ў яго гонар. І вось гэты нядаўні акт вандалізму ў дачыненьні да шыльды, які асудзілі абодва бакі канфлікту, зноў падняў у Літве балючую тэму — каго можна, а каго нельга лічыць героем?
Мэр Вільні, Рэмігіюс Шымашус, асуджаючы дзеяньне вандала, спачатку выказаўся супраць вяртаньня шыльды, пасьля пагадзіўся, і шыльду аднавілі. Аднак празь некалькі месяцаў, ужо на загад мэра, улады яе прыбралі. Шымашус тлумачыць сваё рашэньне тым, што ёсьць патрэба пазбавіць горад ад памятных знакаў, якія маюць дачыненьне да ўсіх таталітарных рэжымаў мінулага стагодзьдзя. Гэтак, прыкладам, у 2015 годзе пры падтрымцы Шымашуса зь Зялёнага моста былі прыбраныя чатыры скульптурныя групы сталінскіх часоў.
Чалавек, які ўпершыню ўзьняў над Вільняй літоўскі сьцяг
Амаль адначасова з прыбраньнем шыльды, віленскія ўлады зрабілі яшчэ адзін крок, які падліў алею ў агонь канфлікту. Алея Казіса Шкірпы ў цэнтры Вільні, пад гарою Гедзіміна, рашэньнем мэра Шымашуса была перайменаваная ў алею Трыкалёру. Казіс Шкірпа быў тым, хто 1 студзеня 1919 года забраўся на гару Гедзіміна і ўзьняў на вежы літоўскі нацыянальны сьцяг. Тым ня менш, гісторыя з асобай Казіса Шкірпы нагадвае сытуацыю з Нарэйкам — і ў яго біяграфіі ёсьць цёмныя месцы.
Шкірпа быў дыпляматам Літвы ў апошнія гады міжваеннай незалежнасьці, а ў лістападзе 1940 году стаў адным з заснавальнікаў у Бэрліне Літоўскага фронту актывістаў (LAF) — калябарацыянісцкай арганізацыі вайсковага тыпу. Галоўнымі кірункамі дзейнасьці арганізацыі яе кіраўнік Шкірпа у адмысловым дакумэнце абвясьціў аднаўленьне літоўскай дзяржаўнасьці і пазбаўленьне Літвы ад габрэяў.
У першыя дні вайны арганізацыя падняла паўстаньне (вядомае ў гістарыяграфіі як Чэрвеньскае паўстаньне ў Літве) супраць савецкіх уладаў і супрацоўнічала з нацыстамі пасьля іх прыходу ў Літву.
Рашэньне мэра Шымашуса аб перайменаваньні алеі Шкірпы выклікала вострую рэакцыю сярод прыхільнікаў ушанаваньня памяці гэтага дзеяча. Адбылося некалькі мітынгаў і пікетаў, у тым ліку каля дома самога мэра. А габрэйская супольнасьць Вільні настолькі занепакоілася магчымасьцю антысэміцкіх выступаў, што на некалькі дзён зачыніла віленскую сынагогу і сядзібу супольнасьці.
Літоўцам нагадалі пра іх удзел у Галакосьце
Нядаўнія падзеі — зьняцьце шыльды і перайменаваньне вуліцы — ня толькі выклікалі скандал у літоўскім грамадзтве, але і актывізавалі дыскусію, якую ў 2016 годзе ўзьняла пісьменьніца Рута Ванагайце сваёй кнігай «Нашы». Кніга была прысьвечана маштабам Галакосту ў Літве і ўдзелу ў ім літоўцаў. Тады гэта выклікала ў грамадзтве бурлівыя спрэчкі і прыцягнула ўвагу да тэмы, якая, хоць і не была ў Літве табу, але абмяжоўвалася збольшага акадэмічнымі дасьледаваньнямі.
Праз год пасьля выхаду кнігі Рута Ванагайце апынулася ў цэнтры скандалу, калі выказалася публічна аб яшчэ адным героі паваеннага Рэзыстансу — Адальфаса Раманаўскаса-Ванагаса. На падставе выбарачнага чытаньня пратаколаў допытаў Раманаўскаса з архіваў КГБ, яна цьвердзіла, што ён — не герой, што зламаўся на допытах і здаў сваіх паплечнікаў. Выбухнуў скандал, адным з наступствам якога стала тое, што выдавецтва, у якім выходзілі кнігі Ванагайце, спыніла сваё супрацоўніцтва зь ёй і ўсе кнігі аўтаркі былі выдаленыя з гандлёвых сетак. У сьвеце нават пісалі пра тое, што ўсе гэтыя кнігі былі зьнішчаны, але гэтая інфармацыя ніколі не пацьвердзілася. Пасьля вострай рэакцыі гісторыкаў і грамадзтва, Рута Ванагайце прызнала сваю памылку, але гэты выпадак спрыяў эскаляцыі канфлікту вакол асобаў літоўскай гісторыі ХХ стагодзьдзя.
Што разбураць далей?
Так тэма гістарычнай палітыкі падзяліла літоўскае грамадзтва — умоўна кажучы, на «патрыётаў» і «лібэралаў». «Патрыёты» бачаць у дэгераізацыі герояў нападкі на літоўскасьць, спробу навязаць нацыі адчуваньне віны. Гэты лягер таксама вінаваціць сваіх апанэнтаў у спрыяньні расейскай прапагандзе, якая дагэтуль прытрымліваецца савецкага наратыву ў дачыненьні да нацыянальных рухаў у краінах Балтыі падчас вайны і ў паваенныя гады.
«Лібэралы», у сваю чаргу, арыентуюцца на шырэйшы эўрапейскі кантэкст, у рамкі якога ня ўпісваецца глярыфікацыя дзеячоў, якія непасрэдна ці ўскосна прычыніліся да злачынстваў нацыстаў.
«Патрыёты» закідаюць сваім апанэнтам, што тыя менш крытычна падыходзяць да рэліктаў эпохі савецкага таталітарызму і патрабуюць дэмантаваць помнік пісьменьніку Пятрасу Цьвірку ў цэнтры Вільні, бо Цьвірка быў адным з тых прадстаўнікоў літоўскай інтэлігенцыі, якая спрыяла ўсталяваньню ў Літве савецкай улады і ўсяляк яе ўсхваляла. Яшчэ адзін кандыдат на ліквідацыю памяці — савецкая паэтка Саламея Нярыс, чым імем названая школа ў цэнтры Вільні.
«Лібэралы» зьвяртаюць увагу на тое, што ў Літве працягваюць ушаноўваць людзей зь небеззаганнай біяграфіяй. Так, сёлета ў траўні ў мястэчку Вількія была адкрытая мэмарыяльная шыльда на доме, дзе нарадзіўся ксёндз Зянонас Ігнатавічус, які ў часы нямецкай акупацыі быў капэлянам 12-га літоўскага паліцэйскага батальёну. Гэты батальён пад камандай Антанаса Імпулявічуса дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі і актыўна ўдзельнічаў у акцыях зьнішчэньня габрэяў у беларускіх гарадах і мястэчках.
На сцэну выходзіць прэзыдэнт
Характэрна, што ад пачатку грамадзкіх дыскусіяў на гэтую тэму, найвышэйшыя ўлады краіны трымаліся ўбаку або выказваліся вельмі асьцярожна. Аднак размах, які набыло грамадзкае супрацьстаяньне, ужо змусіў новага прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседу выказаць сваю пазыцыю. У адмысловай заяве прэзыдэнт запрасіў кампэтэнтныя ўстановы і спэцыялістаў распрацаваць палітыку нацыянальнай памяці і прыцягнуць да гэтай працы гісторыкаў, палітолягаў, спэцыялістаў у галіне культурнай спадчыны.
«Пакуль будзе адбывацца выпрацаваньне такіх прынцыпаў, запрашаю прытрымлівацца мараторыю на сьціраньне гістарычнай памяці. Тым часам больш увагі надаваць раскрыцьцю гістарычнага кантэксту — каб людзі маглі скласьці аб’ектыўнае меркаваньне пры ацэнцы розных поглядаў, каб не палітыкі вырашалі — што вартае ўвекавечаньня, а што мусіць быць сьцёрта», — заявіў прэзыдэнт Літвы.
Ян Поклад