Нацыянальны банк з 14 жніўня зьменшыць стаўку рэфінансаваньня на паўпрацэнта — з 10% да 9,5% гадавых. Гэта самы нізкі ўзровень за часы незалежнасьці.
Што гэта зьмяняе?
Стаўка рэфінансаваньня вызначае працэнты, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад яе залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі.
Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.
Чаму стаўку зьменшылі?
Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня тлумачыцца нізкім тэмпам росту цэнаў, спрыяльным прагнозам па інфляцыі, працягам аднаўленчага росту эканомікі і спрыяльнымі тэндэнцыямі на зьнешніх рынках.
Паводле Нацбанку, далейшыя зьмены працэнтных ставак будуць залежаць ад суадносінаў інфляцыі з дэфляцыяй.
Чаму гэта рэкорд?
Стаўка рэфінансаваньня ў 9,5% гадавых — самы нізкі ўзровень за часы незалежнасьці.
Папярэдні гістарычны мінімум стаўкі рэфінансаваньня 10% гадавых дзейнічаў цягам 2006–2008 гадоў і са жніўня 2018 году па жнівень 2019.
Рэкордна высокай стаўка была у 1994 годзе — 480%.